У пачатку снежня мінулага года прэзідэнтам выдадзены Дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці», які, на думку праваабаронцаў, устанаўлівае парадак па выкарыстанні прымусовай працы.
Нагадаем, цяпер звальненне ў перыяд рэалізацыі інвестпраектаў па ініцыятыве работніка прадпрыемства дрэваапрацоўкі магчымае толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджана старшыні аблвыканкама ці Мінгарвыканкама. Акрамя заработнай платы, работнікам даецца штомесячная выплата, якая не ўключаецца ў склад заработнай платы. Гэтыя новаўвядзенні ўжо выклікалі рэзкую крытыку.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў прававой аналіз Дэкрэта і накіраваў яго ў Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Савет Міністраў, абедзве палаты Парламента і прэзідэнту краіны з просьбай накіраваць Дэкрэт ў Канстытуцыйны Суд. Толькі гэтыя суб'екты могуць ініцыяваць у Канстытуцыйным Судзе праверку Дэкрэта на адпаведнасць Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Беларуссю.
Прывядзём некалькі важных момантаў з заключэння БХК па Дэкрэце № 9.
«Уважлівае вывучэнне нормаў Дэкрэта паказала, што яны супярэчаць Канстытуцыі, законам, прынятым на яе аснове, міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь, а само яго прыняцце ажыццяўлялася з перавышэннем паўнамоцтваў Прэзідэнта».
«... У сілу ч. 2 ст.101 Канстытуцыі, Прэзідэнт не мае права выдаваць дэкрэты, накіраваныя на абмежаванне правоў і свабод грамадзян».
«... Найменне Дэкрэта, змест яго прэамбулы сведчаць аб тым, што яго нормы выкарыстоўваюцца ў якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця, а таксама як сродак падтрымання працоўнай дысцыпліны ў дрэваапрацоўчай прамысловасці. А гэта прама забаронена Канвенцыяй МАП (Міжнароднай арганізацыі працы – заўв. рэд.) № 105».
«...Штомесячныя выплаты, не ўключаныя ў склад зарплаты, падлягаюць безумоўнаму вяртанню, якое не абмяжоўваецца ніякімі часовымі перыядамі і па сумах. Да прыкладу, работнік добрасумленна адпрацаваў на прадпрыемстве дрэваапрацоўкі 3 гады, здзейсніў прагул, і наймальнік яго звольніў. Зыходзячы з патрабаванняў Дэкрэта № 9, працаўнік абавязаны вярнуць ўсю суму штомесячных выплат за 3-гадовы перыяд, якая можа скласці ў эквіваленце каля 7000 даляраў ЗША».
Цалкам заключэнне БХК па Дэкрэта № 9 на рускай мове можна прачытаць тут.