Са студзеня 2019 года ў гарадскім пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна аднавіла працу бальніца з 8 койкамі кругласутачнага знаходжання, амбулаторыі вернуты статус паліклінікі, у пасёлак з райцэнтра перададзена машына хуткай дапамогі.
Гэтыя рашэнні прыняты 14 снежня 2018 года падчас сустрэчы мясцовых жыхароў і выязной праверкі з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні А.Папкова, прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкама, Сенненскага райвыканкама і райсавета дэпутатаў, Багушэўскага сельсавета дэпутатаў, галоўнага ўрача Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы. У сустрэчы бралі ўдзел 65 чалавек. "Усё гэта - вынік барацьбы мясцовых жыхароў за захаванне медустаноў у пасёлку. Ўлады былі вымушаныя пайсці насустрач грамадзянам і адмянілі раней прынятае рашэнне ", - распавядае прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта па Воршы і рэгіёне Васіль Бераснеў.
У кастрычніку 2018 года ўлады Сенненскага раёна перавялі Багушэўскую раённую бальніцу з кругласутачнымі койкамі ў статус бальніцы сястрынскага догляду з месцамі дзённага знаходжання, а з паліклінікі зрабілі амбулаторыю. Бальнічныя месцы кругласутачнага знаходжання, паліклініку і хуткую перавялі ў Сенненскі Цэнтральную райбальніцу - каля 40 км ад Багушеўска. Галоўны аргумент - скарачэнне фінансавання на ахову здароўя ў Сенненскім раёне. Рашэнне прымалася без абмеркавання з мясцовымі жыхарамі, хаця бальніца і паліклініка абслугоўвалі больш 7100 тыс. жыхароў пасёлка і навакольных вёсак.
Багушэўцы ўбачылі ў гэтым парушэнне сваіх правоў і 18 кастрычніка выйшлі на стыхійны мітынг за захаванне ў пасёлку медустаноў. У якасці назіральніка удзельнічаў у акцыі і прадстаўнік БХК Васіль Бераснеў. Паводле яго слоў, прыняўшы рашэнне аб змене статусу бальніцы і закрыцці паліклінікі, улады раёна парушылі шэраг міжнародных дакументаў па правах чалавека і нормы нацыянальнага заканадаўства. У прыватнасці, п.1 арт. 25 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, п.1 арт.12 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, заўвагу агульнага парадку №14 "Права на найвышэйшы дасягальны ўзровень здароўя", а таксама арт. 45 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арт. 4 Закона "Аб ахове здароўя", арт. 9 Закона "Аб мінімальных дзяржаўных стандартах", Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2018/11/09 г. № 802 аб нарматывах забяспечанасці дарослага насельніцтва лекарамі, брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі.
Гэтыя нарматыўныя акты не толькі гарантуюць грамадзянам права на найвышэйшы дасягальны ўзровень здароўя, доступ да медыцынскіх паслуг, але таксама на атрыманне інфармацыі і ўдзел у прыняцці рашэнняў па ўсіх звязаных са здароўем пытаннях.
Праваабаронца таксама нагадаў, што ў 2015 годзе Беларусь прыняла Мэты ўстойлівага развіцця ААН. У рамках мэты 3 "Добрае здароўе і дабрабыт" да 2030 года Беларусь прыняла абавязацельства "забяспечыць здароўе і дабрабыт для ўсіх".
Пры садзейнічанні прадстаўніка БХК ініцыятыўная група з Багушэўска падрыхтавала калектыўныя звароты. Адно з іх - у Адміністрацыю прэзідэнта і Віцебскі аблвыканкам з патрабаваннямі захаваць бальніцу і паліклініку - размешчана на сайце "Зручны горад". Подпісы пад зваротамі паставіла больш за 1000 жыхароў пасёлка і суседніх вёсак.
У сувязі з тым, што па законе "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў", калектыўныя звароты трыццаці і больш заяўнікаў падлягаюць разгляду з выездам на месца, у Багушэўск была накіравана прадстаўнічая дэлегацыя. На сустрэчы з жыхарамі акрамя рашэння аб медустановах ўлады агучылі рашэнне аб уключэнні Богушевска ў абласную праграму па добраўпарадкаванні гарадскіх пасёлкаў 2019 год.
Мы падтрымліваем