Як атрымаць доступ да крымінальных спраў і матэрыялаў рэпрэсаваных сваякоў

Калі ў савецкія часы нехта ў вашай сям'і быў рэпрэсаваны і вы хочаце даведацца пра лёс родзіча больш, скарыстайцеся нашай памяткай ("repressirovannye - algoritm") і ўзорамі запытаў, размешчанымі ніжэй. Нажаль, у цяперашні час сітуацыя ў краіне змянілася да горшага і мы не можам гарантаваць, што такі алгарытм спрацуе.

 

Як з'явілась гэтая памятка: у 2018 годзе ў Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуліся прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы "Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы ", якая аб'ядноўвае нашчадкаў расстраляных у 1937-38 гадах савецкіх грамадзян. Яны сутыкнуліся з праблемай атрымання з архіваў КДБ копій дакументаў на сваіх рэпрэсаваных продкаў. Хоць ніякіх фармальных абмежаванняў на выдачу такіх матэрыялаў беларускае заканадаўства не ўтрымлівае, копіі дакументаў маглі атрымаць далёка не ўсё. Прынцып выдачы або адмовы ў выдачы матэрыялаў архіўных спраў заставаўся непразрыстым. Некаторых сваякоў супрацоўнікі КДБ знаёмілі з архіўна-крымінальнымі справамі, але гэта азнаямленьне праводзілася вельмі своеасаблівым спосабам: архіўныя справы нашчадкам у рукі не давалі, а зачытвалі на слых, прапускаючы прозвішчы следчых, іншых фігурантаў спраў, часам асобныя дакументы. Зачытванне магло займаць больш за гадзіну. Весці аўдыё і відэазапісы было забаронена. У многіх нашчадкаў гэта выклікала здзіўленне, расчараванне. Ўзнікала адчуванне падману.
 
Юрысты БХК правялі дэталёвы аналіз беларускага заканадаўства аб архіўным справаводстве і распрацавалі памятку аб тым, як і куды трэба звяртацца нашчадкам рэпрэсаваных, каб атрымаць дакументы на сваіх продкаў. Памятка забяспечаная ўзорамі запытаў у розныя архівы.
 

Л.А. - унучка расстралянага (Орша): У студзені 2017 года я звярнулася ў КДБ г. Віцебска. Я хацела атрымаць дадзеныя на пецярых сваіх рэпрэсаваных родных. На сустрэчы з супрацоўнікам архіва справы мне зачытвалі на слых, весці аўдыё і відэа запіс мне забаранілі, дазволілі толькі запісваць прачытанае. З сабой далі толькі копіі анкет арыштаваных. Я прасіла фота з анкеты дзядулі - не аддалі. Вельмі дрэнна, што ў нас гэтыя архівы зачыненыя. Па-сапраўднаму азнаёміцца ​​са справай няма магчымасці. Таму калі я прыехала дадому, не магла разабрацца ў запісах і зразумець, што і да чаго адносіцца.

Хачу падзякаваць БХК за прадстаўленую памятку і ўзоры запытаў у архіў. На мой запыт у КДБ у 2019 годзе я атрымала копіі дакументаў на пецярых сваякоў: анкеты арыштаваных, пратаколы допытаў, абвінаваўчыя заключэнні. З іх я даведалася яшчэ пра дваіх рэпрэсаваных родных. Пры паўторным звароце ў КДБ на аднаго з іх мне выслалі копіі дакументаў, а на бацьку бабулі крымінальнай справы архіў не мае. Вялікі дзякуй Беларускаму Хельсінкскаму Камітэту за памятку.