Праваабаронцы падрыхтавалі прамежкавую справаздачу аб выкананні Беларуссю рэкамендацый трэцяга цыкла Універсальнага перыядычнага агляду

Апублікавана editor2 на чцв, 11/30/2023 - 17:50

Даклад быў падрыхтаваны кааліцыяй беларускіх праваабарончых арганізацый: Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, Lawtrend, Офісам па правах людзей з інваліднасцю, Прававой ініцыятывай, Human Constanta – сумесна з Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека і экалагічнай арганізацыяй "Экадом" пры агульнай каардынацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта

 

Што такое УПА і навошта ён патрэбны

Раз у 4,5 гады кожная краіна-сябра ААН праходзіць працэдуру Ўніверсальнага перыядычнага агляду – свайго роду «экзамен», дзе дае справаздачу аб захаванні правоў чалавека. Іншыя краіны даюць падсправаздачнай краіне рэкамендацыі - што неабходна палепшыць. 

Потым краіна, якая праходзіць працэдуру агляду, добраахвотна вызначае, якія з атрыманых рэкамендацый прыняць. Мяркуецца, што краіна прымае і выконвае рэкамендацыі добраахвотна, таму што гэта зробіць жыццё людзей лепшым. А паколькі агляд перыядычны (раз на 4,5 гады), ёсць магчымасць убачыць, як краіна рэкамендацыі выканала.

Беларусь прайшла працэдуру УПА у 2010, 2015 і 2020 гадах.

Агляд праводзіцца на аснове трох ключавых дакументаў.

Першы з іх - інфармацыя, падрыхтаваная адпаведнай дзяржавай. У нацыянальны даклад уваходзяць звесткі аб нарматыўных і інстытуцыйных рамках абароны правоў чалавека, звесткі аб выкананні міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, нацыянальнага заканадаўства і добраахвотных абавязальніцтваў, нацыянальныя прыярытэты ды ініцыятывы для пераадолення праблем і паляпшэння становішча з захаваннем правоў чалавека; чаканні дзяржавы з пункту гледжання нарошчвання патэнцыялу і просьбы аб тэхнічнай дапамозе.

Другі - падрыхтаваная Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека падборка інфармацыі, якая змяшчаецца ў дакладах дагаворных органаў, спецыяльных працэдур і іншых адпаведных органаў ААН.

Трэці - рэзюмэ дадатковай «вартай даверу і надзейнай інфармацыі», прадстаўленай іншымі зацікаўленымі бакамі, напрыклад, НДА, нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі, прафсаюзамі, рэлігійнымі групамі. Дадзенае рэзюмэ таксама складае Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека.

Тры справаздачы, на якіх грунтаваўся агляд Беларусі ў 2020 г., можна знайсці
тут

Нагадаем, што тады праваабаронцы падавалі сваю кааліцыйную справаздачу. А таксама прасоўвалі Спіс прыярытэтных рэкамендацый нацыянальнай правабарончай кааліцыі для працэдуры УПА.

 

Беларусь і УПА: 2020 — 2025: 2020 — 2025

У рамках агляду 2020 года Беларусь атрымала 266 рэкамендацый.
Цыкл працягнецца да 2025 года, калі дзяржава прадставіць інфармацыю аб тым, як выканала гэтыя рэкамендацыі.

Рэкамендацыі, атрыманыя Беларуссю, датычаць ратыфікацыі міжнародных дамоваў, прававых і інстытуцыйных рэформ, грамадзянскіх і палітычных правоў, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, правоў жанчын і іншых уразлівых груп.