Заключэнне БХК* па справе аб альбоме «Прэс-фота Беларусі-2011»

У судзе Ашмянскага раёна прайшло слуханне справы аб «экстрэмізме», які КДБ падазраваў ў альбоме «Прэс-фота Беларусі-2011». Рашэнне суду - прызнаць матэрыялы экстрэмісцкімі і знішчыць усе экзэмпляры альбому.

Свае патрабаванні аб прызнанні альбома экстрэмісцкім ўпраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці засноўвала на даведцы экспертнай камісіі (поўны тэкст дакумента тут). На думку экспертаў, у выданні

"змяшчаюцца наўмысна скажоныя выдумкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах і прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь".

Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі БХК падрыхтаваў заключэнне незалежнай грамадскай экспертызы паводле працэдуры «amicus curiae» (з лац. – “сябар суду"). У міжнароднай юрыдычнай практыцы такая дзейнасць выкарыстоўваецца як інструмент удасканалення прававой сістэмы. Падобныя даследаванні праваабарончых арганізацый праводзяцца не ў інтарэсах працэсуальнага боку, а як магчымасць выказаць нейтральнае меркаванне аўтараў. Гэта заключэнне будзе прадстаўлена ў судзе.

Акрамя таго, Гары Паганяйла быў накіраваны Беларускім Хельсінскім Камітэтам для ўдзелу ў працэсе ў якасці прадстаўніка грамадскасці.

Тэкст экспертызы.

****

Хадайніцтва аб допуску Гары Паганяйла ў якасці прадстаўніка БХК адхілена судом, як і аналагічнае хадайніцтва ў дачыненні да Андрэя Бастунца як прадстаўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Працэс вёў суддзя Аляксандр Давыдаў. Гэты ж суддзя ў снежні 2011 года разглядаў пазоў бізнэсоўца Андрэя Дзятко аб абароне гонару і годнасці супраць антыядзернага актывіста, сябра БХК Мікалая Уласевіча. Прычынай для ўзбуджэння справы сталі звароты апошняга ў Генпракуратуру і Савет Бяспекі. Тады было вынесена рашэнне спагнаць з Уласевіча 1 мільён рублёў. Рашэнне суддзі Давыдава было адменена і справа спыненая Гродзенскім аблсудом па касацыйнай скарзе Гары Паганяйла, які ўдзельнічаў у працэсе як прадстаўнік БХК.

*Поўная статутная назва РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", тут і ў іншых тэкстах - таксама БХК і Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

Ілюстрацыя: brestcity.com