Пра БХК
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”* з'яўляецца самастойным незалежным, некамерцыйным, праваабарончым грамадскім аб'яднаннем, створанным у мэтах ажыццяўлення гуманітарнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якое працуе на аснове самакіравання i аб'ядноўвае на аснове агульнасці інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь. У сваей дзейнасці незалежны ад дзяржаўных і гаспадарчых органаў, палітычных i грамадскіх арганізацый. Узаемаадносіны з імі ладзяцца на аснове партнёрства, дыялога i супрацоўніцтва.
БХК – партнёр Савета Еўропы, актыўны ўдзельнік міжнароднага хельсінкскага руху.
БХК заснаваны 1 лістапада 1995 года (дата рэгістрацыі аб’яднання) як рэакцыя на грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі. Абняслаўленне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга стала своеасаблівым каталізатарам для стварэння праваабарончай арганізацыі.
Заснавальнікамі РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” сталі вядомыя грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы краіны: Васіль Быкаў (першы старшыня Назіральнага Сойма БХК), Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, Юрый Хадыка, Карлас Шэрман і інш.
Першай старшынёй аб’яднання была Таццяна Процька. Сёння старшынём з'яўляецца Алег Гулак.
Сёння прадстаўнікі БХК працуюць у 12 гарадах рэспублікі. Даведацца больша пра нашу каманду вы можаце тут.
БХК выяўляе выпадкі парушэння правоў чалавека, аказвае прававую дапамогу канкрэтным людзям (штогод у БХК прыходзіць да 2000 скаргаў), рэгулярна праводзіць праваабарончыя семінары і трэнінгі па навучанні моладзевых актывістаў і юрыстаў, займаецца выданнем спецыяльнай літаратуры, арганізоўвае разнастайныя мерапрыемствы з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў парушэння правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.
БХК праводзіць аналіз заканадаўства і выступае з прапановамі па яго ўдасканаленні: падрыхтаваныя прапановы, якія датычацца Крымінальнага кодэкса, працоўнага заканадаўства, законаў аб сродках масавай інфармацыі, выбарах, а таксама Кантытуцыі краіны.
Сябры БХК удзельнічалі ў працы місій Міжнароднай Хельсінкскай Федэрацыі і, у прыватнасці, даследавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Прыднястроўі (Малдова), на Паўночным Каўказе (Расійская Федэрацыя), у Таджыкістане, Узбекістане і Укране.
Прадстаўнікі БХК удзельнічалі ў мностве “шараговых” і “гучных” справаў, абаранялі Паўла Шарамета, Валерыя Шчукіна, Ірыну Макавецкую і іншых журналістаў; "Народную волю" і "Белорусскую деловую газету"; Юрыя Бандажэўскага. Андрэя Клімава і іншых вязняў сумлення; сваякоў зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатолія Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага; вернікаў розных канфесій; кандыдатаў у дэпутаты і прэзідэнты; удзельнікаў мірных маніфестацый; прадпрымальнікаў і сацыяльна неабароненых грамадзянаў; бежанцаў; зняволеных, з якімі жорстка абыходзіліся ў турмах, і сотні іншых людзей.
У 1998 г. БХК узнагароджаны прэміяй Еўрапейскага Саюза і ЗША за ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці.
БХК павінен заплаціць у бюджэт звыш Br 205 млн. падаткаў і штрафных санкцый па выкарыстаных у 2002-2003 гг. грантах Еўракамісіі, якія паводле міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь прадстаўляліся ў беспадатковым рэжыме. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Еўракамісіі фінансаваліся больш за 30 грамадскіх аб'яднанняў, аднак падатковыя плацяжы былі налічаныя толькі ў дачыненні да 2 арганізацый.
Лічачы рашэнне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах незаконным, БХК абскардзіў яго ў судовым парадку. Нацыянальныя суды ўсіх інстанцый пастанавілі, што праваабаронцы нічога не павінны пакрываць ў бюджэт.
Аднак напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., маніторынг якіх ажыццяўляў БХК, рашэнні гаспадарчых судоў былі перагледжаныя Прэзідыумам Вышэйшага Гаспадарчага Суда. Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах апісала і канфіскавала маёмасць БХК на суму Br 255.000 руб. Рахункі арганізацыі арыштавалі.
Разам з тым, у 2006 г. Дэпартамент фінансавых расследванняў Камітэта дзяржкантролю спыніў ў сувязі з адсутнасцю падзеі злачынства крымінальную справу, узбуджаную за адхіленне ад выплаты падаткаў у дачыненні да службовых асоб БХК.
P.S. Больш інфармацыі пра "падатковае пытанне" тут.
Нашы кантакты:
220036 г. Мінск, вул. К.Лібкнехта, 68, офіс 1201;
тэл. +37517 222 48 01, факс +37517 222 48 00;
e-mail: office @ belhelcom.org
___________________________________________________________
* У гэтым і іншых тэкстах таксама БХК і Беларускі Хельсінкскі Камітэт








