Супольная заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна

Апублікавана editor2 на сер, 07/12/2023 - 16:46

11 ліпеня 2023 года стала вядома, што палітзняволены беларускі мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі шпіталя. Паведамляецца, што ў выніку нясвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі ў яго развіўся перытаніт, быў септычны стан і паліорганная недастатковасць.

Алесь Пушкін быў асуджаны паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў) і артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці або разладу) і атрымаў вырак – 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. У жніўні 2022 года адміністрацыя папраўчай установы змясціла палітзняволенага мастака на 5 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 года пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на 1,5 года турэмнага рэжыму. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў турму № 1 у Гродне.

Падставай для крымінальнай справы, у прыватнасці, сталі мастацкія працы, размешчаныя на выставе, што праходзіла 19 сакавіка 2021 года ў незалежнай культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця». У партрэтах антысавецкіх партызан пракуратура пабачыла «рэабілітацыю нацызму».

Алесь Пушкін – вядомы беларускі мастак, лаўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча 2019 года за «Турэмны альбом». Ён больш чым 30 гадоў выступаў за абарону беларускай мовы і здзяйсняў акцыі за свабоду выказвання ў Беларусі.

Алесь Пушкін неаднаразова трапляў пад адміністрацыйны арышт за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрымання яго збівалі супрацоўнікі міліцыі.

Упершыню Алеся Пушкіна затрымалі ў 1988 годзе за ўдзел у мітынгу на Дзяды. З таго часу мастак неаднаразова затрымліваўся за свае акцыі і перформансы, у тым ліку за перформанс у падтрымку беларускай мовы.

25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі Тэатральна-мастацкага інстытута. Тады яго асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна.

У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падзяка прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў да будынка прэзідэнцкай рэзідэнцыі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі, партрэт Лукашэнкі, кайданкі і варыянт Канстытуцыі з папраўкамі 1996 года.

10 снежня 2000 года на Міжнародны дзень правоў чалавека Алесь Пушкін разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва «Не дазволена цэнзурай».

У 2012 годзе падчас 10-суткавага арышту ў Смаргоні Алесь Пушкін стварыў шэраг малюнкаў «Мастак за кратамі».