Беларускі Хельсінкскі Камітэт праінфармаваў Спецыяльнага дакладчыка ААН па праве на недатыкальнасць прыватнага жыцця аб стварэнні Міністэрствам унутраных спраў адзінай базы дадзеных удзельнікаў пратэстаў.
У сваім звароце эксперты БХК звяртаюць увагу на тое, што паводле ініцыятараў стварэння базы — МУС Беларусі — у ёй будуць акумулявацца звесткі пра асобу удзельнікаў пратэстных акцый, адміністратараў і ўдзельнікаў Telegram-каналаў, у тым ліку звесткі пра пол, узрост, месца жыхарства і працы, вучобы, а таксама захапленні.
БХК звярнуў увагу спецдакладчыка на адсутнасць прававой асновы для стварэння падобнай базы дадзеных і яе выкарыстання для мэтаў, якія не адпавядаюць прынцыпам законнасці, неабходнасці і суразмернасці. Улічваючы той факт, што сярод сабраных дадзеных ёсць месцы працы, вучобы і нават захапленні, БХК выказаў асцярогу, што ўрад можа выкарыстоўваць гэтыя дадзеныя для кропкавага запалохвання людзей, каб перашкодзіць ім выказваць сваё меркаванне шляхам мірных пратэстаў.
БХК папрасіў спецыяльнага дакладчыка тэрмінова звязацца з беларускімі ўладамі, запытаць у іх поўную інфармацыю пра крытэры ўключэння ў згаданую базу дадзеных, мэты яе стварэння і тыпы дадзеных для збору, а таксама рэкамендаваць МУС адмовіцца ад рэалізацыі гэтай ініцыятывы.
Паводле свайго мандата Спецыяльны дакладчык па праве на недатыкальнасць прыватнага жыцця ажыццяўляе, апроч іншага, наступныя паўнамоцтвы:
-
збірае адпаведную інфармацыю, у тым ліку пра нацыянальную практыку і вопыт, вывучае тэндэнцыі, змены і праблемы, звязаныя з правам на недатыкальнасць прыватнага жыцця, і выносіць рэкамендацыі па забеспячэнні яго прасоўвання і абароны;
-
збірае і рэагуе на інфармацыю, у тым ліку ад арганізацый грамадзянскай супольнасці;
-
выяўляе магчымыя перашкоды для заахвочвання і абароны права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, робіць адпаведныя прапановы і рэкамендацыі Савету па правах чалавека;
-
паведамляе пра меркаваныя парушэнні права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, дзе б яны ні адбываліся, у адпаведнасці з артыкулам 12 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у тым ліку і пра праблемы, абумоўленыя выкарыстаннем новых тэхналогій, прыцягвае ўвагу Савета па правах чалавека і Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека да сітуацый, якія выклікаюць асабліва сур'ёзную заклапочанасць;
-
прадстаўляе гадавую справаздачу Савету па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі.