Працэс акрэдытацыі назіральнікаў кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” і пачатак назірання за датэрміновым галасаваннем

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Інфармацыя па стане на 22.00 4 жніўня 2020 г.

Высновы

  • Па стане на 3 жніўня 2020 г., згодна з дадзенымі ЦВК у краіне было акрэдытавана 48 642 назіральнікі, з іх 47 650 на ўчастках для галасавання;
  • 68% акрэдытаваных назіральнікаў былі вылучаныя ад грамадскіх аб’яднанняў, большасць з якіх (86,4%) прадстаўленыя шасцю буйнейшымі праўладнымі грамадскімі аб’яднаннямі – БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, прафсаюзамі, якія ўваходзяць у ФПБ, і Беларускім фондам міра. 62% акрэдытаваных ва УВК назіральнікаў прадстаўляюць дадзеныя арганізацыі, якія традыцыйна прадстаўляюць большасць у складзе УВК;
  • Па стане на 4 жніўня кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вылучыла 618 назіральнікаў на ўчасткі для галасавання, з якіх 93% было акрэдытавана ва УВК;
  • Абсалютная большасць назіральнікаў (94,5%)  не патрапіла ў квоты назіральнікаў, вызначаных згодна з п.16 Пастановы ЦВК № 15 (са зменамі ўнесенымі пастановай ЦВК № 115  ад 22.07.2020 г. ), паколькі былі акрэдытаваныя пазней, чым першыя тры (пяць) назіральнікаў і не былі дапушчаныя для назірання.
  • Толькі 34 назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”  (5,5 %  ад агульнай колькасці акрэдытаваных) уключаны ў графікі назірання УВК на пэўны час, які не ахоплівае ўвесь перыяд галасавання і падліку галасоў, а толькі 2 - на працягу ўсяго перыяду выбараў і падліку галасоў.
  • Большасць дапушчаных на ўчасткі назіральнікаў прадстаўленыя прадзяржаўнымі грамадскімі аб’яднаннямі і былі зарэгістраваныя адразу пасля ўтварэння УВК 24-25 чэрвеня;
  • Уведзеныя пастановай ЦВК  № 115  квоты назіральнікаў на выбарчых участках зрабілі выбарчы працэс цалкам недаступным для незалежнага назірання і нетранспарэнтным. Гэта з’яўляецца парушэннем аднаго з асноўных прынцыпаў правядзення дэмакратычных выбараў – прынцыпа галоснасці. Відавочна, пастанова, якая абмежавала колькасць назіральнікаў, не была скіраваная на прафілактыку пандэміі, а мела мэтай спыніць незалежнае назіранне: шмат хто з сябраў УВК і праўладных назіральнікаў не выконвае рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".