Справаздача па выніках назірання за рэгістрацыяй ініцыятыўных груп грамадзян

Назіранне ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў у абласных цэнтрах і найбуйнейшых гарадах Беларусі.

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

Адным са спосабаў вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў з’яўляецца вылучэнне шляхам збору подпісаў, а рэгістрацыя ініцыятыўных груп з’яўляецца першым крокам перад пачаткам збору подпісаў.

Паводле дадзеных ЦВК, зарэгістраваны 17 542 ініцыятыўныя групы, што складае 99,9% ад агульнай колькасці вылучаных. На папярэдніх выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2014 г. працэнт рэгістрацыі складаў 99,7%. 

Выбарчыя камісіі не стваралі значных перашкод для рэгістрацыі ініцыятыўных груп, амаль усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя. Варта адзначыць, што былі зарэгістраваныя ўсе ініцыятыўныя групы па вылучэнні сябраў палітычных партый.