Папярэдняя аналітычная справаздача экспертнай місіі па ацэнцы рэспубліканскага рэферэндуму

1.03.2022

Экспертная місія па ацэнцы рэферэндуму ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".'

Поўны тэкст справаздачы

Высновы

Падрыхтоўка да рэферэндуму прайшла на фоне глыбокага грамадска-палітычнага крызісу, які распачаўся адразу пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, і найцяжкай атмасферы рэпрэсій супраць нелаяльных уладам грамадзян і арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама напружанага міжнароднага становішча, выкліканага сітуацыяй вакол магчымага ўзброенага канфлікту паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай, а таксама расійска-беларускімі вайсковымі вучэннямі.

24 лютага Расійская Федэрацыя ажыццявіла ваенны напад на Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Для вядзення ваенных дзеянняў задзейнічаная транспартная і вайсковая інфраструктура Беларусі.

Уладамі не зроблена ніякіх спробаў ухілення ў прававым рэгуляванні выбарчых працэдур фактараў, якія пацягнулі наступ поствыбарнага крызісу ў жніўні 2020 года.

Тэкст праекта змен у Канстытуцыю, які ўпершыню анансаваўся ўладамі больш за два гады таму, стаў даступны грамадскасці за месяц да прызначэння рэферэндуму; у гэты перыяд уладамі было арганізавана абмеркаванне прадстаўленага праекта галоўным чынам працоўнымі калектывамі, якое, хутчэй, насіла характар агітацыі, а таксама на так званых "дыялогавых пляцоўках", арганізаваных з удзелам дзяржаўных органаў і праўладных арганізацый.

Працэс абмеркавання змен і дадаткаў у праект змен у Канстытуцыю і разгляд накіраваных прапаноў ніяк не ўлічваў крытычных меркаванняў і з'явіўся чарговым прыкладам фармальнай практыкі "ўсенароднага абмеркавання", закліканага падмяніць празрыстае і інклюзіўнае абмеркаванне прапаноў розных груп грамадства.

У выніку прапанаваныя змены ў Канстытуцыю выклікалі справядлівую крытыку экспертнай супольнасці.

Падрыхтоўка і правядзенне рэферэндуму не адпавядалі шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і справядлівых электаральных кампаній і суправаджаліся шматлікімі парушэннямі дадзеных прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства. Гэта было абумоўлена атмасферай страху напярэдадні і падчас правядзення рэферэндуму, выкліканай рэпрэсіямі ўлад супраць грамадзян, арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, няроўным доступам да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі для прыхільнікаў і праціўнікаў змен Канстытуцыі, выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу ў мэтах падтрымкі прадстаўленага на рэферэндум тэксту змен у Канстытуцыю, адвольным пазбаўленнем права прагаласаваць грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю выбарчых працэдур для назіральнікаў.

Бесперапынныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, падрыхтоўка і правядзенне рэферэндуму ў атмасферы татальнага страху, а таксама ўвядзенне ЦВК абмежаванняў па колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання прывяло да адсутнасці незалежнага назірання за ўсімі відамі галасавання (датэрміновым, у дзень выбараў і па месцы знаходжання выбаршчыкаў), а таксама за падлікам галасоў; гэтыя важныя этапы выбарчай кампаніі прайшлі цалкам непразрыста. Прысутнасць праўладных назіральнікаў на ўчастках і ў камісіях не ў стане змяніць дадзеную ацэнку.

Істотныя парушэнні нацыянальнага заканадаўства і асноватворных прынцыпаў правядзення справядлівых і дэмакратычных выбараў пры правядзенні рэферэндуму, у тым ліку пазбаўленне назіральнікаў магчымасці бачыць падлік вынікаў галасавання, не дае падставаў давяраць вынікам выбараў, агучаным ЦВК, і лічыць іх адлюстраваннем рэальнага волевыяўлення грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Камісіі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму

Пры фармаванні камісій па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ўлады ўжывалі дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: ніводзін з 20 прэтэндэнтаў ад апазіцыйных партый у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій і з 42 — у склад участковых выбарчых камісій не ўвайшоў у камісіі. Гэта першы выпадак за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі, калі апазіцыя наогул не прадстаўлена ў выбарчых камісіях.

Большасць сябраў камісій традыцыйна прадстаўлена сябрамі пяці найбуйных праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў: БРСМ, "Белая Русь", Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, "Беларускі фонд міру" і прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. У парушэнне выбарчага заканадаўства склад участковых камісій не апублікаваны.

Адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб'ектамі, якія бяруць удзел у выбарах, як і раней, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і незалежных вылучэнцаў.

Агітацыя

Фактычна агітацыя ў падтрымку вынесенага на рэферэндум праекта змен у Канстытуцыю не абмяжоўвалася тэрмінамі электаральнай кампаніі — яна распачалася задоўга да прызначэння рэферэндуму. Пры гэтым у падтрымку новага праекта змен у Канстытуцыю ўлады накіравалі ўсе рэсурсы дзяржаўных СМІ, праўладных тэлеграм-каналаў, ідэолагаў, праўладных экспертаў і чыноўнікаў.

Падчас падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму ўлады шырока выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс дзеля агітацыі ў падтрымку праекта змен у Канстытуцыю. Пры гэтым не былі забяспечаныя роўныя ўмовы па агітацыі для праціўнікаў і прыхільнікаў вынесенага на рэферэндум праекта змен у Канстытуцыю. Больш за тое, улады пераследвалі праціўнікаў рэферэндуму і праекта змен у Канстытуцыю пры дапамозе традыцыйных у апошнія паўтара года формаў рэпрэсій: затрыманні, адміністрацыйныя арышты, публікацыя відэа прызнанняў затрыманых праціўнікаў рэферэндуму ў праўладных тэлеграм-каналах і г.д.

Заканадаўчыя абмежаванні па правядзенні агітацыйных публічных мерапрыемстваў падчас рэферэндуму, а таксама агульныя праблемы з правядзеннем апазіцыйнымі партыямі і звычайнымі грамадзянамі масавых мерапрыемстваў, зрабіла фактычна немагчымым шырокае выкарыстанне сходаў у мэтах агітацыі падчас рэферэндуму.

Датэрміновае галасаванне

У датэрміновым галасаванні, паводле звестак ЦВК, узялі ўдзел 42,93% выбаршчыкаў — найвялікая за ўвесь час правядзення выбарчых кампаній у Беларусі колькасць. Фактычна датэрміновае галасаванне ператварылася ў норму. Гэта не адпавядае патрабаванням ВК, які зыходзіць з таго, што такое галасаванне прадугледжанае для выбаршчыкаў, якія не маюць магчымасці ў дзень рэферэндуму знаходзіцца па месцы свайго жыхарства.

Падчас датэрміновага галасавання кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" сталі вядомыя шматлікія факты арганізаванага, прымусовага галасавання некаторых катэгорый выбаршчыкаў (навучэнцаў, студэнтаў, працаўнікоў прадпрыемстваў),

Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу, стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый.

Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў

Па-ранейшаму ў адпаведнасці з ВК застаюцца закрытымі для назіральнікаў спісы выбаршчыкаў на ўчастках. Не створаны адзіны рэестр выбаршчыкаў, што стварае ўмовы для маніпуляцый з яўкай.

У заканадаўстве не прапісаны метад падліку бюлетэняў участковымі камісіямі. Для падліку галасоў не ўжываецца выразная працэдура, пры якой адзнака на кожным бюлетэні аб'яўляецца ўголас з дэманстрацыяй бюлетэня ўсім прысутным сябрам УВК і назіральнікам.

У сувязі з тым, што напярэдадні рэферэндуму ўладамі Беларусі былі створаны ўмовы, якія выключаюць магчымасць свабоднага і бяспечнага назірання за выбарамі, назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", а таксама назіральнікі іншых грамадзянскіх ініцыятыў і апазіцыйных палітычных партый, былі выключаны з назірання за падлікам галасоў. Таму можна сцвярджаць, што вызначэнне вынікаў галасавання прайшло цалкам непразрыста. Гэта з'яўляецца парушэннем аднаго з асноватворных прынцыпаў правядзення любога выбарчага працэсу — галоснасці яго правядзення.

Копіі выніковых пратаколаў з вынікамі падліку галасоў не былі вывешаны на значнай колькасці ўчасткаў для галасавання, што разам з адсутнасцю празрыстасці пры падліку галасоў сведчыць пра імкненне ўлад схаваць фальсіфікацыі вынікаў галасавання і рэальныя лічбы падліку галасоў. Гэта дае ўсе падставы сумнявацца ў сапраўднасці вынікаў галасавання, вызначаных участковымі камісіямі.

Абскарджанне парушэнняў выбарчага заканадаўства

Падчас падрыхтоўкі да рэферэндуму зваротаў і скаргаў па фактах парушэнняў ВК на розных этапах кампаніі было няшмат, што можна растлумачыць невысокім узроўнем даверу да выбарчых органаў і судоў. Да таго ж, паводле практыкі, яны не вырашаюць праблемы падчас правядзення выбарчых працэдур і, такім чынам, не з'яўляюцца эфектыўным сродкам абароны парушаных правоў выбаршчыкаў і ўдзельнікаў электаральнага працэсу.

Скаргі ў суды на рашэнні аб утварэнні выбарчых камісій не падаваліся наогул. У выбарчыя камісіі было пададзена 426 зваротаў і скаргаў, у тым ліку 357 — у ЦВК. Звесткі аб змесце скаргаў і выніках іх разгляду не апублікаваны.

Выбарчы кодэкс, як і раней, утрымлівае абмежаваны пералік рашэнняў і дзеянняў, што падлягаюць абскарджанню ў судовым парадку. Не падлягае судоваму абскарджанню, у тым ліку, рашэнне ЦВК аб вызначэнні вынікаў рэферэндуму.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"