У сувязі з увядзенным новых правілаў пенсійнага забеспячэння1 ўтварылася пастка страхавога стажу, з-за якой вы можаце не атрымаць працоўную пенсію. Пад пагрозай знаходзяцца людзі, якія даглядаюць інвалідаў 1й групы, супрацоўнікі органаў унутраных справаў і МНС, мамы ў дэкрэце і іншыя групы.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт спрабуе патлумачыць праблему максімальна зразумела, каб кожны чалавек мог ацаніць уласны стан і пры неабходнасці скарэктаваць свае эканамічныя паводзіны. У першую чаргу трэба праверыць, ці не сталі вы болей уразлівымі пасля ўвядзення новых правілаў страхавога стажу (групы, па якім б’е асабліва моцна, прыведзеныя ў графіку). Акрамя таго, наша парада – праверце, ці сплочвае за вас наймальнік узносы, звярнуўшыся ў тэрытарыяльныя органы ФСАН.
Аўтар графікі - Ігар Яноўскі, www. czrt.by
Таксама БХК звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў з просьбай прыняць меры для пераадолення пасткі страхавога стажу, якая ўзнікла ў сувязі са з’яўленнем новых правілаў пенсійнага забеспячэння. Праваабаронцы просяць распрацаваць і ўнесці ў заканадаўчыя акты пра пенсійнае забеспячэнне грамадзянаў змены і дапаўненні, якія забяспечаць канстытуцыйнае права на атрыманне працоўнай пенсіі па ўзросце на агульных абаснаваннях, у тым ліку: а) асобам, якія здзяйсняюць дагляд за інвалідамі 1-й групы, састарэлымі (80 гадоў і болей), якія па медыцынскім паказнікам патрабуюць пастаяннага дагляду; б) маці, якія выгадавалі двух і болей дзяцей (за выключэннем шматдзетных маці, якія маюць 5 і болей дзяцей, якія па існуючаму заканадаўству ўжо маюць льготы па страхавому стажу); в) асобам, якія раней знаходзіліся на службе ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь, у органах унутраных спраў, і іншым, прыроўненым да іх асобам, якія спынілі службу да вызначанага заканадаўствам часу выхаду на пенсію па выслузе гадоў, ці пенсію па інваліднасці (хваробе).
Пастка страхавога стажу узнікае наступным чынам. Для таго, каб атрымліваць працоўную пенсію па ўзросце чалавеку неабходна сплочваць узносы ў Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва. Гэта робіць сам чалавек ці яго працадаўца. Перыяд, калі чалавек сплочвае ўзносы, называецца страхавым стажам. І яго нельга блытаць з агульным працоўным стажам, у які ўключаецца час і іншай актыўнасці: вучоба, служба ў войску і г.д.
За кароткі прамежак часу (крыху болей чым 2 гады) тэрмін страхавога стажу, які трэба мець, каб атрымаць пенсію, ўзрос з 5 да 15,5 год2. Ён працягвае расці і да 2025 года мусіць скласці не меней за 20 год. Акрамя таго, павялічаны пенсійны ўзрост3 і ўзрост для атрымання сацыяльнай пенсіі4.
Пры гэтым не прадугледжана ніякіх выключэнняў ці перыходных перыядаў для людзей, якія ў перыяд новаўвядзенняў дасягаюць пенсійнага ўзросту, маюць дастатковую колькасць страхавога стажу згодна са старымі правіламі (не меней за 5 год), але не дацягваюць да страхавога стажу, усталяванага новымі ўказамі. Гэтыя людзі не могуць атрымаць ні пенсію па ўзросце на агульных абаснаваннях, ні сацыяльную пенсію. Па закону, дасягнуўшы пенсійнага ўзроста, яны не маюць нават права на атрыманне дапамогі па беспрацоўю. Па ацэнках Мінтруда ў 2015 годзе людзей, якія трапілі ў такую складаную сітуацыю, было каля 1000 чалавек.
Прыняцце ўказаў прывяло да сітуацыі, калі права на пенсію згубілі тыя, хто гадамі здзяйсняў грамадска значную дзейнасць, якая не залічваецца ў страхавы стаж. Напрыклад, гутарка ідзе пра людзей, якія даглядаюць інвалідаў 1-й групы. Дзяржава робіць ім запіс у працоўную кніжку і плаціць грошы, але не залічвае іх працу ў страхавы стаж.
Новыя правілы прыводзяць да няроўнасці адносна вайскоўцаў, супрацоўнікаў МНС, правоахоўных органаў і прыроўненых да іх асобаў. Пакуль гэтыя людзі нясуць службу, дзяржава як наймальнік не плаціць за іх страхавыя ўзносы. Калі яны будуць звольненыя да дасягнення тэрміну выслугі гадоў (а гэта 20 год), пенсію ім будуць налічваць на агульных асновах. Гэта значыць, што, напрыклад, прынцыповы супрацоўнік міліцыі, звольнены пасля 19 год добрай службы, будзе вымушаны працаўладкавацца і паспець адпрацаваць страхавы стаж не меней за 15 з паловай гадоў на сёння.
Гісторый людзей, якія трапілі ў пастку страхавога стажу, расказвае часопіс «Имена».
1 Размова пра правілы, уведзеныя ўказамі № 389 ад 03.09.2013, № 570 ад 08.12.2014 і № 534 ад 31.12.2015 г.
2 Рост страхавога стажа рэгулявалі наступныя ўказы: № 389 ад 03.09.2013 - з 1 студзеня 2014 г. павялічыў стаж да 10 год; № 570 ад 08.12.2014 – з 1 студзеня 2015 г. павялічыў стаж да 15год; № 534 ад 31.12.2015 г. – павялічыў стаж да 15,5 год і прадугледзеў рост стажа кожны год на паўгады да дасягнення 20 год.
3 Рост пенсійнага ўзроста з 1 студзеня 2017 г. будзе падвышацца штогод на 6 месяцаў - да дасягнення мужчынамі 63 год, жанчынамі – 58 год. Гэта рэгулюе ўказ № 137 ад 11.04.2016 г.
4 З 1 студзеня 2015 г. падвышаны ўзрост для атрымання сацыяльнай пенсіі: для мужчын гэта цяпер 65 год, для жанчын – 60 год. Узроставы цэнз не тычыцца пенсій дзецям-інвалідам, у тым ліку інвалідам з дзяцінства і дзецям у выпадку страты карміцеля. Гэта рэгулюе Указ №570 ад 08.12.2014.