Праваабаронцы заклікалі Спецдакладчыкаў ААН умяшацца ў сітуацыю з ціскам на адвакатаў у Беларусі

18.12.2020

Тэкст: spring96.org

Праваабаронцы «Вясны» і Беларускага Хельсінкскага Камітэта звярнуліся да Спецыяльных дакладчыкаў ААН па пытаннях аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў і стане ў галіне праў чалавека ў Беларусі.

Праваабаронцы заклікалі да ўмяшальніцтва Спецдакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын і Спецдакладчыка па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Сайяна ў сітуацыю з нагоды ліста Беларускай Рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА).

Праваабаронцы ўпэўненыя, што гэтым лістом БРКА у асобе яе старшыні Віктара Чайчыца замахнуліся на асноватворныя правы асоб, якія займаюцца адвакацкай дзейнасцю. 

"Заклік кіраўніка БРКА адсочваць публікацыі адвакатаў у сацыяльных сетках і СМІ, на наш погляд, з'яўляецца прамым умяшаннем у свабоду выказвання меркавання адвакатаў, замацаваную ў Асноўных прынцыпах, якія тычацца ролі юрыстаў, — гаворыцца ў звароце. — У дадзеным дакуменце ўстаноўлена, што юрысты, як і іншыя грамадзяне, маюць права на свабоду выказвання меркавання, перакананняў і сходаў і ў тым ліку права прымаць удзел у грамадскіх дыскусіях па пытаннях, што тычацца права, адпраўлення правасуддзя і заахвочвання і абароны правоў чалавека. Кантроль за падобнымі дзеяннямі адвакатаў у сетцы Інтэрнэт, у тым ліку ў сацыяльных сетках, на прадмет іх адпаведнасці дзеючаму заканадаўству таксама з'яўляецца парушэннем законнага ажыццяўлення правоў, гарантаваных у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта, права на свабоду выказвання меркавання (артыкул 19)".

Праваабаронцы адзначылі:

"Абсалютна відавочна, што ў перыяд, калі грамадзянам важная прафесійная падтрымка і ацэнка дзеянняў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады, менавіта адсутнасць якіх-небудзь каментароў будзе з'яўляцца паводзінамі, якія прыніжаюць прафесійную годнасць, падрываюць давер да адвакатуры і цалкам не спрыяюць прававому выхаванню грамадзян".

У звязку з гэтым Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Праваабарончы цэнтр "Вясна" просіць Спецдакладчыкаў неадкладна звязацца з уладамі Беларусі і рашучым чынам запатрабаваць ад уладаў спыніць падобны і любы іншы ціск на адвакатаў.

Тэкст звароту.