Сумесная заява праваабарончых арганізацый па пытанні блакавання доступу да belaruspartisan.org і charter97.org

6.02.2018

За апошнія два месяцы ў Беларусі аднавілася практыка адвольнага абмежавання доступу да незалежных інтэрнэт-мэдыяў. Былі заблакаваны вядомыя ў краіне інфармацыйныя рэсурсы «Беларускі партызан» (belaruspartisan.org) і «Хартыя 97» (charter97.org), якія рэгулярна публікуюць матэрыялы на грамадска-палітычную тэматыку. Сродкі масавай інфармацыі, як традыцыйныя, так і заснаваныя на інтэрнэт-тэхналогіях, з'яўляюцца краевугольным каменем дэмакратычнага грамадства, любыя абмежаванні ў гэтай сферы павінны адпавядаць палажэнням Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь.

14 снежня 2017 года па рашэнні Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь абмежаваны доступ да сайта belaruspartisan.org на тэрыторыі Беларусі. Міністэрства паведаміла, што рашэнне прынята на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 511 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі». На запыт ўладальніка сайта пра прычыны блакіроўкі Міністэрства інфармацыі ўказала толькі тое, што на сайце «былі размешчаны інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, якія ўтрымліваюць інфармацыю, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

24 студзеня 2018 года аналагічным чынам быў закрыты доступ да сайта charter97.org. У якасці прычыны таксама называлася публікацыя на сайце матэрыялаў, якія ўтрымліваюць "інфармацыю, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Парушэннем было прызнана тое, што на сайце «размяшчаліся артыкулы з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазвол на правядзенне якога на момант размяшчэння публікацыі атрыманы не быў». Таксама адной з падстаў для абмежавання доступу да сайта названы распаўсюд «інфармацыйнай прадукцыі рэсурсу, які рашэннем суда прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Ні ў адным з выпадкаў Міністэрства інфармацыі не паведаміла, якая менавіта інфармацыя паслужыла падставай для блакавання, у якім з раздзелаў сайта яна размешчана і што неабходна зрабіць уладальніку сайта для таго, каб блакіроўка была адменена.

Артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоду выказвання меркаванняў і забараняе цэнзуру. Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абараняе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, любымі спосабамі. Дапускаюцца толькі суразмерныя абмежаванні, якія ўстаноўлены законам і з'яўляюцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб альбо для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва.

Дзеючае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і склаўшаяся практыка, якую ілюструюць апісаныя вышэй выпадкі, істотна абмяжоўваюць свабоду інфармацыі ў Беларусі. Рашэнні аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў не адпавядаюць крытэрам неабходнасці і суразмернасці, прымаюцца ў адміністрацыйным парадку па непразрыстай працэдуры, а судовае абскарджанне блакаванняў на практыцы абцяжарана або немагчыма. Пры гэтым пералік падстаў для абмежавання доступу настолькі шырокі, што дапускае абсалютна адвольнае іх тлумачэнне.

Мы лічым недапушчальным абмежаванне доступу да сайтаў «Беларускі партызан» (belaruspartisan.org) і «Хартыя 97» (charter97.org) і заклікаем адмяніць адпаведныя рашэнні Міністэрства інфармацыі і аднавіць свабодны доступ да гэтых сайтаў. Мы таксама заклікаем перагледзець існуючае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і спыніць практыку палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце.

Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х’юман Канстанта"

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Прававая ініцыятыва"

Асветніцкая праваабарончая ўстанова "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва FORB"

Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”