
Каротка: у Беларусі высокі рэйтынг у Глабальным індэксе ЦУР, але існуе вялікае "АЛЕ". Сітуацыя з правамі чалавека, асабліва па Мэце 16, працягвае пагаршацца — альтэрнатыўныя даклады грамадзянскай супольнасці фіксуюць гэты разрыў.
Беларускі Хельсінкскі камітэт падрыхтаваў альтэрнатыўны даклад аб выкананні Рэспублікай Беларусь Мэты ўстойлівага развіцця 16 — «Мір, правасуддзе і эфектыўныя інстытуты». Таксама БХК унёс уклад у кааліцыйны даклад па ўсіх Мэтах устойлівага развіцця, падрыхтаваны прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.
Гэтыя дакументы прымеркаваныя да прадстаўлення Беларуссю Добраахвотнага нацыянальнага агляду на Палітычным форуме высокага ўзроўню пры ААН у ліпені 2025 года. Папярэдні агляд краіна прадстаўляла ў 2022 годзе.
Згодна з Sustainable Development Report 2025, Беларусь заняла 32-е месца сярод 167 краін па ўзроўні дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця. Гэта высокі рэйтынг, і ўлады часта выкарыстоўваюць яго ў публічнай рыторыцы (напрыклад, можна азнаёміцца з выступленнем намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Хаменкі С.М. «Беларусь на шляху да дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця»).
Аднак важна разумець, за кошт якіх паказчыкаў дасягаецца такі рэйтынг, і глядзець не толькі на «агульнае арыфметычнае», але і на праблемныя напрамкі. Напрыклад, сітуацыя па Мэце 16 «Мір, правасуддзе і эфектыўныя інстытуты» ў цэлым пагаршаецца. Па Мэце 8 «Годная праца і эканамічны рост» назіраецца стагнацыя, а па асобных кампанентах (эфектыўнае гарантаванне асноўных працоўных правоў, смяротныя няшчасныя выпадкі на вытворчасці) — адмоўная дынаміка.
Інакш складваецца ўражанне, што ацэнкі розных механізмаў ААН (напрыклад, ЦУР і даклад УВКПЧ) не проста не скаардынаваныя, а існуюць у розных рэальнасцях.
Альтэрнатыўныя даклады, распрацаваныя грамадзянскай супольнасцю, прызваныя падкрэсліць неабходнасць сталага ўзаемасувязі паміж ЦУР і абавязацельствамі дзяржавы ў галіне правоў чалавека. Яны дазваляюць прадставіць незалежную ацэнку прагрэсу, выявіць праблемы і вярнуць рэалізацыі Парадку дня-2030 яе першапачатковы — арыентаваны на чалавека — сэнс.