Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Высновы
- Выбары адбываюцца ў адпаведнасці з каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Пастановай № 17 Цэнтральнай камісіі 1.07.2015 г.
- На працягу тыдня зафіксаваныя выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці незалежных журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Дадзеныя факты сведчаць пра палітыку бесперапыннага ціску ўладаў на незалежных журналістаў, што негатыўна адлюстроўваецца на агульным фоне, на якім праходзіць выбарчая кампанія;
- Да 17 ліпеня ў Цэнтральную камісію былі перададзеныя дакументы аб рэгістрацыі 14 ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты (Лукашэнка А.Г., Калякіна С.І., Гайдукевіча С.В., Конаўца А.В., Караткевіч Т.Н ., Лябедзька А.В., Статкевіча М.В., Раманоўскай Ж.Н., Першынай І.М., Заблоцкага С.В., Біруковай Т.В., Цярэшчанка У.І., Улаховіча Н.Д., Юдаева А.А.); 20 ліпеня - перададзены дакументы яшчэ адной групы (В.Талмачова).
- 17 і 20 ліпеня адбыліся пасяджэнні Цэнтральнай камісіі на якім было прынята рашэнне аб рэгістрацыі васьмі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты (Лукашэнка А.Г., Калякіна С.І., Гайдукевіча С.В., Караткевіч Т.Н., Лябедзька А.В., Раманоўскай Ж.Н., Цярэшчанка У.І., Улаховіча Н.Д.);
- У 7 выпадках Цэнтральная камісія прыняла рашэння аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Усе адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп абгрунтаваныя патрабаваннямі дзеючага выбарчага заканадаўства;
- Падставай да адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнні ў прэзідэнты палітвязня Статкевіча М.В. стала парушэнне патрабаванняў арт.60 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь - немагчымасць вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты асобы, асуджанага і адбываючага пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Варта адзначыць, што міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі і заклікаюць улады Беларусі да вызвалення і рэабілітацыі (у тым ліку, аднаўленню выбарчага права) асуджанага Мікалая Статкевіча;
- 19 ліпеня завяршылася вылучэнне прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Іх фарміраванне завяршыцца не пазней за 22 ліпеня;
- Да 17 ліпеня рашэннямі мясцовых органаў улады былі вызначаны месцы, забароненыя для правядзення збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. У цэлым, дадзеныя рашэнні істотна не абмежавалі магчымасці членаў ініцыятыўных групы па зборы подпісаў грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у публічных месцах;
- З 15 па 17 ліпеня Беларусь наведала дэлегацыя БДІПЧ АБСЕ, якая правяла шэраг сустрэч, у тым ліку з Цэнтральнай камісіяй, прадстаўнікамі палітычных партый і рухаў, а таксама прадстаўнікамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
2. Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з ВК і Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 1.07.2015 г. № 17, не пазней 17 ліпеня 2015 года асоба, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, або яго прадстаўнік, павінны падаць у ЦВК спісы членаў ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і заявы аб рэгістрацыі групы. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп і выдача сябрам ініцыятыўных груп адпаведных пасведчанняў і падпісных лістоў павінна быць ажыццёўлена ЦВК у пяцідзённы тэрмін з дня падачы заявы аб рэгістрацыі.
Вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь грамадзянамі ажыццяўляецца ініцыятыўнай групай выбаршчыкаў у колькасці не менш за 100 чалавек.
З 14 па 17 ліпеня ў ЦВК прадстаўлены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь (у парадку паступлення):
Аляксандра Лукашэнкі - дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Сяргея Калякіна - старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»;
Сяргея Гайдукевіча - старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі;
Андрэя Конаўца - дырэктара турыстычнай кампаніі Love Tour і транспартнай кампаніі Love Logistics;
Таццяны Караткевіч - актывісткі кампаніі "Гавары праўду";
Анатоля Лябедзькі - старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі;
Мікалая Статкевіча - старшыні БСДП (НГ), палітвязня;
Жаны Раманоўскай;
Ірыны Першынай - спецыяліста па рэкламе кампаніі Royal House Imagemaker;
Сяргея Заблоцкага;
Тамары Біруковай- настаўніцы малодшых класаў;
Віктара Цярэшчанкі - вучонага і грамадскага дзеяча;
Мікалая Улаховіча - Вярхоўнага атамана РГА "Беларускае казацтва"
Аляксандра Юдаева - фатографа.
17 ліпеня адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, на якім разгледжаны пытанні рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў Прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы А.Г. Лукашэнка, старшыні партыі «Справядлівы свет» С.І. Калякіна і лідэра ЛДПБ С.В. Гайдукевіча. На пасяджэнні прысутнічалі М. Орда, кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні А. Лукашэнкі, і С. Гайдукевіч, асоба, якая вылучаецца кандыдатам, з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы. Таксама на пасяджэнні прысутнічалі назіральнікі ад РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», РГА «Белая Русь», БПЛ «Справядлівы свет» і ад Беларускай партыі працы і справядлівасці.
Як адзначыла старшыня ЦВК Л. Ярмошына, Цэнтральная камісія не праводзіла апытанні грамадзян са спісу сяброў ініцыятыўных груп на прадмет дачы згоды на ўдзел у зборы подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў, каб не было пытанняў аб аказанні ціску на сяброў ініцыятыўных груп. На дадзеным этапе задачай ЦВК была праверка фармальных падстаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты (адпаведнасць усім устаноўленым у Канстытуцыі і Выбарчым кодэксе патрабаванням да прэтэндэнтаў, наяўнасць выбарчага права і адпаведнасць рэчаіснасці пашпартных дадзеных членаў ініцыятыўных груп).
Праведзенай ЦВК праверкай устаноўлена, што ў спіс ініцыятыўнай групы С. Калякіна была ўключана асоба без грамадзянства, а ў спіс ініцыятыўнай групы С. Гайдукевіча двое асоб, якія не валодаюць выбарчым правам па ўзросту, а таксама грамадзянка Расійскай Федэрацыі. Названыя асобы былі выключаны са спісу сяброў ініцыятыўных груп, а самі ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя. Прэтэнзій да гэтага з боку прадстаўнікоў ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў не было.
Такім чынам, ЦВК 17 Ліпеня зарэгістраваў 3 ініцыятыўныя групы:
Аляксандра. Лукашэнка ў колькасці 10.577 чалавек;
Сяргея Калякіна ў колькасці 1.511 чалавек;
Сяргея Гайдукевіча ў колькасці 2.481 чалавек.
Віктар Талмачоў падаў дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы 20 ліпеня.
20 ліпеня адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, на якім разгледжаны ўсе пададзеныя ва ўстаноўлены тэрмін заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. Па выніках пасяджэння былі зарэгістраваныя 5 ініцыятыўных груп па вылучэнні:
Таццяны Караткевіч у колькасці 1993 чалавека;
Анатоля Лябедзькі ў колькасці 977 чалавек;
Віктара Цярэшчанкі ў колькасці 946 членаў
Жаны Раманоўскай ў колькасці 111 чалавек;
Мікалая Улаховіча ў колькасці 1426 чалавек
Са спісу членаў ініцыятыўных груп Таццяны Караткевіч былі выключаныя 13 чалавек (1 непаўнагадовы і 12 двойчы уключаныя). З першапачатковага спісу Віктара Цярэшчанкі выключаны адзін непаўнагадовы і некалькі паўторных выбаршчыкаў. Праверкай устаноўлена, што ў спісе ІГ Мікалая Улаховіча шмат паўторных выбаршчыкаў. З спісу ў складзе 1665 чалавек былі выключаны 239 чалавек.
Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні:
Андрэя Конаўца - у сувязі з неадпаведнасцю патрабаванню аб пастаянным пражыванні на тэрыторыі Беларусі на працягу 10 гадоў запар. Пры праверцы ЦВК ўстанавіла, што А. Конавец быў асуджаны ў Расіі і адбываў там пакаранне, пасля чаго затрымліваўся. У выніку было ўстаноўлена і дакументальна пацверджана, што ён адсутнічаў на тэрыторыі Беларусі з 28.10.2005 па 27.07.2007 г.
Мікалая Статкевіча - у сувязі з неадпаведнасцю асобы, які вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты, патрабаванням, устаноўленым Канстытуцыяй (адсутнасць выбарчага права ў сувязі са знаходжаннем у месцах пазбаўлення волі). Акрамя таго, праверкай устаноўлена, што заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні М. Статкевіча пададзена і падпісана Марынай Адамовіч, хоць, на думку ЦВК, паводле ч. 2 арт. 61 ВК для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы павінна быць прадстаўлена заява, падпісаная самой асобай, якая вылучаецца кандыдатам.
Ірыны Першынай - у сувязі з адсутнасцю ў спісе сябраў ініцыятыўнай групы 100 чалавек. У першапачаткова пададзеным спісе змяшчалася звесткі пра 101 чалавека, аднак у выніку праверкі ЦВК ўстаноўлена, што ў дачыненні да 62 чалавек пазначаны няпоўныя або недакладныя звесткі. 3 чалавекі з пададзенага спісу не валодаюць выбарчым правам.
Сяргея Заблоцкага - у сувязі з неадпаведнасцю заявы і пададзеных дакументаў патрабаванням, змешчаным у артыкуле 61 ВК (у заяве адсутнічалі неабходныя звесткі, акрамя прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, якія не былі прыкладзеныя копіі пашпарта, дакументы пададзеныя па пошце і інш.);
Тамары Біруковай - у сувязі з адсутнасцю ў спісе сябраў ініцыятыўнай групы неабходных для рэгістрацыі 100 чалавек. Пададзены спіс утрымліваў звесткі пра 53 чалавек. На пасяджэнні Т.Бірукова паведаміла, што не змагла падаць дакументы з-за форс-мажорных абставінаў, у сувязі з чым яна дадаткова падала спіс з неабходнай колькасцю сяброў ініцыятыўнай групы пасля заканчэння ўстаноўленага для падачы дакументаў тэрміну.
Аляксандра Юдаева - у сувязі з неадпаведнасцю рэчаіснасці звестак пра 12 членаў ініцыятыўнай групы (няправільна адзначаны прозвішча, імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства). У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што поўныя і дакладныя звесткі прадстаўленыя ў дачыненні да 94 сяброў ініцыятыўнай групы. У сваім выступе А. Юдаеў прасіў зарэгістраваць яе ініцыятыўную групу, паколькі памылкі носяць тэхнічны характар, а ўсе грамадзяне ў спісе з'яўляюцца «рэальнымі» і гатовыя збіраць подпісы.
Віктара Талмачова - у сувязі з падачай дакументаў па заканчэнні тэрміну, устаноўленага для падачы. Дакументы былі пададзеныя 20 ліпеня.
Усе асобы, якія пдалі заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, былі запрошаны і мелі магчымасць выказацца на пасяджэнні. Асобам, у рэгістрацыі ініцыятыўных груп якіх было адмоўлена, растлумачаны парадак абскарджання прынятых ЦВК рашэнняў.
Варта адзначыць, што падставамі для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча сталі нормы Выбарчага кодэкса, у адпаведнасці з якімі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмаўляецца ў выпадку парушэння патрабаванняў ВК (арт.61); кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не могуць быць вылучаны грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці (арт.60). Аднак, адна з прыярытэтных рэкамендацый місіі БДІПЧ АБСЕ, сфармуляваных па выніках назірання за парламенцкіх выбараў 2012 года, прадугледжвала выключыць з заканадаўства адмову ў праве галасаваць або выступаць кандыдатам грамадзянам, якія знаходзяцца ў турэмным зняволенні або дасудовым утрыманні пад вартай, у незалежнасці ад цяжару злачынства. Акрамя таго, любы асуджаны да пазбаўлення волі можа ў любы момант быць памілаваны са зняццем судзімасці, што здымае перашкоды да ўдзелу ў выбарах.
3. Арганізацыя выбарчага працэсу. Рашэнні выканкамаў аб вызначэнні месцаў, забароненых для збору подпісаў, фарміраванне ТВК, інфармаванне грамадзян аб выбарчай кампаніі праз СМІ.
У адпаведнасці з каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Пастановай № 17 Цэнтральнай камісіі 1.07.2015 г., мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады не пазней за 17 ліпеня павінны былі вызначыць месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
У цэлым, варта адзначыць, што прынятыя рашэнні мясцовых выканаўчых органаў улады па вызначэнні месцаў забароненых для збору подпісаў грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, істотна не адрозніваюцца ад падобных рашэнняў папярэдняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
У шэрагу рэгіёнаў, у тым ліку і ў горадзе Мінску, назіраліся некаторыя пагаршэнні ўмоў. Так, у адпаведнасці з прынятым рашэннем Мінгарвыканкама № 1842 ад 9 ліпеня 2015 г. да месцаў забароненых для збору подпісаў былі аднесены гэтак жа Прывакзальная плошча і плошча Якуба Коласа. У аналагічным рашэнні Мінгарвыканкама ў 2010 годзе дадзеных плошчаў у спісе месцаў, забароненых для збору подпісаў, не было. Забаронена таксама пікетаванне на плошчы Дзяржаўнага сцяга.
У Салігорску мясцовы выканкам сваім рашэннем, акрамя традыцыйных месцаў, забароненых для збору подпісаў, забараніў таксама збор подпісаў каля помнікаў архітэктуры, гісторыі, культуры і воінскіх пахаванняў.
У шэрагу гарадоў рашэннямі выканкамаў была павялічана адлегласць, на якойзабаронена ажыццяўляць збор подпісаў. Так, напрыклад, у Светлагорску нельга праводзіць пікеты на адлегласці бліжэй 200 метраў ад будынкаў выканкама, міліцыі і пракуратуры.
Адначасова ў Барысаве адлегласці да такіх будынкаў, у межах якіх нельга збіраць подпісы, скарацілі да 20-50 метраў.
Назіральнікі паведамляюць аб павелічэнні месцаў для збору подпісаў выбаршчыкаў у некаторых гарадах (Бабруйск, Наваполацк, Гродна, Брэст, Жодзіна).
Даволі ліберальна падышлі да гэтага пытання выканкамы Магілёўскай вобласці, аднак па стане на 18 ліпеня на 5-ці вэб-сайтах выканаўчых камітэтаў з 21-га па вобласці немагчыма было знайсці рашэнні аб вызначэнні месцаў, забароненых для збору подпісаў (Бялыніцкі, Быхаўскі, Горацкі, Мсціслаўскі і Шклоўскі р-ны).
У цэлым, рашэнні выканкамаў не абмежавалі істотным чынам магчымасці для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі ў публічных месцах, аднак многія забароны не дыктаваліся меркаваннямі абароны бяспекі, маральнасці і грамадскага парадку, чым адвольна абмежавалі правы ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Таксама мясцовыя органы ўлады прадэманстравалі адсутнасць адзінага падыходу да вызначэння правоў удзельнікаў выбарчага працэсу: некаторыя імкнуліся гэта становішча палепшыць, некаторыя - пагоршылі альбо пакінулі без зменаў.
На інтэрнэт старонках сайтаў мясцовых выканаўчых органаў улады і друкаваных СМІ, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца мясцовыя выканаўчыя камітэты, у асноўным прысутнічае інфармацыя пра выбарчую кампаніі.
Аднак змест гэтай інфармацыі далёка не заўсёды адпавядае патрабаванням пастановы ЦВК ад 1 ліпеня 2015 г. № 22 «Аб інфармаванні грамадзян аб працы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе»:
на сайце Мінскага абласнога выканаўчага камітэта адсутнічала інфармацыя аб часе і месцы прыёму дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій па выбарах. Паведамленні аб правядзенні сумеснага пасяджэння прэзідыума абласнога Савет дэпутатаў і адпаведных выканаўчых камітэтаў па пытанні ўтварэння тэрытарыяльных камісій з'явіліся толькі 20 ліпеня. Такая ж інфармацыя адсутнічала на ўсіх сайтах выканкамаў Мінскай вобласці, за выключэннем сайта выканкама Мінскага раёна. Паведамленне аб правядзенні сумеснага пасяджэння прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкама па пытанні ўтварэння тэрытарыяльнай камісіі на сайце Мінгарвыканкама ў адпаведным раздзеле з'явілася толькі 20 ліпеня.
19 ліпеня завяршыўся працэс вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій па выбарах. У тэрытарыяльныя камісіі вылучана 63 прадстаўнікі апазіцыйных партый: ад ПБНФ - 11, ад БПЛ «Справядлівы свет» - 39, ад БСДП (Г) - 3, ад АГП - 10. Такую нізкую колькасць прадстаўнікоў партый можна растлумачыць тым, што ў адпаведнасці з ВК правам вылучэння сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі валодаюць толькі кіруючыя органы абласных, Мінскіх гарадскіх, раённых, гарадскіх (у гарадах абласнога падпарадкавання), раённых у гарадах арганізацыйных структур палітычных партый. За перыяд з 2003 года апазіцыйныя партыі пазбавіліся рэгістрацыі большасці сваіх арганізацыйных структур у рэгіёнах.
4. Назіранне за выбарамі.
Да маніторынгу сітуацыі падчас выбараў прыступілі 50 доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Аб сваім намеры ажыццяўляць назіранне заявіла кааліцыя шэрагу палітычны партый і рухаў «Права выбару -2015». У кааліцыю ўвайшлі ПБНФ, БХД, кампанія «Гавары праўду!», Рух «За свабоду», БСДП (Г), Партыя «Зялёныя», аргкамітэт партыі Свабоды і Прагрэсу (ПСП), прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці РЭП. Варта адзначыць, што частка палітычных суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у дадзенай кампаніі, падтрымліваюць вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч.
14 ліпеня на пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў краін Садружнасці незалежных дзяржаў старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў прызначаны кіраўніком місіі назіральнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі.
15 ліпеня ў Мінск прыбыла ацэначны група БДІПЧ АБСЕ. 17 ліпеня прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Гулак і Уладзімір Лабковіч сустрэліся з прадстаўнікамі ацэначнай місіі па назіранні за выбарамі - дарадцам дэпартамента БДІПЧ АБСЕ Уладзімірам Місевым і старэйшым дарадцам па выбарах Таццянай Багусевіч.