Ці ведаюць сябры ўчастковых камісіяў, наколькі яны рызыкуюць?

9 красавіка Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў запыт у Цэнтральную камісію, дзе папрасіў даць растлумачэнні, якім спосабам павінен праводзіцца падлік галасоў кожным сябрам участковай камісіі. Запыт выкліканы тым, што Выбарчы кодэкс устанаўлівае парадак падліку галасоў сябрамі выбарчай камісіі, але не ўстанаўлівае канкрэтны спосаб падліку бюлетэняў, не вызначае, якім чынам размяркоўваюцца абавязкі паміж сябрамі камісій пры правядзенні такога падліку.

Па паведамленнях назіральнікаў БХК, на практыцы нярэдка выкарыстоўваецца такі спосаб, пры якім кожны сябра камісіі падлічвае толькі вызначаную частку бюлетэняў, пасля чаго перадае вынікі падліку старшыні камісіі. Затым атрыманыя лічбы сумуюцца і выніковыя вынікі ўносяцца ў пратакол. Атрымліваецца, што пры такім спосабе сябры камісіі не бачаць усяго працэсу падліку бюлетэняў і могуць адказваць за дакладнасць атрыманых вынікаў толькі па тых бюлетэнях, якія падлічылі яны самі, і ў такім разе проста не маюць права падпісваць выніковы пратакол, паколькі ўказаных у ім вынікаў яны проста не бачылі.
 

БХК лічыць, што пры такім спосабе падліку галасоў не рэалізуецца прынцып калегіяльнасці, выкладзены ў Выбарчым кодэксе. Па меркаванні юрыстаў БХК, належны ўзровень транспарэнтнасці мог бы быць забяспечаны ў выпадку, калі кожны сябра ўчастковай камісіі ўдзельнічаў бы ў агульным падліку бюлетэняў і непасрэдна меў бы магчымасць аглядаць кожны бюлетэнь з адзнакамі выбаршчыкаў.

15 красавіка ў БХК прыйшоў адказ ад старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. У лісце паведамляецца, што “пытанне…не патрабуе дэталёвага ўрэгулявання …, паколькі вырашаецца ў кожнай камісіі з улікам аб'ёму працы, колькасці выбаршчыкаў і сяброў камісій, досведу працы…і т. п.”.

Падобная пазіцыя Цэнтральнай выбарчай камісіі па такім важным моманце выбарчага працэсу, як падлік галасоў, не можа не здзіўляць, паколькі важнейшай задачай дадзенага органа з'яўляецца забеспячэнне правядзення справядлівых выбараў.

У гэтай сувязі застаецца задаць рытарычнае пытанне: ці ўсведамляюць сябры ўчастковых выбарчых камісіяў, што такі спосаб падліку галасоў робіць іх патэнцыйнымі саўдзельнікамі магчымых фальсіфікацый вынікаў выбараў, што з'яўляецца злачынствам па дзеючым Крымінальным кодэксе?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”