Дыскрымінацыя асобных уразлівых груп у Беларусі

Гэты даклад падрыхтаваны па выніках работы экспертаў РПГА  «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (Беларусь), экспертна-прававога таварыства «Ініцыятыва FORB» (Беларусь), установы «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”» (Беларусь), Цэнтра экспертыз у галіне роўных правоў (Літва).

Мэты дакладу:

  • абагульненне і аналіз нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь, якія тычацца прававога становішча нацыянальных (этнічных) меншасцяў, а таксама практыкі іх прымянення, з пункту гледжання забеспячэння рэалізацыі іх правоў на роўнасць і недыскрымінацыю;
  • падрыхтоўка прапаноў для заканадаўцаў, правапрымяняльнікаў і іншых зацікаўленых бакоў па імплементацыі міжнародных стандартаў забеспячэння роўнасці і недыскрымінацыі;
  • абгрунтаванне неабходнасці прыняцця антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў Беларусі шляхам абагульнення праблем, звязаных з забеспячэннем рэалізацыі права на роўнасць і недыскрымінацыю.

Роўнасць і недыскрымінацыя з’яўляюцца найважнейшымі прынцыпамі міжнароднага права правоў чалавека. Асабліва важнай з’яўляецца іх рэалізацыя ў адносінах да нацыянальных (этнічных) меншасцяў і іншых уразлівых груп, таму што менавіта яны з-за сваіх асаблівасцяў у першую чаргу сутыкаюцца з сур’ёзнымі абмежаваннямі сваіх правоў, як грамадзянскіх і палітычных, так і сацыяльных, эканамічных, культурных. Гэтыя прынцыпы забараняюць любое адрозненне, выключэнне, абмежаванне або перавагу, заснаванае на прыкметах расы, колеру скуры, радавога, нацыянальнага або этнічнага паходжання, якія маюць мэтай або наступствам знішчэнне або прыніжэнне прызнання, выкарыстання або ажыццяўлення на роўнай аснове правоў чалавека і асноўных свабод у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай або любых іншых галінах грамадскага жыцця (артыкул 1 Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі).

Першая частка дакладу прысвечана агляду і аналізу нацыянальнага заканадаўства, а таксама міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння правоў некаторых уразлівых груп. У другой частцы прадстаўлены асобныя праблемы, звязаныя з рэалізацыяй прынцыпу роўнасці і недыскрымінацыі ў дачыненні да прадстаўнікоў народнасці рома ў Беларусі. У трэцяй частцы дакладу прыводзяцца прыклады, якія сведчаць аб адсутнасці ў Беларусі эфектыўных механізмаў абароны ад дыскрымінацыі. Таксама ў дакладзе прадстаўлены асноўныя высновы і рэкамендацыі па вырашэнні праблем, звязаных з дыскрымінацыяй, у заканадаўстве і ў правапрымяняльнай дзейнасці.

Выкладзеныя ў гэтым дакладзе высновы з’яўляюцца вынікам маніторынгу, праведзенага РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» у 2018 годзе, і не прэтэндуюць на ўсёабдымны аналіз існуючых у Беларусі праблем у сферы рэалізацыі прынцыпаў роўнасці і недыскрымінацыі.

Спецпраект: