upd РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" пад праверкай Міністэрства юстыцыі

16.07.2021

UPD на 16.07. Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў у Міністэрства юстыцыі частку звестак паводле запыту. Акрамя таго, мы праінфармавалі міністэрства аб тым, што 14 ліпеня наш офіс быў апячатаны ў адсутнасці прадстаўнікоў арганізацыі. Усе запрошаныя міністэрствам дакументы знаходзяцца ў апячатаным офісе, што робіць немагчымым прадстаўленне іх у названы тэрмін — да 16 ліпеня.

Мы таксама адзначаем, што паводле артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 кастрычніка 1994 г. № 3254-XІІ «Аб грамадскіх аб'яднаннях» дзяржава гарантуе абарону правоў і законных інтарэсаў грамадскіх аб'яднанняў і саюзаў. Умяшанне дзяржаўных органаў і службовых асобаў у дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў, саюзаў, а таксама ўмяшанне грамадскіх аб'яднанняў, саюзаў у дзейнасць дзяржаўных органаў і службовых асоб, не дапускаецца за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.
Мы звярнуліся да Міністэрства юстыцыі з просьбай прыняць усе магчымыя меры ў межах яго кампетэнцыі для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў Беларускага Хельсінкскага Камітэта.  Паколькі блакіроўка офіса, дзе знаходзіцца кіруючы орган і юрыдычны адрас, ускладняе працу арганізацыі па абароне правоў людзей.
Разам з тым, Беларускі Хельсінкскі Камітэт працягне абараняць правы чалавека ўсімі сродкамі паводле сваіх магчымасцяў.

***

На 08.07.21. Праваабаронцы атрымалі ад міністэрства запыт на прадастаўленне інфармацыі з нагоды "правядзення кантрольных мерапрыемстваў на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута гэтай арганізацыі".

Міністэрства юстыцыі да 16 ліпеня хоча атрымаць дакументы па трыццаці пазіцыях, якія тычацца перыяду з 1 студзеня 2018 г. па ліпень 2021 г.  Сярод іншага, дадзены пералік уключае перапіску арганізацыі, гадавыя планы дзейнасці, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, дакументы, якія тычацца праведзеных мерапрыемстваў у Беларусі і за яе межамі і ўдзелу ў іх. 

Нагадаем, што валанцёры РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" назіралі за выбарамі, абаранялі адвакатаў з выкарыстаннем міжнародных механізмаў, абаранялі правы беларусаў на пенсіі, імкнуліся да адмены прымусовай працы (дэкрэты "пра дармаедаў" і па "дрэваапрацоўцы", размеркаванне), пастаянна інфармавалі міжнародныя органы пра сітуацыю ў краіне і многае іншае.