РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” звярнулася да генпракурора Рэспублікі Беларусь Рыгора Васілевіча з просьбай абагульніць практыку разляда скаргаў грамадзянаў на незаконныя дзеянні па дактыласкапаванні, звязаныя з выкананнем Распараджэння міністра ўнутраных спраў У.У. Навумава ад 26.08.2008 г. № 103 “Аб арганізацыі ўзаемадзеяння з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь па дактыласкапаванні ваеннаабавязаных грамадзянаў” з дадаткам № 1, і прыняць захады па адмене распараджэння як незаконнага. Праваабаронцы просяць даць прававую ацэнку дзеянням міністра ўнутраных справаў У.У. Навумава і пры наяўнасці дастатковых падставаў узбудзіць супраць яго крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь. Па меркаванні юрыстаў БХК, дзеянні міністра відавочна перавышаюць межы прадстаўленых яму правоў і паўнамоцтваў і цягнуць за сабой шкоду правам і законным інтарэсам грамадзянаў альбо дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. У БХК працягваюць паступаць скаргі грамадзянаў на дзеянні органаў міліцыі і службовых асобаў па прымусовым дактыласкапаванні . Усе заяўнікі падкрэсліваюць недабраахвотны характар працэдуры: іх выклікалі позвамі ў РАУС, ваенныя камісарыяты, і там, запалохваючы і пагражаючы, патрабавалі здаць для даследавання адбіткі пальцаў і далоняў. Пракуроры не рэагавалі належным чынам на скаргі грамадзянаў.