Прэамбула
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, выказваючы сваю агульную пазіцыю наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь напярэдадні правядзення пасяджання Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, а таксама чарговага раўнда дыялогу па правах чалавека паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам, адзначаем наступнае:
У апошнія два гады ў краіне назіраюцца некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў сферы правоў чалавека. Аднак па-ранейшаму не прымаюцца меры, накіраваныя на сістэмныя і якасныя паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека. Рэспубліка Беларусь не прыклала намаганняў, накіраваных на выкананне мераў першачарговага аднаўленчага характару, да якіх неаднаразова заклікала беларуская праваабарончая супольнасць.
Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і шырокае прымяненне Дэкрэта прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" прывялі да росту пратэстнай актыўнасці грамадзян Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на заклікі праваабарончай супольнасці да абмеркавання сітуацыі, якая ўзнікла, шляхам шырокага грамадзкага дыялёгу, адказам уладаў на дадзеныя выступы стала прымяненне рэпрэсій.
Мы са шкадаваннем канстатуем, што, пачынаючы з сакавіка 2017 года рэзка пагоршылася сітуацыя з правамі чалавека ў краіне; ўлады вярнуліся да ўжывання шырокіх рэпрэсіўных практык: адвольныя затрыманні і арышты ўдзельнікаў мірных сходаў і праваабаронцаў, перашкоды ў працы журналістаў, палітычна матываваны крымінальны пераслед і выключэнне студэнтаў з універсітэтаў па палітычных матывах. На працягу вясны 2017 года больш як тысяча грамадзян краіны былі падвергнутыя рэпрэсіям, больш за сто з іх былі арыштаваныя.
Мірная дэманстрацыя пратэсту, якая традыцыйна праходзіла ў Мінску 25 сакавіка, была гвалтоўна спыненая міліцыяй, больш за 700 удзельнікаў былі затрыманыя, 149 з іх пасля былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арыштаў. Напярэдадні правядзення дэманстрацыі 22-24 сакавіка органамі КДБ былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА больш за 30 грамадзян у межах узбуджанай крымінальнай справы па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Іх затрыманне суправаджалася прапагандысцкай кампаніяй у дзяржаўных СМІ. Пасля большасць з затрыманых былі вызваленыя, а крымінальная справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў спыненая. Тым не менш па стане на 29.06.2017 года 7 чалавек працягваюць знаходзіцца пад вартай па абвінавачванні ў арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання.
У месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка, прызнаныя палітвязнямі беларускай праваабарончай супольнасцю. Праваабаронца Алена Танкачова вымушана знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь у сувязі з рашэннем беларускіх уладаў аб яе высылцы. 16 чэрвеня 2017 г. яе чацвёртае хадайніцтва аб скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у Рэспубліку Беларусь пакінута без разгляду.
У краіне па-ранейшаму ўжываецца смяротнае пакаранне, а грамадзянскія і палітычныя правы істотна абмежаваныя як на заканадаўчым узроўні, так і ў правапрымяняльнай практыцы.
Занепакоенасць выклікае адсутнасць інфармацыі аб прынятых уладамі мерах па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства.
У той жа час беларуская праваабарончая супольнасць падтрымала прыняцце Рэспублікай Беларусь Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых у рамках другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду, а таксама адрасаваных Рэспубліцы Беларусь дагаворнымі органамі ААН. Аднак да цяперашняга часу невядома аб прыняцці комплексных практычных мераў, накіраваных на яго рэалізацыю, не прадстаўляюцца публічныя справаздачы аб яго рэалізацыі. Акрамя таго, прыняцце плана не прывяло да стварэння пастаянна дзеючых пляцовак для ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў з беларускай праваабарончай супольнасцю.
Мы пазітыўна ацэньваем прыняцце Рэспублікай Беларусь Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці на 2017-2020 гады, Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025 гады, а таксама ліквідацыю запазычанасці па прадстаўленні перыядычных справаздачаў у дагаворныя органы ААН і накіраванне дакладу аб выкананні абавязацельстваў па Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. На жаль, гэты ў цэлым пазітыўны крок пакуль не прывёў да якаснага паляпшэнню сітуацыі з грамадзянскімі і палітычнымі правамі.
У сувязі з гэтым мы звяртаемся да прадстаўнікоў беларускіх уладаў з прапановай прыняць дзейсныя меры для забеспячэння належнай абароны правоў чалавека і выканання міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятых на сябе Рэспублікай Беларусь, не дапускаць выпадкаў крымінальнага пераследу грамадзян па палітычных матывах і вызваліць усіх палітычных зняволеных. Спыніць пераслед грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне правоў чалавека.
У прыватнасці, мы заклікаем беларускія ўлады зрабіць наступныя крокі:
- Спыніць і не дапускаць выпадкаў ціску на журналістаў і праваабаронцаў у сувязі з выкананнем імі сваёй прафесійнай дзейнасці, у тым ліку зняць забарону на ўезд у краіну праваабаронцы Алены Танкачова, зарэгістраваць ПЦ "Вясна" і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія звярнуліся за рэгістрацыяй, адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства і практыку прымянення ў галіне свабоды слова, сходаў, выказвання меркаванняў і асацыяцый.
- Змяніць меру стрымання ў дачыненні да ўсіх фігурантаў крымінальнай справы «аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання» і вызваліць іх з-пад варты.
- Увесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання, як першы крок да яго поўнай адмены.
- Развіваць дыялог з праваабарончай супольнасцю, у тым ліку пашырыць практыку сустрэч для абмену думкамі і выпрацоўкі прапаноў і рэкамендацый, а таксама кансультацый дзяржаўных органаў з праваабаронцамі, у тым ліку прадстаўнікоў незарэгістраваных праваабарончых арганізацый, пры садзейнічанні прадстаўніцтваў ААН і Еўрапейскага Саюза, далучаць праваабаронцаў у дыялогавыя працэсы , у прыватнасці, па лініях ЕС-Беларусь і ЗША-Беларусь. Важным крокам стала б стварэнне Грамадска-кансультацыйнага савета па рэалізацыі Міжведамаснага плана і далейшая імплементацыя рэкамендацый у рамках УПА і дамоўных органаў ААН.
- Канкрэтызаваць дзейнасць па выкананні Міжведамаснага плана пры дапамозе прыняцця і апублікавання адпаведных бягучых планаў профільных дзяржорганаў, а таксама справаздач аб іх выкананні.
- Забяспечыць запрашэнне ў краіну спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, тэматычных спецыяльных дакладчыкаў ААН, у поўнай меры супрацоўнічаць з дамоўнымі механізмамі ААН, выконваць абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, добраахвотна прынятыя дзяржавай, уключаючы імплементацыю меркаванняў Камітэта ААН па правах чалавека на нацыянальным узроўні.
- Неабходна прыняць меры, накіраваныя на імплементацыю рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства.
Адначасова мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці і міжнародных інстытутаў з наступнымі рэкамендацыямі:
- Трымаць пытанне выканання Рэспублікай Беларусь правоў чалавека ў фокусе пры выбудоўванні міжнародных адносін паміж Еўрапейскім Саюзам і Рэспублікай Беларусь, а таксама з іншымі краінамі.
- Еўрапейскаму Саюзу прыняць меры ў фармаце заключэння Савета ЕС і апублікаваць план першачарговых чаканых ад уладаў Беларусі мераў, накіраваных на прагрэс у галіне правоў чалавека ў краіне. Узгадніць з беларускімі ўладамі «дарожную карту» па імплементацыі такога плану, які павінен уключаць поўнае супрацоўніцтва з механізмамі ААН і АБСЕ.
- Разглядаць беларускія праваабарончыя арганізацыі ў якасці важнага ўдзельніка дыялогу па правах чалавека па лініях ЕС-Беларусь і ЗША-Беларусь і ўключыць іх у гэтыя працэсы як паўнапраўных партнёраў.
- Аказваць садзейнічанне стварэнню і развіццю пляцовак для ўзаемадзеяння дзяржорганаў і праваабарончай супольнасці Беларусі для эфектыўнага выканання абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.
- УВКПЧ ААН актывізаваць дзейнасць на нацыянальным узроўні, у тым ліку праз накіраванне ў краіну дарадцы па правах чалавека.
Арганізацыям грамадзянскай супольнасці мы прапануем:
- Падтрымаць агульную пазіцыю па сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і рэтрансляваць яе на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
- Прымаць удзел у падрыхтоўцы альтэрнатыўных дакладаў у межах УПА і дамоўных органаў ААН.
- Ажыццяўляць грамадскі кантроль і маніторынг выканання Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, аказваць актыўнае садзейнічанне ў іх рэалізацыі, прасоўваць універсальныя каштоўнасці правоў чалавека ў беларускім грамадстве.
Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
АУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»
Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
ПЦ "Вясна"
Простае таварыства "Ініцыятыва Forb»
Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"»
ПАУ «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»
РГА «Прававая ініцыятыва»
Камітэт «Салідарнасць»
Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі»
Наталля Манькоўская, праваабаронца
Адкрыта для падпісання ўсімі зацікаўленымі праваабарончымі арганізацыямі