Алег Гулак прыняў удзел у канферэнцыі "Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка"

13 снежня 2016 года старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак прыняў удзел у канферэнцыі "Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка".
 
Як адзначае сайт Палаты прадстаўнікоў, "канферэнцыя была арганізавана Саветам Еўропы ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь з мэтай аб'яднаць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, акадэмічных колаў, грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі для абмеркавання шляхоў і магчымасцяў кансалідацыі грамадскай думкі і падтрымкі органаў дзяржаўнай улады ў пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі".
 
Датычна грамадскай думкі па пытанні смяротнага пакарання Беларускі Хельсінкскі Камітэт нагадвае пра дадзеныя, сабраныя падчас нацыянальнага апытання ў 2014 годзе.
 
Беларусь: Колькасць прыхільнікаў руху ў адмену смяротнага пакарання перавысіла колькасць праціўнікаў. Адмяніць смяротнае пакаранне, выконваць мараторый, ісці да адмены хочуць 43,3%; пакінуць прымяненне ў цяперашніх рамках або пашырыць - 41,9%. У мінулым годзе такіх было 44,9% і 46% адпаведна.
 
Узровень інфармаванасці нізкі і працягвае падаць. 37,3% не ведаюць, што ў краіне дзейнічае смяротнае пакаранне.
 
Колькасць праціўнікаў смяротнага пакарання павялічваецца нягледзячы тое, што памяншаецца колькасць тых, хто думае, што нашы суды часта памыляюцца. У гэтым годзе 39,5% беларусаў думаюць, што судовыя памылкі рэдкія - у мінулым годзе такіх было 30%. 66,5% вераць, што шараговы беларус можа спадзявацца на справядлівы суд (у мінулым годзе такіх было 61,8%).
 
Пры гэтым, стаўленне да суду і праваахоўных органаў, як кажуць, "ад жыцця". Так, 35,4% людзей думаюць, што суддзі бяруць хабар, 41,3% - што суддзі выносяць рашэнні пад ціскам уладаў.
 
Беларусы лічаць сябе шчаслівымі (такіх аж 85%!), але пры гэтым кожны пяты давярае толькі сабе.
 
Беларусы хочуць дыстанцыявацца або «адкупіцца» ад праблем. 66,5% беларусаў гатовыя дапамагчы якія жывуць у нястачы грашыма ці рэчамі, але пры гэтым 46,4% не гатовыя марнаваць свой час на дапамогу (у мінулым годзе такіх было 37,7%).
 
Таксама беларусы дыстанцуюцца ад адказнасці за смяротнае пакаранне. Толькі 9,3% грамадзян лічаць, што народ прымае рашэнне аб захаванні смяротнага пакарання. І толькі 5,6% апытаных думаюць, што народ нясе адказнасць за выкананне пакаранняў.
 
Ну, і нарэшце, ад дзяржавы беларусы чакаюць гуманнасці. 72,2% беларусаў не згодныя з выкарыстаннем войска для разгону мірнай, хай і не дазволенай акцыі. Колькасць тых, хто лічыць, што з вінаватым трэба абыходзіцца максімальна гуманна вырасла з 42,7% да 57,3%. І наадварот - паменшылася колькасць тых, хто згодны са сцвярджэннем «чым цяжэй злачынства - тым цяжэй пакаранне»: з 67,2% да 54,2%.

Прапануем вам азнаёміцца з усімі сацыялагічнымі дадзенымі тут

А тут вы знойдзеце фактычную інфармацыю пра смяротнае пакаранне ў Беларусі: колькасць прысудаў, за што прызначаюць пакаранне, якія існуюць альтэрнатывы.

 

 

Зло павінна быць пакараным.

Але караючы, мы не павінны станавіцца злачынцамі.

Адказнасць непазбежная, і пакаранне застаецца пакараннем, нават калі яно несмяротнае.

Мы адмаўляемся ад смяротнага пакарання на карысць пажыццёвага зняволення не таму, што абыякавыя да злачынства, а таму, што не павінны караць сябе.

Караць самым страшным, недапушчальным і незваротным злом – забойствам.

Таму што мы людзі.