Сістэмная палітычная дыскрымінацыя ў Беларусі: механізмы, маштаб, наступствы

Рэпрэсіі ў Беларусі звычайна асацыююцца з вядомымі выпадкамі непасрэднага крымінальнага або адміністрацыйнага пераследу — затрыманнямі, ператрусамі, пазбаўленнем волі. Пра сітуацыю ў краіне часта мяркуюць па колькасці людзей, прызнаных палітвязнямі. Увага засяроджваецца на гэтых пытаннях, а таксама на парушэннях «традыцыйных» для нашага кантэксту правоў — свабоды выказвання меркаванняў, свабоды асацыяцый і мірных сходаў, права на справядлівы суд. На гэтым фоне іншыя формы палітычна матываванага абмежавання правоў могуць успрымацца як недастаткова сур'ёзныя, а звязаныя з імі рызыкі — недаацэньвацца.

Аднак пасля 2020 года рэпрэсіўны апарат у Беларусі трансфармаваўся і сёння здольны забяспечваць масавыя і сістэматычныя парушэнні значна шырэйшага спектра правоў у дачыненні да значна шырэйшага кола людзей — іншадумцаў і тых, каго дзяржава лічыць такімі. Гэта стала магчымым дзякуючы спалучэнню адвольных прававых падстаў, выбіральнага правапрымянення і нефармальных, непісаных чаканняў дзяржавы адносна паводзінаў службовых і прыватных асоб.

Даўно знаёмая беларускаму грамадству формула «вы ж усё разумееце» адлюстроўвае менавіта гэтую логіку. Сёння яна набыла новую актуальнасць ва ўмовах пашырэння дыскрымінацыйнай палітыкі на розныя сферы жыцця і групы людзей. Калі падставай для прымянення рэпрэсіўных мер становяцца, па сутнасці, звычайныя, законныя паводзіны, гэтая формула дапамагае пераадолець разрыў паміж фармальнымі прававымі падставамі і рэальнымі палітычнымі матывамі, растлумачыць невідавочную сувязь паміж сапраўднай або меркаванай палітычнай «ненадзейнасцю» і наступным пераследам.

Канцэпцыя сістэмнай палітычнай дыскрымінацыі дапамагае зразумець прыроду і маштаб таго, што адбываецца ў краіне. У нашым выпадку гаворка ідзе не пра эпізадычныя парушэнні правоў чалавека, а пра мэтанакіраваную дыскрымінацыйную дзяржаўную палітыку, якая рэалізуецца на розных узроўнях і ў многіх сферах. Кола людзей, якія пацярпелі ад гэтай палітыкі, значна шырэйшае за кола асоб, якіх звычайна адносяць да ахвяр палітычных рэпрэсій.

 

Каму адрасаваныя гэты даклад і дадатковыя матэрыялы да яго

Міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека і механізмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя

Даклад дазваляе падысці да міжнародна-прававой ацэнкі і кваліфікацыі сітуацыі ў Беларусі праз аналітычную прызму сістэмнай дыскрымінацыі. З гэтага пункту гледжання ён выяўляе механізмы, якія фарміруюць і ўзнаўляюць рэпрэсіўную дыскрымінацыйную сістэму, звяртае ўвагу, сярод іншага, на тэндэнцыю да яе пастаяннага пашырэння ў форме «спадарожных рэпрэсій», а таксама на крытычна важную ролю «сістэмы сігналаў» і дыскрымінацыйнага правапрымянення. Такая прызма дазваляе ўлічыць больш шырокае кола пацярпелых і больш шырокі спектр закранутых правоў чалавека, з асаблівым акцэнтам на сацыяльных і эканамічных правах.

Дыпламаты, іншыя прадстаўнікі замежных дзяржаў і асобы, якія фарміруюць палітычныя пазіцыі

Даклад прапануе разглядаць рэпрэсіі ў Беларусі праз прызму сістэмнай дыскрымінацыі. Іх маштаб і кола пацярпелых істотна шырэйшыя, чым можа здавацца пры разглядзе асобных рэпрэсіўных практык ізалявана адна ад адной. Улік прыроды і рэальнага маштабу рэпрэсіўнай сістэмы можа быць карысным для выпрацоўкі палітычных пазіцый, адвакацыі і вызначэння мер, неабходных для нармалізацыі сітуацыі ў краіне і абароны пацярпелых, у тым ліку беларусаў у выгнанні.

Міграцыйныя органы дзяржаў, у якіх беларусы шукаюць абароны або права на пражыванне

Даклад змяшчае інфармацыю, важную для ацэнкі сітуацыі ў краіне: пра будову рэпрэсіўнай сістэмы і яе характэрныя рысы, пра рэальны маштаб рэпрэсій і, зыходзячы з гэтага, пра індывідуальныя рызыкі для канкрэтных асоб.

Аналітычная прызма сістэмнай дыскрымінацыі ў спалучэнні з асаблівасцямі сістэмы — значэннем «сігналаў» аб ненадзейнасці для наступнага пераследу, латэнтнасцю рэпрэсій і тэндэнцыяй да «спадарожных рэпрэсій» — дапамагае зразумець, чаму рызыка індывідуальнага палітычна матываванага пераследу можа быць высокай нават для людзей, якія не займаліся актыўнай палітычнай дзейнасцю. Яна таксама дапамагае зразумець, чаму адсутнасць дакументальна пацверджанага пераследу не азначае, што пры перасячэнні мяжы чалавек не сутыкнецца з адвольным затрыманнем, несправядлівым судовым разбіральніцтвам і пазбаўленнем волі.

Асноўныя высновы даклада для міграцыйных органаў выкладзеныя ў асобнай англамоўнай аналітычнай запісцы: Asylum-note-systemic-political-discrimination-belarus-en.pdf

 

На жаль, з прычыны абмежаванасці нашых рэсурсаў даклад і дадатковыя матэрыялы да яго пакуль даступныя толькі на рускай і англійскай мовах. Прыносім прабачэнні за гэтыя нязручнасці і дзякуем за разуменне.