Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень»

Дадзенае кіраўніцтва распрацавана працоўнай групай праваабаронцаў з Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны ў складзе: Эміль Адельханаў, Інтыгам Аліеў, Ганна Бараноўская, Людміла Вацкова, Ганна Герасімава, Валянцін Гефтэр, Алег Гулак, Сяргей Давідзіс, Эльдар Зейналаў, Яўген Захараў, Іна Кулей, Аляксандра Матвійчук, Таццяна Равяка, Вольга Саламатава, Валянцін Стэфановіч, Алена Танкачова, Анагіеў Хаджыбейлі, Уладзімір Яворскі.

Яго мэтай з'яўляецца уніфікацыя падыходаў у дзейнасці праваабарончых арганізацый па вызначэнні і выкарыстанні паняцця «палітычны вязень».

Паняцце «палітычны вязень» ўсё часцей сустракаецца ў міжнародных дакументах , СМІ, справаздачах нацыянальных і міжнародных арганізацый. Аднак часта ў гэтае паняцце ўключаецца розны сэнс. Таму на практыцы бывае вельмі складана вызначыць, ці з'яўляецца канкрэтны чалавек палітычным зняволеным. З іншага боку, сітуацыя нявызначанасці гэтага паняцця дазваляе дзяржавам пазбягаць адказнасці ў выпадках палітычна матываванага пераследу, паколькі дае ім магчымасць заяўляць аб беспадстаўнасці такіх абвінавачванняў. Распрацоўка агульных крытэрыяў і іх сумеснае прымяненне павінны дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы.

Пры распрацоўцы дадзенага кіраўніцтва выкарыстоўваўся вопыт Савета Еўропы, міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» і нацыянальных праваабарончых арганізацый розных краін.