“Праваабаронцы за свабодныя выбары” патрабуюць забяспечыць галоснасць пры галасаванні і падліку галасоў

22 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняла Пастанову, якая ўнесла змены ў пастанову ад 08.05.2020 № 15 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе».

Згодна са зменамі на перыяд сёлетняй выбарчай кампаніі ўстаноўлены абмежаванні па колькасці назіральнікаў, якія могуць знаходзіцца на ўчастку для галасавання: да 5 назіральнікаў – у асноўны дзень галасавання, да 3 – у перыяд датэрміновага галасавання. Акрамя таго, прадугледжана, што на выбарчых участках, дзе колькасць сябраў УВК складае не больш за 7 чалавек, максімальная колькасць назіральнікаў не можа складаць больш за палову ад складу камісіі.

У сувязі з гэтым кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” заяўляе:

У адпаведнасці з артыкулам 13 Выбарчага кодэкса падрыхтоўка і правядзенне выбараў Прэзідэнта ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Рэалізацыя гэтага прынцыпа забяспечваецца ў тым ліку правам прысутнічаць на ўчастках для галасавання назіральнікам.

Улічваючы тое, што на момант прыняцця зменаў у адпаведную пастанову ЦВК у якасці назіральнікаў ва ўчастковых выбарчых камісіях акрэдытаваны больш за 40.000 назіральнікаў, якія прадстаўляюць праўладныя палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, можна зрабіць выснову, што ўладамі былі штучна створаныя ўмовы, пры якіх незалежнае назіранне за этапам галасавання і падліку галасоў было фактычна спынена. Правядзенне ў такіх умовах галасавання і падліку галасоў супярэчыць стандартам свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Пры абмеркаванні праекта зменаў у пастанову старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына спаслалася на Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па правядзенні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў пры правядзенні выбараў Прэзідэнта. Але аналіз гэтых рэкамендацый дазваляе зрабіць выснову, што яны з’яўляюцца адэкватнымі сёняшней сітуацыі і накіраваны, перш за ўсё, на стварэнне неабходных умоў, пры якіх магчыма прадухіліць распаўсюджванне COVID-19. Пастанова ж ЦВК не улічвае гэтыя рэкамендацыі, беспадстаўна і штучна абмяжоўвае магчымасці назірання.

Нагадваем, што ў адпаведнасці з Капенгагенскім дакументам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, Рэспубліка Беларусь, як дзяржава-удзельніца АБСЕ пацвердзіла, што прысутнасць назіральнікаў, як замежных, так і нацыянальных, можа павысіць аўтарытэтнасць выбарчага працэсу для дзяржаў, у якіх праводзяцца выбары. Гэта азначае, што Беларусь прызнала: назіранне выконвае важную ролю ў павышэнні празрыстасці і падсправаздачнасці выбараў, а таксама ва ўмацаванні даверу грамадства да выбарчага працэсу.

Раней кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўжо канстатавала, што створаныя ўладамі ўмовы выбарчай кампаніі не адпавядаюць міжнародным стандартам правядзення справядлівых, дэмакратычных выбараў, заснаваных на прынцыпах роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбы. Сённяшняе рашэнне ЦВК – гэта фактычна поўнае перакрэсліванне апошніх выбарчых працэдур у краіне.

У сувязі з гэтым мы чарговы раз заклікаем улады Беларусі забяспечыць поўную рэалізацыю фундаментальных правоў і свабод чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Капенгагенскім дакуменце і ў іншых міжнародна-прававых дакументах у сферы правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду выказвання меркавання, права на мірныя сходы, правы быць абраным на свабодных выбарах, права не падвяргацца адвольным затрыманням, і спыніць ціск і запалохванне грамадзян у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі.

Мы заклікаем ЦВК:

  • перагледзець сваё рашэнне, якое сур’езна і беспадстаўна абмяжоўвае магчымасці назірання;
  • забяспечыць магчамасць анлайн-трансляцый галасавання і падліку галасоў, запрасіць адпаведнае фінансаванне, у тым ліку з крыніц, не забароненых заканадаўствам;

Мы заклікаем участковыя выбарчыя камісіі:

  • для рэалізацыі прынцыпа роўнасці забяспечыць доступ для незалежных назіральнікаў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".