Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
- 10 кастрычніка 2019 г. ЦВК прыняла Пастанову № 63, што вызначае пералік дакументаў, па якіх выдаецца бюлетэнь для галасавання. Пастанова пашырае кола асобаў, якія могуць атрымаць бюлетэнь не па пашпарце, за кошт работнікаў дзяржаўных арганізацый;
- 7 кастрычніка завяршыўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Паводле дадзеных ЦВК, у сёлетняй выбарчай кампаніі вылучаны 703 прэтэндэнты на дэпутацкі мандат, што больш, чым у мінулую кампанію. Заўважана тэндэнцыя да павелічэння прадстаўніцтва дзейсных парламентарыяў і прадстаўнікоў мясцовай улады. Нягледзячы на агульную большую колькасць вылучаных кандыдатаў, апазіцыйных прадстаўнікоў стала колькасна менш. Колькасць жанчын сярод вылучаных кандыдатамі ўзрасла з 23% у 2016 г. да 25% у 2019 г.;
- назіральнікамі кампаніі зафіксаваны асобныя матэрыялы, якія маюць прыкметы датэрміновай агітацыі ў адносінах да праўладных вылучэнцаў;
- адбыліся пасяджэнні АВК, на якіх разглядаліся пытанні арганізацыі працы камісій па праверцы подпісаў выбаршчыкаў, пададзеных вылучэнцамі ў АВК для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. У большасці выпадкаў назіральнікам было адмоўлена ў назіранні за працэдурай праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах;
- прайшлі судовыя пасяджэнні па разгляду скаргаў суб’ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў ва УВК, на адпаведныя рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Вярхоўны Суд не працягнуў практыку публікавання тэкстаў судовых пастаноў, прынятых па выніках разгляду гэтых скаргаў. Такім чынам, рашэнні раённых судоў па выніках разгляду скаргаў засталіся па-за ўвагай грамадскасці, што не садзейнічае адкрытасці выбарчай кампаніі.