Просім пракуратуру адмяніць абмежаванні прыёму перадач у Мінску і Брэсце

20.07.2021

Беларускі Хельсінкскі Камітэт заклікае пракуратуру Мінска і Брэста адмяніць абмежаванні прыёму перадач для людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, а таксама праверыць умовы іх утрымання. 

З інфармацыі ў адкрытым доступе стала вядома, што прыём перадач для людзей, якiя ўтрымлiваюцца ў ЦІП і ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама «з мэтай забеспячэння бяспекі і памяншэння рызык, звязаных з распаўсюджваннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь COVID-19» на сённяшні дзень ажыццяўляецца адзін раз на тыдзень — у чацвер з 10:00 да 17:00.

Паводле шматлікіх сведчанняў людзей, якія былі ў згаданых установах (адміністрацыйна затрыманых, якія адбывалі адміністрацыйны арышт), вядома таксама пра тое, што прынятыя ад сваякоў па чацвяргах перадачы для адміністрацыйна затрыманых і асоб, якiя адбываюць адміністрацыйны арышт, фактычна не трапляюць у камеры. Пасля вызвалення з ЦІП і ІЧУ названым асобам аддаюць перадачы і настойліва прапануюць падпісаць дакумент пра тое, што яны атрымалі іх своечасова.

Таксама вядома, што з 5 ліпеня 2021 г. «у сувязі з ажыццяўленнем эпідэміялагічных мерапрыемстваў па захворванні на каранавірусную інфекцыю» часова не прымаюцца перадачы для затрыманых і тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт у Ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС г. Брэста.

Пазіцыю праваабаронцаў можна сцісла сфармуляваць словамі «выконвайце ўласныя ж законы» і «не забывайце пра свае міжнародныя абавязкі». 

Падрабязней: 

Ні ў адным нарматыўна-прававым акце Беларусі не ўзгадваецца такая падстава для абмежавання або забароны на прыём перадач, як «з мэтай бяспекі і памяншэння рызык, звязаных з распаўсюджваннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь COVID-19». Такім чынам, рашэнне аб абмежаванні або забароне прыёму перадач падлягае адмене як рашэнне, якое не мае законных падстаў.  (Дарэчы, вы можаце азнаёміцца ​​з разборам нарматыўна-прававых актаў у зваротах).

Абмежаванне або забарона прыёму перадач не з'яўляецца мерай, якая адпавядала б заяўленай мэце. У той жа час гэты захад непрапарцыйна пагаршае становішча адміністрацыйна затрыманых і людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт. Абмежаванне і забарону перадач у такім выпадку варта разглядаць як захад, накіраваны выключна на прычыненне адміністрацыйна арыштаванаму або затрыманаму чалавеку маральных і фізічных пакут, што недапушчальна.

Згаданы захад не ўлічвае правы людзей, якія з пэўных прычын адмаўляюцца ад ужывання ў ежу асобных прадуктаў харчавання або іх кампанентаў (напрыклад, малочнага і жывёльнага паходжання), а таксама тых, якія не ўжываюць пэўных прадуктаў па медыцынскіх паказаннях.

Кантроль выканання санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання COVID-19 у ізалятарах ажыццяўляюць спецыялісты дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь». Аднак нам вядома, што Дэпартамент фінансаў і тылу не ўводзіў забарону на прыём перадач з мэтай выканання санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Нагадаем, што ў пачатку лютага БХК уздымаў падобнае пытанне ў дачыненні да ІЧУ ў Жодзіна. Праз некаторы час там аднавілі прыём перадач.