Кожны раз, калі людзі кажуць пра смяротнае пакаранне, яны факусуюцца на злачынцы і яго страшным злачынстве. Але смяротнае пакаранне - гэта не толькі праблема расстрэлаў некалькіх страшных злачынцаў у год, гэта праблема таго, як змяняецца атмасфера ў грамадстве, што адбываецца з добрым грамадзянінам, калі ў яго краіне ёсць смяротнае пакаранне. Беларускі Хельсінкскі Камітэт паслядоўна выступае за спыненне выкарыстання смяротнага пакарання на карысць другога - несмяротнага пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення.
Зло павінна быць пакараным.
Але караючы, мы не павінны станавіцца злачынцамі.
Адказнасць непазбежная, і пакаранне застаецца пакараннем, нават калі яно несмяротнае.
Мы адмаўляемся ад смяротнага пакарання на карысць пажыццёвага зняволення не таму, што абыякавыя да злачынства, а таму, што не павінны караць сябе.
Караць самым страшным, недапушчальным і незваротным злом – забойствам.
Таму што мы людзі.