У ліпені 2012-га года ў Магілёўскай турме двое зняволеных забілі свайго сакамерніка. Абвінаваўчы прысуд ім вынесены 25 красавіка 2013 года Магілёўскім аблсудом. Адзін са зняволеных, Рыгор Юзэпчук, асуджаны да выключнай меры пакарання - расстрэлу. Справа падлягае разгляду ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь у касацыйным парадку.
БХК падрыхтаваў па гэтым выпадку заключэнне грамадскай экспертызы па працэдуры «amicus curiae». У міжнароднай юрыдычнай практыцы такая дзейнасць («amicus curiae», з лац. - «сябар суду») выкарыстоўваецца як інструмент удасканалення прававой сістэмы. Падобныя даследаванні праваабарончых арганізацый праводзяцца не ў інтарэсах працэсуальнага боку, а як магчымасць выказаць нейтральнае меркаванне аўтараў з глыбокай павагай і прызнаннем высокага аўтарытэту і незалежнасці суда.
Прадметам гэтага даследавання стаў пошук аргументаў на карысць выключэння смяротнага пакарання Юзэпчуку і замены яго на альтэрнатыўнае пакаранне - пажыццёвае зняволенне.
Даведацца больш пра смяротнае пакарання ў Беларусі і альтэрнатывах смяротнаму пакаранню.
*Поўная статутная назва РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", тут і ў іншых тэкстах таксама БХК і Беларускі Хельсінкскі Камітэт.