Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 12 новых палітвязняў

4.06.2021

У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту, прад’яўленні абвінавачванняў і вынясенні прысудаў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Дзмітрыю Качурку, Дзмітрыю Грышчанку, Іллі Ягораву, Стасу Мачалаву, Яўгену Маркаўцу, Дзмітрыю Сінкевічу, Аляксандру Дабрыяніку, а таксама па ч. 2 арт.  293 КК ("Масавыя беспарадкі") Ягору Дуднікаву (грамадзянін РФ, дадаткова абвінавчваецца па ч.1 арт. 342 КК), Іллі Бохану, Сяргею Цібцу, Леаніду Германовічу, Уладзіславу Барысаву (дадаткова абвінавачваецца па ч.1 арт. 342 КК), яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асобаў,якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") і па ч. 1 арт. 342 КК ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Дзмітрыя Качурку, Дзмітрыя Грышчанку, Іллю Ягорава, Стаса Мачалава, Яўгена Маркаўца, Дзмітрыя Сінкевіча, Аляксандра Дабрыяніка, Ягора Дуднікава, Іллю Бохана, Сяргея Цібца, Леаніда Германовіча,Уладзіслава Барысава і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

"Ініцыятыва FORB";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларусі ПЭН-цэнтр.