Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
1 ліпеня адбылося першае пасля прызначэння выбараў Прэзідэнта пасяджэнне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК), на якім былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў, зацверджаны Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта.
У прыватнасці, ЦВК зацвердзіла склад Назіральнага савета па кантролі за дзейнасцю СМІ (Назіральны савет) і палажэнне аб ім. У яго склад увайшлі члены Беларускага саюза журналістаў, большасць з якіх адначасова з'яўляюцца прадстаўнікамі вядучых праўладных СМІ, а таксама прадстаўнік Міністэрства інфармацыі. У Назіральны савет не ўключаны прадстаўнікі незалежных СМІ і РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Упершыню ЦВК разгледзела пытанні аб забеспячэнні магчымасцей для галасавання асоб з парушэннямі зроку. Прынята рашэнне абсталяваць участкі для галасавання павелічальным шклом, інфармацыйнымі матэрыяламі, напісанымі рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля, трафарэтамі, якія дазваляюць невідушчым асобам самастойна вызначыць, за каго ставіць свой подпіс. (Раней па просьбе выбаршчыка з парушэннем зроку член камісіі ставіў значок насупраць прозвішча кандыдата, якому выбаршчык хацеў аддаць голас). Гэта рашэнне ліквідуе дыскрымінацыйныя практыкі ў дачыненні да людзей з парушэннямі зроку і садзейнічае ўсталяванню роўных магчымасцяў для ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
Асобна варта адзначыць, што ЦВК рэкамендавала мясцовым органам улады зрабіць захады па своечасовым інфармаванні грамадзян, удзельнікаў выбарчай кампаніі і назіральнікаў аб ходзе падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта. Сёлета спецыяльныя банэры павінны быць на галоўных старонках сайтаў усіх мясцовых органаў улады. Як адзначыў сакратар ЦВК М. Лазавік, раней раздзелы сайтаў, прысвечаныя выбарам, былі «схаваныя», з-за чаго ўзнікалі цяжкасці ў пошуку адпаведнай інфармацыі. Пра гэта неаднаразова таксама паведамлялі назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Старшыня ЦВК Л. Ярмошына патлумачыла прававыя наступствы пазбаўлення назіральніка акрэдытацыі. Паводле яе слоў, пры парушэнні ім заканадаўства аб выбарах, назіральнік пазбаўляецца акрэдытацыі да заканчэння выбараў і не можа быць паўторна акрэдытаваны ў якасці назіральніка ў гэтай жа выбарчай камісіі.
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічыць, што такая пазіцыя не адпавядае нормам Выбарчага кодэкса (ВК). Пазбаўленне акрэдытацыі не азначае немагчымасць паўторнай акрэдытацыі назіральніка іншымі спосабамі. Частка 7 арт. 13 ВК вызначае: «Назіральнікі акрэдытуюцца пры прад’яўленні дакумента аб накіраванні назіральнікам, які вызначаецца Цэнтральнай камісіяй, і пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». У адпаведнасці з ч. 9 арт. 13 ВК, «Камісія, пры якой акрэдытаваны назіральнік, мае права пазбавіць яго акрэдытацыі ў выпадку парушэння ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, рэферэндуме, адклiканнi дэпутата». Літаральнае тлумачэнне гэтых нормаў азначае, што назіральнік пазбаўляецца толькі ўжо атрыманай акрэдытацыі па канкрэтным накіраванні, але нішто не дае падставаў для пазбаўлення яго права назіраць у гэтай жа камісіі на ўвесь час выбараў. Ён можа быць акрэдытаваны па іншым накіраванні, напрыклад, ад іншага суб’екта.
На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», прававая трактоўка пазбаўлення назіральніка акрэдытацыі, агучаная старшыней Цэнтральнай камісіі, стварае падставы для неправамернага абмежавання магчымасцяў для назірання і можа быць адвольна выкарыстана выбарчымі камісіям для ліквідацыі непажаданых назіральнікаў з участка для галасавання або з пасяджэнняў камісіі.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»