Выбары*2025. Аналітычная справаздача па выніках назірання за перадвыбарнай агітацыяй

Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

ВЫСНОВЫ:

  • цалкам кантраляваныя ўладамі выбары*2025, уключна з этапам агітацыі, адбываюцца ў рэпрэсіўным клімаце, ва ўмовах зачышчанага палітычнага ды інфармацыйнага поля (гл. папярэднія справаздачы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары");
  • у межах этапу агітацыі мусіла б весціся палітычная барацьба паміж кандыдатамі ў прэзідэнты, аднак у сітуацыі імітацыі канкурэнтнасці (большасць кандыдатаў не пазіцыянавалі сябе як рэальную альтэрнатыву А. Лукашэнку, а хутчэй агітавалі за яго, што добра адлюстравана ў заяве С. Сыранкова: "Не вместо, а вместе"), дзеянні ўсіх кандыдатаў, акрамя А. Лукашэнкі, які карыстаўся адміністрацыйным рэсурсам, былі практычна не заўважныя для шырокай аўдыторыі;
  • патрабаванні выбарчага заканадаўства паводле забеспячэння публікацыі перадвыбарных праграм і прадастаўлення эфірнага часу на дзяржаўным радыё і тэлебачанні былі выкананыя, аднак немагчыма казаць аб роўнасці кандыдатаў у выкарыстанні СМІ; фармальна праводзіліся тэледэбаты (А. Лукашэнка, як заўсёды, адмовіўся ў іх удзельнічаць). Некаторыя выступленні кандыдатаў (А. Гайдукевіч, С. Сыранкоў) утрымлівалі прыкметы распальвання варожасці, забароненай арт. 47 ВК;
  • перадвыбарная агітацыя адбывалася ў няроўных умовах: у падтрымку А. Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і дзяржаўных СМІ. Мы можам вылучыць некалькі механізмаў такога злоўжывання: 1) выкарыстанне адміністрацыйных ды інфармацыйных магчымасцяў, што прыкладаюцца да пасады прэзідэнта, як частка агітацыйнай кампаніі А. Лукашэнкі; 2) акцыі ў межах "Марафону адзінства" і раскрутка лозунга "Время выбрало нас!"; 3) кампанія (флэшмоб) "Надо!"; 4) інфармаванне аб выбарах у цэлым, якое выкарыстоўваецца для схаванай агітацыі на карысць А. Лукашэнкі; 5) сустрэчы давераных асоб А. Лукашэнкі, многія з якіх з'яўляюцца службовымі асобамі, з прадстаўнікамі працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, у тым ліку ў працоўны час;
  • невыразная мяжа паміж выкананнем дзяржаўных абавязкаў і агітацыяй, што свядома падтрымліваліся, дазволілі А. Лукашэнку сумяшчаць афіцыйныя візіты, сустрэчы і паездкі з фактычнай агітацыяй, карыстаючыся прывілеямі шырокага інфармацыйнага абслугоўвання пасады прэзідэнта за дзяржаўны кошт; таксама прынятае А. Лукашэнкам у афіцыйнай якасці прэзідэнта рашэнне аб павышэнні пенсій падчас выбараў, можа разглядацца як подкуп выбаршчыкаў і з'яўляецца формай выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу;
  • маштабная прапагандысцкая кампанія "Марафон адзінства", якая доўжылася 4 месяцы, забяспечвалася дзяржаўным фінансаваннем (сума выдаткаў ацэньваецца ў больш чым 3,5 млн. рублёў), фактычна была перадвыбарнай кампаніяй А. Лукашэнкі. Лозунг перадвыбарнай кампаніі А. Лукашэнкі "Время выбрало нас!" прасоўваўся з дапамогай УНС, "Марафону адзінства", штодзённага "гістарычнага" тэлепраекта "Время выбрало нас!" на тэлеканале Беларусь 1;
  • імітацыя палітычнай актыўнасці і шырокай падтрымкі, а таксама дадатковыя рэсурсы на агітацыю былі атрыманыя А. Лукашэнкам дзякуючы флэшмобу "Надо!", які падаваўся як стыхійная кампанія падтрымкі А. Лукашэнкі, але меў прыкметы арганізаванага мерапрыемства, больш за тое, мерапрыемствы, да ўдзелу ў якім прымушаюць;
  • гэтак жа як і на выбарах*2024, адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы пра выбары падмяняюць сабой жывы палітычны працэс. Але нават у межах такіх "агульных" словаў пра важнасць выбараў і пра абавязак выбаршчыкаў узяць удзел у выбарах (з акцэнтам на датэрміновым галасаванні, які захоўваўся), знаходзіцца месца для ўскоснай агітацыі за А. Лукашэнку (заявы аб правільнасці "абранага курсу" і неабходнасці падтрымліваць "нацыянальнага лідара");
  • у адсутнасць незалежных назіральнікаў і дастатковай празрыстасці працэсу паступлення і расходавання сродкаў у выбарчых фондах кандыдатаў, ажыццявіць паўнавартаснае назіранне за фінансавым бокам выбараў немагчыма. Пры гэтым, афіцыйна заяўленыя выдаткі ўсіх кандыдатаў (уключна з А. Лукашэнкам) істотна ніжэй вызначанага ліміту ў 420 000 руб. Нават сума, выдаткаваная з фонду А. Лукашэнкі (92 032 руб.), відавочна малая для разгортвання паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі па ўсёй краіне.

 

 


*Для мэтаў гэтай заявы ды іншых дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі – 2025 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі напоўніцу рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.