Экспертнае заключэнне пра адпаведнасць арт. 193-1 КК Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь
Дадзеная незалежная грамадская юрыдычная экспертыза была праведзеная па рашэнні Рады РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (далей БХК) ад 5 траўня 2007 года на падставе абзаца 2 п.2.4. Статута БХК (у рэд. ад 8.05.2007 года).
Прадметам даследавання з’яўляецца адпаведнасць арт. 193-1 КК Беларусі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека.
1. Законам Рэспублікі Беларусь ад 15.12.2005г. № 71-3 «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення адказнасці за дзеянні, накіраваныя супраць чалавека і грамадскай бяспекі» ў главе 23 КК зменена рэдакцыя артыкула 193 КК і ўведзены новы артыкул 193-1, у якім устаноўлена адказнасць за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці.
Арт.193 КК дапоўнена часткай 2 наступнага зместу:
«Тыя ж дзеянні, звязаныя з арганізацыяй альбо кіраўніцтвам палітычнай партыяй, іншым грамадскім аб’яднаннем, рэлігійнай арганізацыяй, указанымі ў частцы першай гэтага артыкула, і якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, - караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў».
У частцы 1 артыкула 193 КК за аснову прынятае вызначэнне злачынства, якое было дадзена ў старой рэдакцыі арт.193 КК, але з улікам тэрміналагічных удакладненняў, звязаных з абнаўленнем заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях і палітычных партыях. З грамадскага аб’яднання выдзелілі палітычную партыю, а замест тэрміну «рэлігійнае аб’яднанне» прыняты тэрмін «рэлігійная арганізацыя».
Артыкул 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 05.10.1994 г. № 3266-XII «Аб палітычных партыях» (у рэд. ад 26.06.03г.) устанаўлівае, што «палітычнай партыяй з’яўляецца незалежнае, утворанае на аснове індывідуальнага добраахвотнага сяброўства аб’яднанне грамадзянаў, якое дзейнічае ў рамках Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічае выяўленню і выразу палітычнай волі грамадзянаў і ўдзельнічае ў выбарах».
Артыкул 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 04.10.1994г. № 3254-XII «Аб грамадскіх аб’яднаннях» (у рэд. Ад 12.07.2007г.) вызначае грамадскае аб’яднанне як «добраахвотнае аб’яднанне грамадзянаў ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, якія аб’ядналiся на аснове агульнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў». Пры гэтым варта памятаць, што дзеянне Закона аб грамадскіх аб’яднаннях не распаўсюджваецца на палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, рэлігійныя арганізацыі (іх саюзы, асацыяцыі), іншыя грамадскія фарміраванні і грамадзянскія ініцыятывы, парадак стварэння і дзейнасць якіх вызначаецца адпаведнымі заканадаўчымі актамі.
Такім чынам, хоць палітычная партыя з’яўляецца разнавіднасцю грамадскага аб’яднання, але сыходзячы з канстытуцыйных прадпісанняў і спецыфікі статутных задачаў яно набывае асаблівы статус (паколькі гэта звязаная з палітычным волевыяўленнем грамадзянаў). Гэта ж адносіцца і да рэлігійных арганізацыяў таксама з-за спецыфікі іх дзеянняў.
Артыкул 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.12.1992г. № 2054-XII «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (у рэд. Ад 29.11.1999г.) вызначае, што рэлігійнымі арганізацыямі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца рэлігійныя абшчыны, манастыры, рэлігійныя брацтвы, місіянерскія таварыствы, місіі, духоўныя навучальныя ўстановы, а таксама рэлігійныя аб’яднанні з іх упраўленнямі і цэнтрамі. Рэлігійныя арганізацыі дзейнічаюць на падставе статута (палажэння) і маюць статус юрыдычнай асобы.
Такім чынам, пад дзеянне названых Законаў падпадаюць толькі грамадскія аб’яднанні рознай накіраванасці, дзейнасць якіх прадугледжвае, як правіла, фіксаванае індывідуальнае сяброўства, наяўнасць статута (палажэння) і статус юрыдычнай асобы.
2. У новай рэдакцыі частцы першай артыкула 193 КК пашыраная сфера, якая характарызуе супрацьпраўную дзейнасць палітычнай партыі, іншага аб’яднання або рэлігійнай арганізацыі за кошт уключэння ў яе наступнага альтэрнатыўнага варыянту паводзінаў: «або спалучаная з перашкодай выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў».
Для правільнага разумення сэнсу часткі 1 арт. 193 КК маюць значэнне палажэнні часткі 2 гэтага артыкула. У частцы 2 арт. 193 КК прадугледжана павышаная адказнасць за тыя самыя дзеянні, але ў выпадках, калі адпаведная партыя, іншае грамадскае аб’яднанне, або рэлігійная арганізацыя не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі.
Такім чынам, частка 1 арт. 193 КК распаўсюджвае сваё дзеянне на выпадкі, калі адпаведнае аб’яднанне было створанае, зарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку, але насуперак абвешчаных Статутам мэтаў або задачаў займаецца зусім іншай дзейнасцю. Пры гэтым, для ўстанаўлення суб’ектыўнага боку неабходна даказаць, што аб’яднанне (арганізацыя) рэгістравалася для прыкрыцця гвалтоўных або іншых супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да грамадзянаў.
Суб’ект гэтага злачынства спецыяльны:
- паводле часткі першай арт. 193 КК - заснавальнік або кіраўнік адпаведнага аб’яднання (арганізацыі);
- паводле часткі другой арт. 193 КК - фактычны арганізатар або кіраўнік незарэгістраванага грамадскага аб’яднання або рэлігійнай арганізацыі.
Змянілася і санкцыя. У рамках часткі 1 арт. 193 КК па-ранейшаму гэта злачынства аднесена да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Але санкцыя стала больш жорсткай: было выключанае пакаранне ў выглядзе штрафу і пазбаўлення права займаць пэўныя пасады, ўведзенае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.
У рамках часткі 2 арт. 193 злачынства аднесенае да катэгорыі менш цяжкіх.
3. Па арт. 193-1 КК у крымінальным парадку пераследуюцца грамадзяне за арганізацыю дзейнасці, альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у дачыненні якіх маецца ўступіўшае ў законную сілу рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб іх ліквідацыі ці прыпыненні іх дзейнасці, альбо якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі. Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф ці арышт да 6 месяцаў або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.
Склад паводле канструкцыі фармальны. Непасрэдным аб’ектам злачынства з’яўляюцца грамадскія адносіны, якія забяспечваюць існуючы парадак рэгістрацыі і дзейнасці палітычных партыяў, іншых грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных арганізацыяў або фондаў. (Уяўляецца, што па сваім аб’екце дадзенае злачынства больш імкнецца да групы злачынстваў супраць парадку кіравання.)
Аб’ектыўны бок гэтага злачынства апісаны ў Законе ў двух варыянтах злачынных паводзінаў:
1) арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у дачыненні да якіх маецца рашэнне, якое ўступіла ў законную сілу ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб іх ліквідацыі ці прыпыненні дзейнасці;
2) арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі.
У рамках першага варыянту паводзінаў пад арганізацыяй дзейнасці адпаведнага аб’яднання, арганізацыі ці фонду разумеюцца арганізацыйныя дзеянні, накіраваныя на працяг функцыянавання адпаведнага аб’яднання, якое абумоўлена, у першую чаргу, статутнымі задачамі і мэтамі дадзенага аб’яднання. Паняццю “ўдзел у дзейнасці” даецца легальнае тлумачэнне.
У адпаведнасці з часткай 1 заўвагаў да арт. 193-1 КК пад удзелам у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду варта разумець дзеянні, накіраваныя на дасягненне мэтаў названых аб’яднанняў, арганізацыяў або фонду, у тым ліку, вызначаных у іх статутных і іншых дакументах.
Паводле сэнсу закона пры першым варыянце паводзінаў арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці мае месца пасля ўступлення ў сілу рашэння ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб ліквідацыі альбо прыпыненні дзейнасці адпаведнага аб’яднання, арганізацыі ці фонду.
Рашэнне аб ліквідацыі па позве рэгіструючага органа прымае суд (а ў дачыненні да рэспубліканскіх арганізацыяў і палітычных партыяў - Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь). Рашэнне аб прыпыненні дзейнасці, як правіла, таксама прымаецца на падставе судовага рашэння. Разам з тым, напрыклад, Рэспубліканскі орган па справах рэлігіяў мае права, пры наяўнасці адпаведных падставаў прыпыніць дзейнасць рэлігійных аб’яднанняў, манастыроў, манаскіх абшчынаў, рэлiгiйных брацтваў і сястрынстваў, рэлігійных місіяў, духоўных навучальных установаў. Рашэнне рэгіструючага органа аб прыпыненні дзейнасці можа быць абскарджана ў судзе.
Аднак далёка не кожнае рашэнне ўпаўнаважанага органа аб прыпыненні дзейнасці мае дачыненне да арт. 193-1 КК. Так, згодна з часткай 2 заўвагаў да арт. 193-1 КК дзеянне гэтага артыкула не распаўсюджваецца на выпадкі, калі ў дачыненні да адпаведнага аб’яднання маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, якое ўступіла ў законную сілу аб прыпыненні іх дзейнасці, якое накіраванае на ліквідацыю парушэння, якое стала падставай для прыпынення дзейнасці.
Пры другім варыянце паводзінаў злачынным прызнаецца арганізацыя ці ўдзел у дзейнасці адпаведнага аб’яднання, калі яно не прайшло дзяржаўнай рэгістрацыі. Згодна з правіламі, выкладзеным у частцы 2 заўвагі да арт. 193-1 КК, дадзены артыкул не распаўсюджвае сваё дзеянне на арганізацыю дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці адпаведнага аб’яднання, звязаных з іх дзяржаўнай рэгістрацыяй ва ўстаноўленым парадку.
Злачынства лічыцца канчатковым з моманту здзяйснення адпаведнага дзеяння.
З суб’ектыўнага боку злачынства характарызуецца прамым намерам. Суб’ектам з’яўляюцца арганізатары (кіраўнікі) або актыўныя ўдзельнікі.
У частцы 3 дадаткаў да арт. 193-1 КК утрымліваецца спецыяльная норма аб дзейсным раскаянні. Асоба можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасці пры наяўнасці наступных умоваў:
1) асоба добраахвотна спыніла дзеянні, якія прадугледжаныя арт. 193-1 КК;
2) ёсць заява асобы пра гэты дзяржаўны орган;
3) у дзеяннях гэтай асобы не змяшчаецца складу іншага злачынства.
Частка 3 заўвагаў да арт. 193-1 КК не распаўсюджваецца на асобаў, якія здзейснілі аналагічныя дзеянні на працягу двух гадоў пасля добраахвотнага спынення дзеянняў, прадугледжаных дадзеным артыкулам.
Такі сэнс уведзеных абмежаванняў права на свабоду аб’яднанняў, якія пераследуюцца зараз у крымінальным парадку па артыкуле 193-1 КК.
4. Яшчэ да гэтага Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыняло пастанову № 49 ад 13.09.2005 г. “Пра некаторыя пытанні стварэння грамадскіх аб’яднанняў і іх саюзаў (асацыяцыяў)”. Гэтым актам устаноўлена, што “пры вядзенні мерапрыемстваў палітычнага характару і магчымага стварэння блокаў палітычных партыяў і прафесійных саюзаў, а таксама стварэнне якіх-небудзь “рухаў”, “ініцыятываў”, “кааліцыяў”, якія аб’ядноўваюць грамадзянаў або юрыдычных асобаў, неабходна кіравацца дзейным заканадаўствам і сапраўднай пастановай”. Нормы пастановы вызначаюць неабходнасць дзяржаўнай рэгістрацыі, названых у п.1 пастановы “блокаў”, “рухаў”, “ініцыятываў”, “кааліцыяў” са спасылкай на арт. 7 Закона ад 4.07.1994 г. «Аб грамадскіх аб’яднаннях» (са змяненнямі і дапаўненнямі), якія забараняюць дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў.
Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць толькі грамадскія аб’яднанні як асаблівая форма аб’яднання грамадзянаў, якая дае магчымасць набываць правы юрыдычнай асобы. Само паняцце “юрыдычная асоба” дадзена ў арт. 44 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Іншыя формы рэалізацыі грамадзянамі свайго канстытуцыйнага права на свабоду аб’яднанняў (асацыяцыяў), не патрабуюць стварэння асобнага самастойнага суб’екта грамадзянскіх праваадносінаў, фіксацыі сяброўства, рэгулявання працэдураў абрання кіруючых органаў і прыняцця рашэнняў, набыццё адасобленай маёмасці, могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць без стварэння грамадскага аб’яднання і, адпаведна, без спецыяльнай рэгістрацыі. Іх грамадская дзейнасць не рэгулюецца Законам «Аб грамадскіх аб’яднаннях» і адказнасць за свае дзеянні яны могуць несці толькі ў выпадках, устаноўленых дзеючым заканадаўствам. Гэта можа быць цывільная, дысцыплінарная, адміністрацыйная, крымінальная адказнасць.
Напрыклад, грамадзяне, якія маюць некамэрцыйныя мэты могуць дамовіцца і дзейнічаць на падставе дамовы “аб сумеснай дзейнасці”, або ў форме простай сябрыны (арт. 911 ГК). Распаўсюджванне дзеянняў Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях” на такія формы аб’яднанняў грамадзянаў азначала б фактычнае ўвядзенне забароны на дзейнасць грамадскіх фарміраванняў без утварэння юрыдычнай асобы і, адпаведна, без юрыдычнай рэгістрацыі, напрыклад, фан-клубаў, бацькоўскіх камітэтаў у дзіцячых садках і школах, сумесных дзеянняў жыхароў па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля дамоў і на іншыя формы самаарганізацыі грамадзянаў, пра якіх згадвалася вышэй. Патрабаванне дзяржаўнай рэгістрацыі падобных аб’яднанняў грамадзянаў парушае іх права на свабоду аб’яднанняў, супярэчыць дзеючаму заканадаўству і здароваму сэнсу.
Выдаючы пастанову № 49, Міністэрства юстыцыі, на нашу думку, і па форме і па змесце выйшла за межы сваёй кампетэнцыі, вызначанай Палажэннем “Аб Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь” (Паст. СМ РБ № 1605 ад 31.10.2001г.). Аднак Савет Міністраў, куды звярнуўся БХК, ухіліўся ад разгляду звароту і пераслаў яго таго ж Мінюста, дзеянні якога абскарджваліся.
Выданне пастановы № 49 эксперты БХК ацанілі як незаконнае ўвядзенне абмежаванняў у карыстанні правам на свабоду аб’яднанняў (асацыяцыяў), гарантаваным Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе міжнароднымі дамовамі і, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Відавочна, што нарматыўныя прадпісанні пастановы прызначаны перш за ўсё для абгрунтавання адміністрацыйных і крымінальных пераследаў грамадзянаў.
5. Аналіз дыспазіцыі арт. 193, 193-1 КК паказвае, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці магчыма не толькі за дзейнасць, якая прычыняе шкоду нацыянальнай бяспецы, правам і свабодам грамадзянаў, але і за арганізацыю дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці любога незарэгістраванага ва ўстаноўленым парадку грамадскага фарміравання (грамадскай арганізаванай грамадзянскай ініцыятывы) незалежна ад накіраванасці такой дзейнасці і яе наступстваў.
Такім чынам, паводле дзеючай нормы КК любая арганізаваная ініцыятыва грамадзянаў, якія маюць добрыя намеры і дзейнічаюць для грамадскай карысці, але без рэгістрацыі фарміравання, можа мець вынікам крымінальны пераслед і пакаранне толькі за парушэнне парадку кіравання (устаноўленай рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў). Між тым, аб’ектыўная ацэнка такіх паводзінаў відавочна не сумяшчальная з дзеяннямі, якія пераследваюцца ў крымінальным парадку.
Аднак, менавіта такі падыход да прымянення крымінальнай адказнасці ўспрыняты судовай практыкай. Так, судом Цэнтральнага раёна г. Мінска ў лютым 2006 г. да розных тэрмінаў пазбаўлення волі былі прысуджаныя Ц. Дранчук, М. Астрэйка, А. Шалайка, Э. Браніцкая, прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі дзейнасці і ўдзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Партнёрства». Маладыя людзі ставілі сваёй мэтай назіранне за праходзіўшымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Разглядаючы іх справу, суд не пагадзіўся з кваліфікацыяй дзеянняў абвінавачаных па арт. 193 КК, дадзенаму органамі пракуратуры і перакваліфікаваў іх на арт. 193-1 КК. У прысудзе адзначана, што «дзяржаўным абвінавачаннем не прадстаўлена суду доказаў, а ў судовым пасяджэнні не здабыта такіх доказаў, якія сведчылі б пра тое, што вышэйназваная дзейнасць была звязаная з замахам на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзянаў». Г. зн., суд устанавіў, што дзейнасць дадзенага грамадскага фарміравання і яго ўдзельнікаў не была накіраваная на нанясенне шкоды каштоўнасцям, якія абараняе Канстытуцыя.
Пры аналагічных абставінах з абгрунтаваннем дзеяння пав. арт.193-1 КК асуджаны ў ліпені 2006 года тым жа судом адзін з актывістаў «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.
Упраўленнем КДБ Рэспублікі Беларусь па Мінску і Мінскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па арт. 193-1 КК у дачыненні актывістаў таго самага “Маладога Фронту” З. Федарука і А. Корбана. Як адзначаецца ў пастанове пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, маладыя людзі прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці “за наступныя дзеянні: аб’яднанне і выхаванне моладзі на базе беларускай нацыянальнай ідэі, будаўніцтва грамадзянскай супольнасці на аснове дэмакратыі, свабоды рынку і іншыя мэты, а таксама метады дасягнення мэтаў, у тым ліку шляхам правядзення масавых акцыяў, здзяйсненне асветніцкай працы і сацыялагічных даследванняў, выданне газетаў і іншых інфармацыйных матэрыялаў у перыяд з верасня 2006 года да сёняшняга часу”.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што ўстаноўленыя следчым мэты, якія пераследвалі Федарук і Корбан (ва ўсялякім разе, гэта нікім не аспрэчваецца) адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы і не прыносяць шкоды грамадству. Яны цалкам заснаваныя на правах і свабодах, адзначаных у Канстытуцыі і міжнародных абавязках у галіне правоў чалавека. Трэба асабліва адзначыць, што нават у “растрэльным” 1937 годзе у перыяд масавых рэпрэсій органы НКВД, якія раскрывалі розныя “антысавецкія арганізацыі”, прыцягвалі да адказнасці іх сябраў за няхай і прыдуманую следчымі, але варожую савецкай дзяржаве дзейнасць.
Узбуджэнне крымінальнай справы з названай следствам фармулёўкай можа быць справядліва расцэненае, як фактычны адыход беларускай дзяржавы ад дэмакратычнага шляху развіцця, што відавочна супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і яе міжнародным дамовам, у прыватнасці, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная дамова пасля яе ратыфікацыі з’яўляецца часткай нацыянальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (гл. Законы «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» і «Аб міжнароднай дамове Рэспублікі Беларусь») і павінна прымяняцца як закон прамога дзеяння.
Вядома, што арганізатары «Маладога Фронту» не менш трох разоў спрабавалі ва ўстаноўленым законам парадку зарэгістраваць у Мін’юсце сваё грамадскае аб’яднанне. Аднак з прычыны разнастайных бюракратычных прыдзірак ім адмаўлялі, і маладыя людзі працягнулі сваю дзейнасць у незарэгістраваным аб’яднанні.
Як устаноўлена следствам іх дзейнасць не прывяла да парушэнняў канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў. Па выкладзеных абставінах БХК звяртаўся да Генеральнага пракурора П. Міклашэвіча і Старшыні КДБ С. Сухарэнкі з патрабаваннем спыніць крымінальную справу, незаконна ўзбуджанай у дачыненні да Змітра Федарука і Алега Корбана. Між тым, прававой рэакцыі на матываваны зварот БХК не атрымаў.
6. Трэба адзначыць, што на момант уступлення ў сілу арт. 193-1 КК у главе 14 КаАП (адміністратыўныя правапарушэнні, якія пасягаюць на правасуддзе і устаноўлены парадак кіравання) у арт. 167-10, якая дзейнічала ў той момант, прадугледжвалася адміністратыўная адказнасць за дзейнасць палітычных партыяў, прафесійных саюзаў ці іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі), у тым ліку павышаную за паўторнасць падобнага парушэння, на працягу года пасля прымяння мераў адміністратыўнага ўздзеяння – да 100 базавых велічыняў ці арышт да 15 сутак.
У новым КаАП, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2007 года, змешчаны артыкул 9.9, які ўстанаўлівае адміністратыўную адказнасць за стварэнне рэлігійнай арганізацыі ці кіраўніцтва ёй без дзяржаўнай рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку ці за нестатутную дзейнасць рэлігійных арганізацыяў. Часткай 5 гэтага артыкула прадугледжана павышаная адказнасць за дзеянні, якія здзяйсняліся паўторна напрацягу аднаго года пасля налажэння адміністратыўнага спагнання за такія самыя парушэнні – ад 14 да 20 базавых велічыняў.
Блізкімі паводле прававога сэнсу да вышэйназваных адміністрацыйных правапарушэнняў прымыкаюць дзеянні, прадугледжаныя арт.23.39. новага КаАП (самаўпраўства). У якасці супрацьпраўных паводзінаў дадзеная норма устанаўлівае: «самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або меркаванага права, здзейсненае з парушэннем парадку, устаноўленага заканадаўствам Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым, калі арт. 9.9. размешчаны ў главе 9 (адміністрацыйныя правапарушэнні супраць здароўя, гонару і годнасці чалавека, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна), то арт. 23.39. знаходзіцца ў главее 23 (адміністрацыйныя правапарушэнні супраць парадку кіравання). Па аб’екту і суб’екту дзеянні, прадугледжаныя як у арт. 167-10 КаАП (у рэд. Да 1.03.2007 г.) так і арт. 9.9. і 23.39. КаАП (у новай рэдакцыі) супадаюць. Вывучэнне дыспазіцыі ўчынку, які падпадае пад адміністрацыйную адказнасць пав. арт.167-10 КаАП (які дзейнічаў раней), арт. 9.9., 23.39. (дзеючага КаАП) і ўчынку, які падпадае пад крымінальную адказнасць пав. арт. 193-1 КК паказвае, што размова ў іх ідзе практычна аб адных і тых жа самавольных дзеяннях, звязаных з арганізацыяй або ўдзелам грамадзянаў у дзейнасці партыяў, грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку рэлігійных арганізацыяў, ліквідаваных (прыпыненых) паводле суду альбо якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі.
Звяртае на сябе ўвагу тое, што, парушаючы патрабаванні арт.11 КК (паняцце злачынства) у дыспазіцыю (гіпотэзу) арт. 193-1 КК не ўключаныя абставіны, якія ўказваюць на наяўнасць якіх-небудзь шкодных наступстваў альбо іх магчымы надыход. Між тым, арт. 193-1 КК размешчаны ў гл. 23 “Злачынствы супраць канстытуцыйных правоў чалавека і грамадзяніна”, назва і тлумачэнне якой прадугледжвае наяўнасць шкодных наступстваў (магчымасць такіх наступстваў), звязаных з парушэннем канстытуцыйных правоў грамадзянаў.
Такім чынам, пры супастаўленні даследваных нормаў, аказваецца, што забароненыя пад пагрозай пакарання адныя і тыя ж дзеянні пераследуюцца як у крымінальным, так і ў адміністрацыйным парадках. Пры гэтым крытэрыі размежавання дадзеных саставаў па правілах, устаноўленых ч. 4 арт. 11 КК, нікім не вызначаныя.
7. Пры даследаванні спрэчнай нормы мы зыходзім з наступнага.
У арт. 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвешчана: «чалавек, яго правы, свабоды, і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы». А ў ч. 1 арт. 21 Канстытуцыі замацавана, што “забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь з'яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы”.
Канстытуцыя Беларусі замацавала права кожнага на свабоду аб’яднанняў (арт. 36).
Аналіз канстытуцыйных палажэнняў (арт. 5, 16, 34, 23, 44 і інш.) паказвае, што абавязковай умовай прызнання дапушчальнасці абмежаванняў свабоды аб’яднанняў, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй, з’яўляецца іх неабходнасць для забеспячэння абароны нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, правоў і свабодаў іншых асобаў. Пазначаны пералік з’яўляецца вычарпальным і больш шырокаму тлумачэнню не падлягае.
Дадзеныя канстытуцыйныя палажэнні дастаткова адэкватна суадносяцца з правіламі арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама з іншымі дакументамі, вызначае агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права. Пры гэтым неабходна адзначыць, што практыка кампетэнтных міжнародных органаў (Еўрапейскага Суда па правах чалавека, Камітэта па правах чалавека ААН і інш.) арыентаваная на дапушчальнасць толькі мінімальных абмежаванняў, безумоўна, неабходных у дэмакратычным грамадстве.
БХК накіраваў у Канстытуцыйны Суд Беларусі зварот аб праверцы канстытуцыйнасці ўведзенай нормы (арт. 193-1 КК). Аднак Суд адмовіў ва ўзбуджэнні вытворчасці і разглядзе пытання па сутнасці, спаслаўшыся на арт. 116 Канстытуцыі, адносна суб’ектаў, якія маюць права ініцыяваць падобныя справы. Такім чынам, Суд праігнараваў нормы Закону аб Канстытуцыйным Судзе, Рэгламенту аб яго дзейнасці і ўхіліўся ад выканання патрабаванняў арт. 40, 50 Канстытуцыі аб абавязковым разглядзе па сутнасці зваротаў грамадзянаў у абарону іх канстытуцыйных правоў і свабодаў.
У сувязі з выкладзеным прыходжу да высновы, што арт. 193-1 КК не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятым міжнародным абавязкам у галіне правоў чалавека, у прыватнасці, права на свабоду аб’яднанняў (асацыяцый).
У адпаведнасці з арт. 112 Канстытуцыі суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых нарматыўных актаў. Калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.
Для ліквідацыі прававой калізіі па канкрэтнай справе суд абавязаны ва ўстаноўленым парадку выкарыстоўваць дадзенае канстытуцыйнае правіла з тым, каб не падвергнуць невінаватых крымінальнаму пакаранню.