Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся да спецыяльных дакладчыкаў па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з інфармацыяй аб шматлікіх фактах пераследу адвакатаў у Беларусі.
Мы, у прыватнасці, праінфармавалі спецыяльныя працэдуры ААН аб затрыманні Аляксандра Данілевіча, які быў затрыманы 20 мая і да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА. Як стала вядома, ён абвінавачваецца па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Паводле гэтага абвінавачання яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Мы паказалі, што ёсць усе падстава меркаваць, што А. Данілевіч пераследуецца за публічнае выказванне свайго меркавання.
Аляксандр Данілевіч, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, вядомы юрыст у галіне спартыўнага права, арбітр ў Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане (Швейцарыя), быў членам дысцыплінарнага камітэта Rugby Europe.
Мы таксама праінфармавалі Спецыяльных дакладчыкаў аб справе Андрэя Мачалава. 31 мая А. Мачалаў быў выключаны з Мінскай абласной калегіі адвакатаў, у пасяджэнні Савета якой ён не прымаў удзелу і аб прынятым рашэнні (аб выключэнні з Калегіі) даведаўся толькі ў судзе. Прычынай выключэння стала яго паведамленне ў СМІ аб тым, што да яго падабароннай, Вольгі Залатар, супрацоўнікамі ГУБАЗіК ўжываліся катаванні з мэтай прымусіць яе да дачы сведчанняў супраць сябе. Пасля самому Мачалаву было выстаўлена абвінавачванне ў выкарыстанні падробленых дакументаў (ч. 1 арт. 380 КК) - ордэра і пасведчання адваката. Па версіі следства, ён не меў права прад'яўляць гэтыя дакументы ў судзе, бо ведаў, што ўжо выключаны з калегіі адвакатаў. 16 чэрвеня А. Мачалаў быў прысуджаны да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
У паведамленні таксама ўтрымліваецца інфармацыя пра пераслед адваката Віталя Брагінца. Ён быў затрыманы 23 мая і на наступны дзень быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі (арт. 24.3 КаАП). Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 содняў. 7 чэрвеня, па сканчэнні 15 содняў, стала вядома, што адвакат не выйшаў на волю і што яму паўторна прызначаны адміністрацыйны арышт тэрмінам на 15 содняў. Да гэтага часу ён знаходзіцца ў зняволенні.
3 чэрвеня была затрыманая адвакат Лазарэнка Анастасія. Ёй інкрымінуецца "сліў персанальных дадзеных супрацоўнікаў міліцыі" па ч. 3 арт. 130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). Па гэтым абвінавачванні ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.
Мы паведамілі таксама аб затрыманні супрацоўнікамі КДБ пяці адвакатаў юрыдычнай кансультацыі Смалявіцкага раёна Менскай вобласці, аб якім стала вядома 14 чэрвеня.
Пералічыўшы гэтыя факты, мы падкрэслілі, што затрыманні, арышты і адміністрацыйны пераслед адвакатаў – гэта працяг палітыкі рэпрэсій і запалохвання адвакатаў, якія абараняюць кліентаў па палітычна матываваных справах. Такія дзеянні ўяўляюць сабой парушэнне асноўных прынцыпаў, якія тычацца ролі юрыстаў, прынятых восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанні злачыннасці і абыходжанні з правапарушальнікамі (Гавана, Куба, 27 жніўня – 7 верасня 1990 года). Згодна з пунктам 16 Асноўных прынцыпаў урады забяспечваюць, каб юрысты маглі выконваць усе свае прафесійныя абавязкі ў абстаноўцы, свабоднай ад пагроз, перашкодаў, запалохвання або неапраўданага ўмяшання; не падвяргаліся судоваму пераследу і судовым, адміністрацыйным, эканамічным ці іншым санкцыям за любыя дзеянні, учыненыя ў адпаведнасці з прызнанымі прафесійнымі абавязкамі, нормамі і этыкай, а таксама пагрозам такога пераследу і санкцый.
У сувязі з гэтым мы запыталi спецыяльных дакладчыкаў звярнуцца да ўрада Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем неадкладна спыніць практыку адвольнага пакарання адвакатаў, а таксама гарантаваць ім свабоднае ажыццяўленне сваіх прафесійных абавязкаў, а таксама прыняць меры па забеспячэнні ў Беларусі незалежнасці адвакатуры і юрыдычнай прафесіі ў цэлым.