Беларускі Хельсінкскі Камітэт асуджае вынясенне чарговага абвінаваўчага прысуда ў дачыненні да верніка, які адмовіўся служыць у войску ў сувязі з сваімі рэлігійнымі перакананнямі.
1 лютага 2010 г. судом Мінскага раёна вернік габрэйска-месіянскай грамады “Новы запавет” Іван Міхайлаў быў асуджаны да 3 месяцаў арышту за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу па ч. 1 арт. 435 КК Рэспублікі Беларусь. Раней за здзяйсненне аналагічнага злачынства да штрафу ў памеры 3,5 млн. руб. судом Цэнтральнага раена г. Гомеля быў асуджаны вернік “Сведкаў Іеговы” Дзмітрый Смык.
Трэба адзначыць, што права грамадзянаў на адмову ад вайсковай службы гарантавана Канстытуцыяй Рэспублики Беларусь. Паводле арт. 57 Канстытуцыі грамадзяне маюць права на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай. Гэтае права было прызнанае Саветам ААН па правах чалавека, які паказаў, што адмова ад вайсковай службы па меркавннях сумлення трэба разглядаць як законнае здзяйсненне права чалавека на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі.
БХК нагадвае, што па праблеме прыцягнення грамадзянаў да крымінальнай адказнасці за адмову па рэлігійных перакананнях служыць у войску прынятае Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што такія грамадзяне маюць права, у прыватнасці, па рэлігійных перакананнях на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай, якое павіннае быць забяспечанае дзейсным механізмам яго рэалізацыі.
Пры такіх умовах прыцягненне да крымінальнай адказнасці грамадзян, якія выказалі жаданне па сваіх рэлігійных перакананнях праходзіць альтэрнатыўную грамадзянскую службу, з’яўляецца незаконным и неабгрунтаваным. Мы ўпэўненыя, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці грамадзянаў у сувязі з іх рэлігійнымі перакананнямі, якія не дазваляюць ім праходзіць вайсковую службу, з’яўляецца парушэннем іх правоў на свабоду сумлення і выказвання меркаванняў и парушае міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека. Пры такіх умовах вынесеныя прысуды з’яўляюцца неправасуднымі.
У сувязі з гэтым БХК заклікае ўлады спыніць крымінальны пераслед грамадзянаў за адмову служыць у войску па рэлігійных перакананнях и пераглядзець вынесеныя прысуды ў дачыненні да Смыка і Міхайлава.






