Шырокаму колу грамадскасці прадстаўлена справаздача, падрыхтаваная па выніках даследавання «Эфектыўнасць выкарыстання міжнародных праваабарончых механізмаў у дачыненні да Беларусі» выпускнікамі і экспертамі праграмы Сеткі Дамоў правоў чалавека "Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» па ініцыятыве шэрагу няўрадавых арганізацый.
Даследчы праект ажыццяўляўся групай выпускнікоў і экспертаў праграмы Сеткі дамоў правоў чалавека "Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў»(International Law in Advocacy) па ініцыятыве Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага, Праваабарончага цэнтра "Вясна", РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», Беларускай асацыяцыі журналістаў і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі.
У даследаванні ўпершыню праведзены поўны і сістэмны аналіз практыкі працэдур і органаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (Універсальны перыядычны агляд, спецыяльныя працэдуры, дагаворныя органы), Савета Еўропы (Венецыянская камісія) і АБСЕ (у частцы выбарчага працэсу і маніторынгу судовых працэсаў) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь за перыяд 1991 – 2014 гг. На аснове гэтага аналізу экспертамі выяўлены вынікі, эфекты, тэндэнцыі ўплыву названых механізмаў на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і прадстаўлены рэкамендацыі, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці працы праваабаронцаў і прадстаўнікоў дзяржавы з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі. Даследаванне грунтуецца на звестках, размешчаных у афіцыйных інфармацыйных рэсурсах міжнародных арганізацый і дзяржавы, у сродках масавай інфармацыі, а таксама на выніках анкетавання беларускіх праваабаронцаў і дадзеных нацыянальнага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.
Даследаванне заклікана ўнесці ўклад ва ўзмацненне патэнцыялу праваабарончай супольнасці, а таксама ў працэс прызнання неабходнасці і значнасці міжнародных праваабарончых механізмаў грамадствам і дзяржаўнымі структурамі, адказнымі за рэалізацыю міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.