Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
23 ліпеня пачаўся збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, які працягнецца да 21 жніўня ўключна. Для рэгістрацыі кандыдата яго ініцыятыўныя групы павінны сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў.
31 ліпеня старшыня ЦВК паведаміла, што ўжо больш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку дзейснага прэзідэнта накіравана ў ТВК. Акрамя таго Лідзія Ярмошына адзначыла, што за кандыдата А. Лябедзьку перададзена толькі больш за 500 подпісаў[1]. Паводле інфармацыі штабоў кандыдатаў, С. Гайдукевіч сабраў 55 тысяч подпісаў, В. Цярэшчанка – 22 тысячы, Т. Караткевіч – 15 тысяч, А. Лябедзька – больш за 10 тысяч, у падтрымку С. Калякіна сабрана больш за 6 тысяч подпісаў[2]. Незарэгістраваная група М. Статкевіча заклікае да байкоту выбараў.
Палітвязень Мікалай Статкевіч, чыю ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, заклікае тых, хто прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, зрабіць у бюлетэнях для галасавання запіс, «які б дакладна сведчыў аб непрыманні палітыкі кіруючага рэжыму».
Сябры ініцыятыўных груп па вылучэнні апазіцыйных кандыдатаў часам сутыкаюцца з пэўнымі перашкодамі ў зборы подпісаў, але праблемы вырашаюцца пасля зваротаў у выбарчыя камісіі і органы улады.
Назіральнікі атрымліваюць інфармацыю аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурса і фактах ціску на выбаршчыкаў з мэтай збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам дзейснага прэзідэнта. Амаль усе такія звесткі ананімныя – людзі адмаўляюцца заяўляць пра гэта публічна.
ЦВК не выявіла ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства падчас збору подпісаў.
Сітуацыя з правамі чалавека, на фоне якой ідзе выбарчая кампанія, застаецца цяжкай: улады працягваюць рабіць ціск на незалежных журналістаў, не даюць дазволу на правядзенне пікетаў, на якіх грамадзяне хочуць выказаць свой пратэст. ЦВК адмовілася прыняць меры, прапанаваныя праваабаронцамі, для павелічэння празрыстасці выбарчага працэсу.
Назіральнікі не сутыкаюцца з істотнымі перашкодамі у сваёй працы.
Працягваецца ціск на незалежных журналістаў.
Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што ідзе збор подпісаў шляхам абходу кватэр выбаршчыкаў, павысілася актыўнасць ініцыятыўных груп. У г. Віцебску актыўна працуюць РГА «Белая Русь» і БРСМ: яны робяць па 10 штодзённых пікетаў, грамадская кампанія «Гавары праўду» і партыя «Справядлівы свет» ладзяць па 2 штодзённыя пікеты. Астатнія ініцыятыўныя групы штодзённага пікетавання не арганізоўваюць. Прадстаўнікі БРСМ у г. Віцебску паведамілі, што на 1 жніўня сабралі каля 3000 подпісаў.
Абстаноўка ў месцах назірання спакойная, за выключэннем асобных выпадкаў. 27 ліпеня ў г. Маладзечна Валянцін Цішко, сябра ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч, быў ненадоўга затрыманы нарадам міліцыі і дастаўлены ў Маладзечанскае РАУС. Пасля разбіральніцтва Валянціну Цішко былі прынесены прабачэнні. 29 ліпеня ў г. Наваполацку адбыўся хуліганскі напад на пікет у падтрымку Таццяны Караткевіч. Па факту здарэння пададзены заявы ў аддзел міліцыі і гарадскую камісію па выбарах. 1 жніўня ў г. Брэсце падчас святкавання Дня горада на вул. Савецкай невядомыя мужчыны двойчы спрабавалі перашкодзіць у зборы подпісаў ініцыятыўным групам Таццяны Караткевіч.
Ініцыятыўныя групы кандыдатаў ад пазіцыі, як адзначаюць назіральнікі, больш актыўныя: ідуць на кантакт з выбаршчыкамі, распавядаюць пра сваіх кандыдатаў і пра сітуацыю ў краіне. Грамадзяне паводзяць сябе даволі пасіўна, подпісы ставяць неахвотна, часам адкрыта прызнаюцца, што баяцца гэта рабіць. Штабы апазіцыйных кандыдатаў распаўсюджваюць інфармацыю пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса на карысць дзейснага прэзідэнта.
Назіральнікі ў г. Крычаве паведамляюць, што пікеты КПБ, РГА «Белая Русь», БРСМ у падтрымку А. Лукашэнкі ў самых людных месцах горада былі неэфектыўныя. Мясцовыя ўлады далі ўстаноўку збіраць подпісы на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Супрацоўнікам СШ № 5, УА «Крычаўскі дзяржаўны прафесійны агратэхнічны коледж», РУПВ «Крычаўскі завод гумовых вырабаў» было загадана прыносіць пашпарты і падпісвацца ў падтрымку А. Лукашэнкі. Аналагічна дзейнічала адміністрацыя Філіяла ОАО «БЕЛАЗ» «Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М. Кірава», УАЗ «Магілёўскі абласны лячэбна-дыягнастычны цэнтр» і іншыя. Аналагічныя факты адміністрацыйнага ціску на супрацоўнікаў паведамляюць назіральнікі з Маладзечна, Нясвіжа, Брэста, Баранавічаў. Грамадзяне, якія былі вымушаны паставіць свае подпісы, не хочуць афіцыйна заяўляць пра факт прымусу. Рэзананс у незалежных СМІ атрымаў «збор подпісаў», арганізаваны адміністрацыяй ААТ «Брэсцкі электрамеханічны завод»[3].
Паказальны артыкул у газэце Чаускага райвыканкама «Іскра», які апісвае як раённае кіраўніцтва арганізавала працу ініцыятыўнай групы па вылучэнні дзейснага прэзідэнта: «В Чаусском районе стартовала предвыборная президентская кампания-2015. В минувший четверг, 23 июля, в райисполкоме состоялось заседание под руководством заместителя председателя районного исполнительного комитета Виталия Лебедева и председателя районного Совета депутатов Анатолия Матюлина, на котором была определена инициативная группа, состоящая из 30 человек, которые будут собирать подписи в поддержку кандидатуры ныне действующего Президента Республики Беларусь Александра Григорьевича Лукашенко. Председателем инициативной группы по сбору подписей назначена Тамара Матюлина. Члены инициативной группы поделены по территориальному признаку, т.е. сбор подписей по организациям, учреждениям и предприятиям проводиться не будет. Помимо этого, ежедневно в городе организовано пикетирование, на котором также можно отдать свой голос в поддержку кандидатуры ныне действующего Президента» [4].
У гарадскім асяроддзі з’яўляецца больш інфармацыі пра выбары: білборды, банеры, плакаты пра выбары на беларускай і на рускай мовах. Па тэлебачанні рэгулярна транслюецца ролік пра правільны збор подпісаў.
У цэнтры ўвагі многіх дзяржаўных выданняў – А. Лукашэнка. Яшчэ 24 ліпеня прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка даручыў знайсці магчымасць павышэння пенсій на 5% з 1 верасня. 30 ліпеня з’явіліся паведамленні, што ў Беларусі з 1 жніўня вырастуць памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, дапамогі на дзяцей.
27 ліпеня дзяржаўная газета Ліозненскага раёна «Сцяг перамогі» публікуе артыкул «Начался сбор подписей за выдвижение в кандидаты на пост Президента», які ўтрымлівае прамую агітацыю за абранне А. Лукашэнкі на чарговы тэрмін. 31 ліпеня газета «Звязда» публікуе артыкул пра палітычныя аб’яднанні, што ўдзельнічаюць у выбарах, але на фота да артыкула – толькі выява першай асобы беларускай дзяржавы. Мясцовыя СМІ і сайты органаў улады асвятляюць працу ініцыятыўных груп прэзідэнта, пра іншае не паведамляецца. Напрыклад, сайт гродзенскага райвыканкама на працягу тыдня падае інфармацыю выключна пра пікеты тых грамадскіх аб’яднанняў, якія збіраюць подпісы ў падтрымку А. Лукашэнкі[5]. Дзейнасць ініцыятыўных груп асвятляецца няроўна, у такіх умовах інфармацыя на карысць аднаго з кандыдатаў можа расцэньвацца як незаконная агітацыя.
У ТВК адбыліся першыя пасяджэнні, падчас якіх былі абраны старшыні і іх намеснікі. Сябры камісій непасрэдна не перашкаджаюць працы назіральнікаў, у асноўным ставяцца карэктна, у асобных выпадках заўважаны негатыўныя адносіны. Паводле назіральніка ў Кастрычніцкім раёне г. Мінска, сябры ТВК прытрымліваюцца «грэбліва-ветлівай формы зносін». Назіральніку ў ТВК Партызанскага раёна г. Мінска катэгарычна адмовілі ў просьбе паведамляць пра час будучых пасяджэнняў.
29 ліпеня ў Віцебскім аблвыканкаме прайшоў семінар для кіраўнічага складу ТВК вобласці, на якім сакратар ЦВК Мікалай Лазавік агучыў навацыі бягучай выбарчай кампаніі: у Віцебскай вобласці плануецца зрабіць празрыстыя урны для галасавання.
У некаторых рэгіёнах акрамя прадстаўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», дзейнічаюць назіральнікі ад РГА «Белая Русь», КПБ, БРСМ, «Беларускі саюз жанчын», «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа». Паводле афіцыйных дадзеных, сёлета на выбарах у 153 ТВК акрэдытавана ўсяго 188 нацыянальных назіральнікаў[6].
Улады працягваюць рабіць ціск на незалежных журналістаў. 28 ліпеня суд Глыбокскага раёна прызнаў вінаватай па арт. 22.9 Ко АП незалежную журналістку Таццяну Смоткіну і прысудзіў ёй штраф у памеры 4,5 млн рублёў. Па-ранейшаму не даюць дазволу на правядзенне пікетаў, на якіх грамадзяне хочуць выказаць свой пратэст. Адміністрацыя Чыгуначнага раёна г. Віцебска адмовіла сябрам КХП БНФ ў правядзенні пікета, мэтай якога было прыцягнуць увагу да парушэння беларускімі ўладамі фундаментальных правоў і свабод.
Прадстаўнікі вядомай міжнароднай арганізацыі па назіранні ENEMО накіравалі ў ЦВК, Адміністрацыю прэзідэнта і МЗС лісты з просьбай дапусціць іх да маніторынгу выбарчага працэсу ў Беларусі. Пакуль на запыт Еўрапейскай сеткі па назіранні за выбарамі ENEMО адказалі толькі з ЦВК.
[1] Паводле БелаПАН: даступна на http://belapan.com/archive/2015/07/31/791804/.
[2] Паводле Еўрарадыё: даступна на http://euroradio.fm/ru/lukashenko-sobral-bolee-100-tysyach-podpisey.
[3] Даступна на: http://brestspring.com/index.php?id=9692&page=1&rub=&year=2015.
[4] Даступна на: http://www.chausynews.by/?p=10554#more-10554.
[5] Даступна на: http://grodnorik.gov.by/ru/news.
[6] Паводле БелаПАН: даступна на http://belapan.com/archive/2015/07/31/791804/.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"