Праваабаронцы накіравалі ў ЦВК прапановы па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ

5.03.2016
Праваабаронцы накіравалі ў ЦВК прапановы па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ

Пры гэтым эксперты падкрэсліваюць, што ў сваёй працы яны засяродзіліся на тых рэкамендацыях Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, якія не патрабуюць унясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс і іншыя заканадаўчыя акты, гэта значыць, могуць быць рэалізаваныя да пачатку кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання шляхам урэгулявання пастановамі Цэнтрвыбаркаму.

«Адначасова хочам адзначыць, што для поўнай імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ неабходна пачаць комплексную працу па распрацоўцы праекта закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства аб выбарах з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў, грамадскасці, некамерцыйных арганізацый і палітычных партый», - гаворыцца ў суправаджальным лісце, якое ў Цэнтрвыбаркам ад імя кампаніі накіраваў РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт".

Прадстаўляючы свае прапановы - 30 пунктаў з падрабязным абгрунтаваннем, «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выказалі гатоўнасць да абмеркавання іх з адмыслова створанай міжведамаснай экспертнай рабочай групай, якая дзейнічае пры ЦВК з сярэдзіны лютага.