Выбары*2025. Папярэдняя аналітычная справаздача паводле вынікаў назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

ВЫСНОВЫ:

Чарговыя, сёмыя, прэзідэнцкія выбары* у Беларусі адбыліся на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі, што пачаліся пасля мірных пратэстаў супраць фальсіфікацый на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах. Улады працягваюць адвольна пераследаваць паводле палітычных падставаў кандыдатаў, сябраў выбарчых штабоў ды ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і проста неабыякавых грамадзян, якія паставілі свой подпіс за вылучэнне незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. Прызначэнне выбараў на 26 студзеня 2025 г., за 6 месяцаў да чаканай даты іх правядзення (і за 7 дзён да крайняга тэрміну рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты), сведчыць аб інструменталізацыі электаральных працэдур і маніпуляцыі заканадаўствам. Па сутнасці, улады падагналі дату выбараў пад палітычныя задачы, тым самым парушыўшы выбарчае заканадаўства з пункту гледжання роўнасці магчымасцяў кандыдатаў і прынцыпу прадказальнасці выбараў, прадугледжанага міжнароднымі стандартамі ў галіне выбараў.

Праведзены кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары прэзідэнта не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі Выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Усе этапы выбарчага працэсу не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пры імітацыі яго шырокай народнай падтрымкі. Пра гэта сведчаць:

  • поўны ўціск права на свабоднае выказванне меркаванняў, свабоду мірных сходаў, свабоду асацыяцый ды іншых правоў чалавека, без [належнай рэалізацыі] якіх немагчыма казаць пра свабодныя і дэмакратычныя выбары;
  • непразрыстае фармаванне выбарчых камісій;
  • узгодненыя ўладамі кандыдаты, якія пабудавалі свае перадвыбарныя праграмы не на крытыцы палітыкі А. Лукашэнкі, а на яго поўнай падтрымцы (за выключэннем Г. Канапацкай);
  • збор подпісаў, накіраваны на стварэнне бачнасці падтрымкі толькі А. Лукашэнкі (заяўлены збор подпісаў больш за траціну ўсіх выбаршчыкаў), пры выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу і прымусу, бо спісы адкрытыя і адмова ад подпісу магла стаць падставай для палітычнага пераследу;
  • агітацыя, пры якой усе кандыдаты акрамя А. Лукашэнкі былі практычна нябачныя ў інфармацыйнай прасторы, а ў падтрымку А. Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс для імітацыі палітычнай актыўнасці і шырокай падтрымкі, што практычна можна назваць абслугоўваннем культу А. Лукашэнкі;
  • працяг практыкі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні;
  • атмасфера запалохвання з забаронамі на фатаграфаванне і вынас бюлетэняў, дзяжурствам некалькіх супрацоўнікаў міліцыі на ўсіх участках для галасавання;
  • непразрыстая працэдура падліку галасоў;
  • заяўленыя рэкордныя лічбы яўкі (85,7%), у тым ліку на датэрміновым галасаванні (41,81%), якія перавышаюць дадзеныя 2020 г. (84,38% і 41,70% адпаведна), калі ўзровень палітызацыі і мабілізацыі грамадства быў значна вышэйшы, што было відавочна па чэргах на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання;
  • поўная адсутнасць незалежных назіральнікаў.

Правядзенне свабоднай і адкрытай выбарчай кампаніі немагчымае ў сітуацыі палітычнага тэрору: спіс палітычных зняволеных штотыдзень папаўняецца і ў ім стабільна больш за 1200 чалавек. Інфармацыйная прастора цалкам зачышчаная; практычна ўсе незалежныя СМІ выціснутыя з краіны, а распаўсюд іх матэрыялаў з-за мяжы значна ўскладнены палітычна матываваным злоўжываннем антыэкстрэмісцкім заканадаўствам. "Дзяржаўная ідэалогія" абслугоўвае культ аўтарытарнага праўлення А. Лукашэнкі. У публічным полі няма прызнання важнасці палітычнага плюралізму. Фактычна ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі ды палітычныя грамадскія арганізацыі, а іх лідары ды многія актывісты асуджаныя да пазбаўлення волі або былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз пагрозы адвольнага, палітычна матываванага пераследу. Рэпрэсіўны ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці, асабліва на праваабарончыя арганізацыі, ды іх масавая ліквідацыя, выключаюць грамадзянскі кантроль за правядзеннем выбараў. Незалежнае грамадзянскае назіранне за выбарамі ўнутры краіны адсутнічае; з міжнародных назіральнікаў запрошаныя толькі палітычна ангажаваныя.

Выбарчыя камісіі

  • Агульныя ўмовы і рэальная працэдура фармавання тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій (ТВК і УВК), што з'яўляюцца важным механізмам выбарчага працэсу, прадэманстравалі дзяржаўны дырыжызм усіх выбарчых працэсаў пры імітацыі актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці, што дало поўны кантроль дзеючай выканаўчай уладзе над сфармаванымі камісіямі.
  • Фармаванне ТВК і УВК праходзіла ва ўмовах, калі сярод двух ключавых актараў грамадзянскай супольнасці – палітычных партый ды іншых грамадскіх аб'яднанняў – не засталося арганізацый, якія маглі б выявіць незалежную ініцыятыву. Успадкаваныя з савецкіх часоў "працоўныя калектывы" не з'яўляюцца палітычнымі суб'ектамі і выбарчыя працэсы ад іх імя арганізоўваліся адміністрацыйнымі метадамі. Грамадзяне, таксама надзеленыя правам удзелу ў фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій, запалоханыя агульнай атмасферай тэрору; супраць людзей, якія паказвалі актыўнасць у мінулыя выбарчыя цыклы, ужываюцца прэвентыўныя рэпрэсіі.
  • Магчымасці грамадскага кантролю, незалежнага назірання за працэсам фармавання ТВК і УВК не проста зведзеныя да нуля, але з'яўляюцца дзейнасцю, якая пераследуецца.
  • На карысць адміністрацыйна-каманднага кіравання ўсім працэсам сведчыла і агульная спешка: 1,725 чалавек нібыта былі вылучаныя партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі ўсяго за 1 тыдзень у колькасці, неабходнай для фармавання фактычна ўсіх ТВК у максімальным складзе.
  • Агулам было ўтворана 5325 УВК (на 86 менш, чым у адзіны дзень галасавання 2024 г., і на 398 менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. (даныя без уліку ўчасткаў за мяжой у 2020 г.)). У іх склад увайшло 56 550 чалавек. Скарачэнне колькасці УВК пры невялікім павелічэнні сярэдняй колькасці сябраў камісій азначае, што скарочаныя малалікія ўчасткі, то-бок гэты працэс можна ахарактарызаваць як узбуйненне выбарчых участкаў; такая аптымізацыя адлюстроўвае дэмаграфічныя працэсы, але можа ставіць пытанне фізічнай дасягальнасці ўчасткаў;
  • Публічна дасягальная была толькі мінімальная інфармацыя як аб магчымасцях вылучэння ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, так і аб пасяджэннях органаў, якія ўтвараюць камісіі, а таксама іх выніках: працэс правядзення пасяджэнняў заставаўся непразрыстым і неканкурэнтным. Пайменныя спісы членаў камісій па-ранейшаму не публікаваліся.
  • Ключавым рэсурсам выканаўцаў, якія забяспечваюць правядзенне выбараў* на ўзроўні ТВК і УВК (акрамя пакінутых пасля перарэгістрацыі чатырох палітычных партый, усе з якіх падтрымліваюць курс дзеючай улады), застаюцца пяць найбуйнейшых грамадскіх аб'яднанняў (БРСМ, Белая Русь, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Фонд міру), 4 з якіх маюць з 2023 г. заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы, і прафсаюзы, якія ўваходзяць у ФПБ. Працэнт "праходнасці" кандыдатаў ад гэтых праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія імітуюць грамадзянскую супольнасць, сумесна фармуюць 63% складаў усіх ТВК, імкнуўся да 100%; ва УВК прадстаўнікі грамадзян занялі 29,1% месцаў; прадстаўнікі 4 палітычных партый – 9,8%; прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў – 49,4%; прадстаўнікі працоўных калектываў – 11,7%;
  • Прыкметная асаблівая роля праўладных прафсаюзаў, якія атрымалі 15,7% месцаў ва УВК, што пацвярджае ролю прафсаюзаў як адной з асноўных крыніц "працоўных рук" для парушэння выбарчага заканадаўства і пры гэтым стварэння карцінкі дэмакратычнага працэсу.
  • Ненатуральна выглядалі паводзіны палітычных партый: лідары 3 з 4 партый, якія засталіся ў Беларусі, зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, і было б лагічна бачыць актыўную гатоўнасць запоўніць УВК сваімі прадстаўнікамі, але гэтыя 3 партыі сукупна вылучылі толькі 4,3% ад агульнай колькасці вылучаных прадстаўнікоў. Такія паказчыкі падкрэсліваюць імітацыйны характар удзелу палітычных партый ды іх лідараў у гэтых выбарах*; іх асноўная роля – забеспячэнне легітымацыі працэдуры праз стварэнне карцінкі альтэрнатыўнасці і дэмакратычнасці
  • У сітуацыі татальнай зачысткі грамадзянскай актыўнасці асабліва сумнеўнай з'яўляецца заяўленая нізавая актыўнасць грамадзян, якія нібыта вылучылі больш за 16,5 тысяч прадстаўнікоў у сябры УВК, якія сабралі подпісы як мінімум 10 чалавек у падтрымку свайго вылучэння.
  • Такім чынам, улічваючы атмасферу агульнай запалоханасці, адсутнасць эфектыўнага інфармавання і вельмі сціснутыя тэрміны, можна канстатаваць, што ў актыўных грамадзян фактычна адсутнічала магчымасць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК і УВК. Мэта этапу фармавання выбарчых камісій была хутчэй супрацьлеглая: правесці яго як мага хутчэй і цішэй.
  • Захавалася гендарная дыспрапорцыя: доля жанчын (74,8%) у складзе УВК значна перавышае долю мужчын.
  • Трэцюю выбарчую кампанію заканадаўства дазваляе не публікаваць пайменныя спісы сябраў УВК. Гэта значна ўскладняе магчымасць ацаніць спецыфіку складу УВК, у прыватнасці тое, наколькі захоўваўся звычайна практыкаваны "вытворчы прынцып" фармавання выбарчых камісій, калі сябры камісіі лічацца прадстаўнікамі розных суб'ектаў (партыі, грамадзяне, грамадскія аб'яднанні), але набраныя з аднаго працоўнага калектыву, а іх непасрэдныя начальнікі з'яўляюцца кіраўнікамі гэтых выбарчых камісіяў;

Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў

  • Захоўваецца рэпрэсіўная атмасфера пагрозаў, нагнятання страху, ціску і рэпрэсій у сувязі з любой несанкцыянаванай уладамі грамадзянскай актыўнасцю. "Прафілактычныя гутаркі", паўторныя затрыманні людзей, якія паказвалі актыўнасць у перыяд папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі 2020 г., спалучаюцца з дэманстрацыяй гатоўнасці жорстка задушыць любыя праявы нелаяльнасці ў дадзенай выбарчай кампаніі. Гэтая атмасфера страху негатыўна ўплывала на шанцы "здаровых" паводзін выбаршчыкаў – якія бачылі рэпрэсіўныя наступствы прастаўлення подпісаў за альтэрнатыўных А. Лукашэнку кандыдатаў у 2020 годзе і не хацелі рызыкаваць, ставіць подпісы за каго б там ні было ў перыяд збору подпісаў у канцы 2024 г.;
  • Заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты падалі 11 чалавек (у 2020 г. — 55). ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Дзіяны Кавалёвай (у сувязі з недастатковай колькасцю сябраў ініцыятыўнай групы), Аляксандра Драздова і Віктара Куляша (у сувязі з невыкананнем патрабаванняў па спісе сябраў ініцыятыўнай групы), Юрыя Губарэвіча (у сувязі з накіраваннем дакументаў па электроннай пошце, што не прадугледжана выбарчым заканадаўствам).
  • ЦВК зарэгістравала 7 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты — Аляксандра Лукашэнкі (дзеючага прэзідэнта), Алега Гайдукевіча (старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі), Аляксандра Хіжняка (старшыні Рэспубліканскай партыі труда і справядлівасці), Вольгі Чамаданавай (начальніцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама), Ганны Канапацкай (індывідуальнай прадпрымальніцы), Сяргея Бобрыкава (старшыні Рэспубліканскага савета грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз афіцэраў"), Сяргея Сыранкова (першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі). Пазней было абвешчана, што В. Чамаданава і С. Бобрыкаў падалі заявы аб спыненні працы сваіх ініцыятыўных груп. Ніхто з гэтых кандыдатаў не вылучыўся як відавочная альтэрнатыва А. Лукашэнку, хутчэй за ўсе яны былі запланаваныя як "спарынг-партнёры", якія мусілі забяспечыць фармальную альтэрнатыўнасць у бюлетэні.
  • Захаванне ў заканадаўстве дазволу збіраць подпісы на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў ўмацавала механізм адміністрацыйна-каманднага прымусу да падпісання ў падтрымку А. Лукашэнкі і ў некаторых выпадках паралельна А. Хіжняка і, верагодна, іншых "спарынг-партнёраў". Зборшчыкі подпісаў часта не прад'яўлялі дакументы, інфармацыя для падпісных аркушаў падавалася аддзеламі кадраў бюджэтных устаноў і дзяржаўных прадпрыемстваў.
  • Збор подпісаў прайшоў з сур'ёзнымі парушэннямі стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, у атмасферы запалохвання і прымусу. Дэ-факта ўлады рабілі актыўныя дзеянні па папярэджанні любой патэнцыйнай не санкцыянаванай "зверху" грамадзянскай актыўнасці. Працэс збору подпісаў выключаў роўнасць кандыдатаў і быў накіраваны на забеспячэнне карцінкі падтрымкі толькі аднаго кандыдата, А. Лукашэнкі, з традыцыйным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і прымусу выбаршчыкаў да падпісання за яго вылучэнне кандыдатам. Дадзены этап з'яўляецца самым празрыстым для выканаўчай вертыкалі, калі ўсе прастаўленыя подпісы і адмова іх праставіць мог стаць падставай для палітычна-матываванага пераследу.
  • ТВК пацвердзілі збор неабходных 100 тысяч подпісаў усімі пяццю прэтэндэнтамі. Праверка подпісаў, як і раней, адбывалася непразрыста і ў вельмі сціснутыя тэрміны, што выклікае абгрунтаваныя сумневы ў праўдзівасці агучаных лічбаў.
  • Часткай фактычна агітацыйнай кампаніі, закліканай легітымаваць ідэю шырокай падтрымкі выбаршчыкамі А. Лукашэнкі ўжо на гэтым этапе, з'яўлялася рэкордна высокая колькасць заяўленых подпісаў і розніца паміж нібыта сабранымі подпісамі ў яго падтрымку (больш за 2,5 млн. подпісаў, каля 35% усіх выбаршчыкаў) і подпісамі, сабранымі іншымі кандыдатамі (у межах 112-134 тысячы). Асаблівая роля была адведзена дзяржаўным і праўладным медыя-рэсурсам, асабліва раённым газетам, якія факусаваліся на фактычнай агітацыі за А. Лукашэнку.
  • ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі і выдаў пасведчанні аб рэгістрацыі 5 прэтэндэнтам: Алегу Гайдукевічу, Ганне Канапацкай, Аляксандру Лукашэнку, Сяргею Сыранкову і Аляксандру Хіжняку на наступны ж дзень пасля пачатку этапу рэгістрацыі, то-бок гэта самая хуткая рэгістрацыя за гісторыю правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Агітацыя

  • У межах этапу агітацыі павінна была весціся палітычная барацьба паміж кандыдатамі ў прэзідэнты, аднак у сітуацыі імітацыі канкурэнтнасці (большасць кандыдатаў не пазіцыянавалі сябе як рэальную альтэрнатыву А. Лукашэнку, а хутчэй агітавалі за яго, што добра адлюстравана ў заяве С. Сыранкова: "Не вместо, а вместе"), дзеянні ўсіх кандыдатаў, акрамя А. Лукашэнкі, які карыстаўся адміністрацыйным рэсурсам, былі практычна не заўважныя для шырокай аўдыторыі.
  • Патрабаванні выбарчага заканадаўства па забеспячэнні публікацыі перадвыбарных праграм і вылучэння эфірнага часу на дзяржаўным радыё і тэлебачанні былі выкананыя, аднак не даводзіцца казаць аб роўнасці кандыдатаў у выкарыстанні СМІ; фармальна праводзіліся тэледэбаты (А. Лукашэнка, як заўсёды, адмовіўся ў іх удзельнічаць). Некаторыя выступы кандыдатаў (А. Гайдукевіч, С. Сыранкоў) утрымлівалі прыкметы распальвання варожасці, забароненай арт. 47 Выбарчага кодэкса.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: у падтрымку А. Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і дзяржаўных СМІ. Мы можам вылучыць некалькі механізмаў такога злоўжывання: 1) выкарыстанне адміністрацыйных і інфармацыйных магчымасцяў, якія прыкладаюцца да пасады прэзідэнта, як частка агітацыйнай кампаніі А. Лукашэнкі; 2) акцыі ў межах "Марафону адзінства" і раскрутка лозунга "Время выбрало нас!"; 3) Кампанія (флэшмоб) "Надо!"; 4) інфармаванне аб выбарах агулам, якое выкарыстоўваецца для схаванай агітацыі на карысць А. Лукашэнкі; 5) сустрэчы давераных асоб А. Лукашэнкі, многія з якіх з'яўляюцца службовымі асобамі, з прадстаўнікамі працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, у тым ліку ў працоўны час.
  • Свядома падтрымоўваная невыразная мяжа паміж выкананнем дзяржаўных абавязкаў і агітацыяй дазволілі А. Лукашэнку сумяшчаць афіцыйныя мерапрыемствы з фактычнай агітацыяй, карыстаючыся прывілеямі шырокага інфармацыйнага абслугоўвання пасады прэзідэнта за дзяржаўны кошт; таксама прынятае А. Лукашэнкам ў афіцыйнай якасці прэзідэнта рашэнне аб павышэнні пенсій падчас выбараў, можа разглядацца як подкуп выбаршчыкаў і з'яўляецца формай выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу.
  • Маштабная прапагандысцкая кампанія "Марафон адзінства", якая доўжылася 4 месяцы, забяспечаная дзяржаўным фінансаваннем (сума выдаткаў ацэньваецца ў больш чым 3,5 млн рублёў), фактычна была перадвыбарнай кампаніяй А. Лукашэнкі. Лозунг перадвыбарнай кампаніі А. Лукашэнкі "Время выбрало нас!" прасоўваўся з дапамогай УНС, "Марафону адзінства", штодзённага "гістарычнага" тэлепраекта "Время выбрало нас!" на тэлеканале Беларусь 1.
  • Імітацыя палітычнай актыўнасці і шырокай народнай падтрымкі, а таксама дадатковыя рэсурсы на агітацыю былі атрыманыя А. Лукашэнкам дзякуючы флэшмобу "Надо!", які падаваўся як стыхійная кампанія падтрымкі А. Лукашэнкі, але меў прыкметы арганізаванага мерапрыемства, больш за тое, мерапрыемства, да ўдзелу ў якім прымушаюць.
  • Гэтак жа як і на выбарах*2024, адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы пра выбары падмянялі сабой жывы палітычны працэс. Але нават у межах такіх "агульных" словаў пра важнасць выбараў і пра абавязак выбаршчыкаў узяць удзел у выбарах (з акцэнтам на датэрміновым галасаванні, які захоўваўся), знаходзілася месца для ўскоснай агітацыі за А. Лукашэнку (заявы аб правільнасці "абранага курсу" і неабходнасці падтрымліваць "нацыянальнага лідара").
  • У адсутнасць незалежных назіральнікаў і дастатковай празрыстасці працэсу паступлення і расходавання сродкаў у выбарчых фондах кандыдатаў, ажыццявіць паўнавартаснае назіранне за фінансавым бокам выбараў немагчыма. Пры гэтым, афіцыйна заяўленыя выдаткі ўсіх кандыдатаў (уключна з А. Лукашэнкам) істотна ніжэй вызначанага ліміту ў 420 000 руб. Нават сума, выдаткаваная з фонду А. Лукашэнкі (105.588,87 руб.), відавочна малая для разгортвання паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі па ўсёй краіне.

Галасаванне і вынікі

  • Пасля шырока аспрэчаных вынікаў папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, А. Лукашэнку было важна паказаць падтрымку выбаршчыкаў і тым самым легітымаваць сваё знаходжанне ва ўладзе. Яўка ў традыцыях аўтарытарнай дзяржавы разглядаецца як доказ легітымацыі нароўні з набранымі галасамі. Верагодна, важнай задачай дэманстрацыі "перагорнутай старонкі", г. зн. утрымання кантролю над краінай, з'яўляюцца паказчыкі і па яўцы, і па выніку больш, чым на выбарах 2020 г.
  • Улады прыкладвалі намаганні для арганізацыі рэальнай яўкі (выкарыстоўваючы адміністрацыйны ціск), але яшчэ больш інтэнсіўна арганізоўвалася інфармацыйная карцінка масавай актыўнасці выбаршчыкаў (інфармацыйныя мерапрыемствы вакол выбараў* ды іх медыйнае асвятленне актыўна стваралі "атмасферу свята" і масавай падтрымкі А. Лукашэнкі).
  • Як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі, датэрміновае галасаванне мела адміністрацыйна-мабілізацыйны, прымусовы і справаздачны характар. Нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс вызначае датэрміновае галасаванне як экстраардынарныя захады, якія павінны выкарыстоўвацца пры немагчымасці выбаршчыка прагаласаваць у асноўны дзень, улады заклікалі і прымушалі галасаваць датэрмінова; афіцыйная яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне склала рэкордныя 41,81% (48,8% ад усіх тых, хто прагаласаваў).
  • Выбары*2025 праходзілі ва ўмовах узмоцненай і відавочна празмернай прысутнасці сілавых структур: на ўсіх участках для галасавання знаходзілася некалькі супрацоўнікаў міліцыі, было ўстаноўлена відэаназіранне і "трывожныя кнопкі" для сябраў камісій, участкі былі абсталяваныя адкрытымі кабінкамі, якія дазваляюць сачыць за тым, што ў іх адбываецца.
  • Асноўнае парушэнне выбарчага заканадаўства, пра якое актыўна папярэджвалі ўсе задзейнічаныя ў інфармацыйным абслугоўванні выбарчай кампаніі, і факты якія актыўна агучваюцца — фатаграфаванне бюлетэня (менавіта фатаграфаванне бюлетэняў у 2020 г. дазволіла выявіць факты масавай фальсіфікацыі вынікаў выбараў).
  • Папярэднія вынікі галасавання па ўсёй краіне былі агучаныя ЦВК праз 6 гадзін пасля закрыцця ўчасткаў.
  • Падлік галасоў па-ранейшаму насіў непразрысты характар, даныя па выбарчых участках не апублікаваныя.
  • Пры нібыта вялікай адкрытасці ЦВК і наяўнасці інфармацыі па выбарах на яе сайце і аператыўнага інфармавання ў тэлеграм-канале, ніякія даныя не прадастаўляюцца ЦВК у машыначытальным выглядзе (усе табліцы пададзеныя ў выглядзе pdf файлаў); многія даныя ЦВК змяняе, не паказваючы на факт іх карэкціроўкі.

 


*Для мэтаў гэтай заявы ды іншых дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі – 2025 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі напоўніцу рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.