Патрабуем ад уладаў Беларусі забяспечыць рэалізацыю свабоду мірных сходаў

Апублікавана editor на суб, 05/04/2019 - 00:00

Супольная заява праваабарончых арганізацый

25 красавіка 2019 г. стала вядома, што арганізатары традыцыйнага шэсця “Чарнобыльскі шлях” былі вымушаныя адклікаць раней пададзеную імі ў Мінгарвыканкам заяўку аб дазволе правядзення шэсця і мітынгу і адмовіцца ад яго правядзення па прычыне немагчымасці аплаты арганізатарамі выдаткаў па правядзенню дадзенага мерапрыемства. Згодна з агучанай імі інфармацыі, выдаткі склалі 5737 беларускіх рублёў, альбо больш за 2000 даляраў ЗША.

Па гэтай жа прычыне адмовіліся ад правядзення першамайскага сходу і прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў. За адмову аплаціць выдаткі па правядзенню Дня волі 24 сакавіка 2019 у г. Мінску ягоных арганізатараў, прадстаўнікоў шэрагу апазіцыйных партый і арганізацый – Юрася Губарэвіча, Мікалая Казлова, Ігара Барысава і Вольгу Кавалькову –прыцягнулі да адмінстратыўнай адказнасці па ч. 2 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Правабарончая супольнасць не раз звяртала ўвагу на тое, што патрабаванні аб аплаце правядзення мірных сходаў, звязаных з рэалізацыяй грамадзянамі краіны свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, з’яўляюцца недапушчальнай практыкай, сур’ёзна абмяжоўваюць магчымасці рэалізацыі гэтых свабодаў на практыцы. Аднак прапановы праваабронцаў аб зменах Закона “Аб масавых мерапрыемствах” так і не былі прынятыя да ўвагі.

Адпаведныя рэкамендацыі аб прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека неаднаразова былі адрасаваныя Беларусі  міжнароднымі арганізацымі, у тым ліку і Камітэтам па правах чалавека ААН па выніках працэдуры справаздачы Рэспублікі аб выкананні палажэнняў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 8 і 9 кастрычніка 2018 г. Сярод іншага Камітэт па правах чалавека выказваў занепакоенасць палажэннем аб забеспячэнні медыцынскіх паслугаў і прыборкі тэрыторыі ў месцах правядзення сходаў, што ўскладаюцца на іх арганізатараў, а таксама стварэннем перашкодаў для свабоднага правядзення штогадовых масавых мітынгаў у сувязі з Днём волі ў сакавіку і Дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе ў красавіку.

З прыняццём Палатай прадстаўнікоў зменаў у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, а таксама прыняццём у яго развіццё Пастановы Савета Міністраў № 49 сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі краіны пагоршылася яшчэ больш, паколькі памеры выдаткаў на іх правядзенне, прадугледжаныя заканадаўствам, уяўляюць сабой сур’ёзную перашкоду ў рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.

Трэба адзначыць, што пад дзеянне заканадаўства і адпаведна Пастановы Саўміна № 49 трапляюць і рэлігійныя сходы, што традыцыйна арганізуюцца прадстаўнікамі разнастайных рэлігійных канфесій. Абмежаванні ў правядзенні такіх сходаў прыводзіць і да абмежаванняў рэлігійных свабодаў.

У сувязі са склаўшайся сітуацыяй мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем

ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

  • унесці змены у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, прывёўшы яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека;

ад Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

  • адмяніць Пастанову № 49 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства";

ад уладаў Рэспублікі Беларусь:

  • гарантаваць грамадзянам краіны магчымасць ажыцяўлення імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання;
  • спыніць практыку прыцягнення грамадзянаў да адказнасці за мірную рэалізацыю імі канстытуцыйных свабодаў, мірных сходаў і выказвання меркавання.

Публічная ўстанова “Беларускі дакументацыйны цэнтр”

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

Экспертна-прававое таварыства “Ініцыятыва FORB”

Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend"

РГА “Прававая ініцыятыва”Беларускі ПЭН-цэнтр

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”

Асамблея НДА

Камітэт рэпрэсаваных “Салідарнасць”

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў