Судом Кастрычніцкага раёна г. Гродна 12.02.2021 г. Васіль Пілец быў асуджаны да аднаго года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) за хуліганскія дзеянні ў дачыненні да А. Галахова і В. Бондаравай. Па пратэсту намесніка пракурора г. Гродна Д. Антонавіча калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда змяніла пакаранне па прысудзе на 1 год абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Прысуд уступіў у сілу, а сам Васіль Пілец накіраваны ў ПУАТ.
Мяркуем, што дадзеная крымінальная справа з'яўляецца яркім прыкладам селектыўнага, дыскрымінацыйнага падыходу абвінавачвання і суда да ўзбуджэння і разгляду крымінальных спраў у дачыненні да іншадумцаў.
Па гэтай крымінальнай справе суд устанавіў, што Васіль Пілец ужыў гвалт у дачыненні да пацярпелых, якія зафарбоўвалі нанесеную на асфальт выяву бел-чырвона-белага сцяга: па вызначэнні намесніка пракурора г. Гродна, «выконвалі свой грамадскі абавязак па навядзенні парадку, а менавіта зафарбоўвалі намаляваную на асфальце антыдзяржаўную сімволіку».
Суд адвольна ацаніў прадстаўленыя яму доказы і вынес прысуд насуперак усталяваным у працэсе вывучэння матэрыялаў справы доказам:
У судовым пасяджэнні абвешчаны пратакол агляду відэазапісу камеры назірання, які пацвердзіў абставіны канфлікту, выкладзеныя абвінавачаным, які не прызнаў сваю віну. Суд насуперак гэтаму доказу ўстанавіў, што абвінавачаны непасрэдна пасля захаваных на відэа дзеянняў, якія насілі характар самаабароны, у тым жа месцы здзейсніў яшчэ шэраг супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да пацярпелай Бондаравай, - выключна на падставе паказанняў пацярпелых, якія супярэчаць іншым матэрыялам справы.
Матывы дзеянняў абвінавачанага судом устаноўленыя адвольна, без уліку абставінаў справы, асобасных характарыстык удзельнікаў канфлікту. Не абвергнутая прымальнымі доказамі пазіцыя абвінавачанага, згодна з якой яго паводзіны дыктавалася характарам дзеянняў пацярпелых і не выходзіла за межы стрымлівання. Удары абвінавачаным не наносіліся, іншыя прыёмы, закліканыя прычыніць боль, ўдушэнне, прыніжэнне супернікаў не ўжываліся - гэта ў сукупнасці з адсутнасцю якіх-небудзь слядоў гвалту на пацярпелых абвяргае адвольна ўстаноўлены факт прычынення В. Пільцом збіцця Галахаву і задушвання Бондаравай.
Суд кваліфікаваў дзеянні Васіля Пільца па ч. 1 арт. 339 КК па прыкмеце здзяйснення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца прымяненнем гвалту. Выснова суда аб тым, што гвалт да Галахава і Бондаравай быщ ўжыты з мэтай груба парушыць грамадскі парадак і выказаць відавочную непавагу да грамадства, з'яўляецца памылковым. У адсутнасць хуліганскага матыву, дзеянні Васіля Пільца ў дачыненні да Галахава не з'яўляюцца злачынствам або адміністрацыйным правапарушэннем, а дзеянняў у дачыненні да Бондаравай Васіль Пілец не здзяйсняў.
У такіх умовах мы прыходзім да высновы, што ўжыванне ўнутранага заканадаўства ў справе Васіля Пільца і ацэнка фактаў і доказаў відавочным чынам насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязацельства ў дачыненні да незалежнасці і бесстароннасці.
Змест пратэсту пракурора яшчэ раз пацвердзіў наша меркаванне аб палітычна матываваным характары пераследу Васіля Пільца, а ўзмацненне жорсткасці яму крымінальнага пакарання, якім Васіль Пілец пазбаўляецца волі (пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ адпавядае крытэрам паняцця «пазбаўленне волі»), не абгрунтаванае прымальнымі ў дэмакратычным грамадстве довадамі, істотна адвольна пагаршае яго становішча ў параўнанні з іншымі асуджанымі ў падобнай сітуацыі без палітычнага матыву.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усьвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Васіля Пільца з'яўляецца палітычна матываваным, а ён сам – палітычным зняволеным.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
перагляду прынятых у дачыненні да Васіля Пільца мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд;
вызвалення Васіля Пільца з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд з улікам адсутнасці падстаў для прымянення больш строгай.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
РГА "Прававая ініцыятыва";
"Ініцыятыва FORB";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дакументацыйны цэнтр.