Праваабаронцы распачалі кампанію незалежнага назірання за выбарамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў

Факт-ліст па тэме (вельмі важная інфармацыя, каб зразумець сітуацыю вакол выбараў)

Адначасова са стартам кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў праваабаронцы пачалі кампанію па назіранні за гэтымі выбарамі. Пра гэта паведамілі каардынатары незалежнага назірання ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі Камітэт) і Уладзімір Лабковіч (ПЦ “Вясна”) на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 16 лістапада ў Мінску.

Ацэньваючы сітуацыю, якая склалася напярэдадні цяперашняй выбарчай кампаніі, праваабаронцы адзначылі, што яна фактычна застаецца такой, якой была ў мінулым годзе, калі праходзілі парламенцкія выбары. Старшыня БХК Алег Гулак падкрэсліў, што нягледзячы на прапановы ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, шматлікія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс, а таксама працу міжведамаснай групы, спецыяльна створанай Цэнтрвыбаркамам дзеля ўдасканалення выбарчага працэсу, ніводнай змены ў выбарчае заканадаўства ўнесена не было.

“Пра магчымасць зменаў было шмат гаворак апошнія паўтары гады, аднак у выніку ніякіх зменаў не адбылося. Усе тыя хібы ў заканадаўстве, пра якія мы даўна казалі, на жаль, застаюцца актуальнымі і зараз. Аднак, у першую чаргу, нам будзе цікава паглядзець, якім чынам пры старым заканадаўстве будуць выконвацца выбарчыя працэдуры і як гэтае заканадаўства будзе трактавацца на гэты раз”, - адзначыў старшыня БХК.

Праваабаронца ПЦ “Вясна” Уладзімір Лабковіч у чарговы раз нагадаў пра рэкамендацыі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па змене Выбарчага кодэксу, якія тычацца чатырох асноўных працэдур выбарчага працэсу. На думку праваабаронцы, без змены гэтых працэдур немагчыма казаць пра свабодныя і дэмакратычныя выбары ў краіне. Гэта працэс фармавання выбарчых камісій, датэрміновае галасаванне, працэдура падліку галасаў і судовыя спрэчкі адносна выбарчых працэдур. І хоць гэтыя рэкамендацыі ізноў былі праігнараваныя Цэнтрвыбаркамам, праваабаронцы не адмовіліся ад удзелу ў кампаніі незалежнага назірання і па выніках сваёй працы збіраюцца даць якасную ацэнку адпаведнасці цяперашняй выбарчай кампаніі міжнародным стандартам.

“Мы будзем адсочваць усе этапы выбарчай кампаніі, ад фармавання выбарчых камісій, рэгістрацыі кандыдатаў і агітацыі да этапу галасавання і падліку галасоў. Па ўсёй Беларусі ад нашай кампаніі будзе працаваць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў. На аснове іх назіранняў будуць складацца справаздачы па кожнаму этапу выбарчай кампаніі. На заключным этапе кампаніі, то бок падчас датэрміновага галасавання і асноўнага дня галасавання, на выбарчых участках будуць прысутнічаць кароткатэрміновыя назіральнікі. Іх праца, у першую чаргу, будзе акцэнтавана на адсочванні працэдуры падліку галасаў. Аднак назіральнікі будуць звяртаць увагу і на іншыя моманты, напрыклад, на выпадкі прымусу да галасавання”.

Уладзімір Лабковіч адзначыў, што вельмі важным складнікам кампаніі будзе міжнародная праца, бо на выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў Беларусь традыцыйна не запрашае міжнародных назіральнікаў. А гэта значыць, што нацыянальныя незалежныя назіральнікі – фактычна адзіныя, хто зможа данесці сваю пазіцыю адносна праведзеных выбараў да міжнародных суб’ектаў, якія, у сваю чаргу, даюць ацэнку таму, як Беларусь выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па правядзенні свабодных і дэмакратычных выбараў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якую з 2008 года праводзяць РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна", з'яўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні краінай.