Алгарытм па вызваленні ад крымінальнай адказнасці па арт. 157 Крымінальнага кодэкса (заражэнне вірусам імунадэфіцыту)

У 2018 годзе ў Беларускі Хельсінкскі Камітэт зьвярнуліся прадстаўнікі грамадскай арганізацыі "Яна", якія выказвалі занепакоенасць рэзкім ростам ліку крымінальных спраў, узбуджаных па артыкуле 157 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Заражэнне вірусам імунадэфіцыту чалавека". Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 13 гадоў за свядомае пастаўленне іншай асобы ў небяспеку заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), заражэнне іншай асобы па легкадумнасці ці з ускосным намерам ВІЧ асобай, якая ведала аб наяўнасці гэтай хваробы.

У ліпені 2019 года ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. У артыкул 157 КК, у прыватнасці, былі ўнесены змены, якія прадугледжваюць вызваленне ВІЧ-станоўчага чалавека ад адказнасці, калі ён загадзя папярэдзіў свайго партнёра пра сваё захворванне. У прапанаваным алгарытме мы тлумачым, як і ў якой форме ВІЧ-станоўчы чалавек можа папярэдзіць свайго партнёра аб наяўным захворванні, каб у будучыні пазбегнуць магчымых негатыўных наступстваў.

Паколькі унесеныя ў арт. 157 КК змены паляпшаюць прававое становішча раней асуджаных па дадзеным артыкуле, такі закон мае зваротную сілу. У алгарытме юрысты БХК тлумачаць, хто з ужо асуджаных мае права на перагляд вынесенага прысуду і зняцце судзімасці, і якім чынам гэтага дамагчыся. У алгарытме прыведзены ўзоры заявы ў суд аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці і хадайніцтвы ў суд аб зняцці судзімасці.