Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 8 - 17 траўня

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

ВЫСНОВЫ

– выбары прэзідэнта 2020 года адбываюцца на фоне складанай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне, ва ўмовах пэўнага прагрэсу ў адносінах паміж Беларуссю, ЕС і ЗША;

– выбарам папярэднічаў працэс перамоваў паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі аб ратыфікацыі г.зв. “дарожных мапаў аб паглыбленай інтэграцыі”, які выклікаў крызіс у адносінах паміж дзвумя дзяржавамі, абцяжараны праблемамі з расійскімі пастаўкамі нафты і газу ў краіну;

– выбары адбываюцца на фоне пандэміі каранавіруса, што з’яўляецца сур’ёзным выклікам у сувязі з пагрозай для жыцця і здароўя як непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, так і іншых грамадзян краіны ў цэлым;

– улады краіны не прытрымліваюцца рэкамендацый СААЗ аб прыняцці захадаў, скіраваных на мінімізацыю распаўсюду пандэміі ў краіне: афіцыйна не ўведзены каранцін, не забаронена правядзенне масавых мерапрыемстваў, праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, былі праведзены рэспубліканскі суботнік і вайсковы парад 9 траўня;

– прапановы аб зменах у выбарчыя працэдуры, скіраваныя на мінімізацыю пагрозы захворвання каранавірусам падчас выбараў, падрыхтаваныя экспертамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў, ЦВК і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, былі праігнараваныя;

– за перыяд, якія папярэднічаў прызначэнню выбараў, улады краіны не прадэманстравалі значнага прагрэсу і зменаў сістэмнага характару, скіраваных на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Асноўныя грамадзянскія і палітычныя свабоды, як і раней, абцяжараныя значнымі заканадаўчымі абмежаваннямі. Праваабаронцы фіксуюць шматлікія факты парушэнняў правоў чалавека, за кратамі знаходзяцца чатыры чалавекі, прызнаныя беларускай  праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі;

– улады краіны не прынялі захадаў па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, зробленых па выніках назірання за папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі ў 2015 г., а таксама парламенцкімі выбарамі мінулага году;

– непасрэдна перад прызначэннем выбараў адбылося пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека. У перыяд з 7 па 9 траўня 2020 г.  міліцыяй затрымана больш за 120 чалавек, якія прымалі ўдзел у мірных сходах у розных гарадах Беларусі. З іх больш 50-ці былі арыштаваныя судамі за ўдзел у несанкцыянаваных сходах, 20 падвергнуты штрафам. Сярод арыштаваных – журналісты і праваабаронцы, у тым ліку сябры ПЦ “Вясна”. Дадзеныя падзеі выклікалі негатыўную рэакцыю з боку міжнародных праваабарончых і журналісцкіх арганізацый, а таксама АБСЕ і ЕС;

– 55 чалавек перадалі ў ЦВК дакументы аб рэгістрацыі  ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.  На дадзены момант вядома аб 11 выпадках адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп;

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".