Альтэрнатыўны даклад Камітэту па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын

3.02.2025
3 лютага пачнецца 90-я сесія Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. На гэтай сесіі 6 лютага будзе разгледжаны даклад беларускіх уладаў аб выкананні імі абавязацельстваў па Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Трансляцыя пасяджэння будзе даступна тут.
 
Кааліцыя беларускіх НДА і ініцыятываў, прааналізаваўшы выкананне Беларуссю палажэнняў гэтай Канвенцыі, накіравала ў Камітэт альтэрнатыўны даклад.
 

Даклад падрыхтаваны Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў, Human Constanta, праваабарончым цэнтрам “Вясна”, праваабарончай арганізацыяй “Respect-Protect-Fulfill”, Lawtrend, Прававой ініцыятывай, Фондам медыцынскай салідарнасці BYMEDSOL, Офісам па правах людзей з інваліднасцю, Рабочым рухам, — пры агульнай каардынацыі з боку Беларускага Хельсінкскага Камітэта.

У дакладзе мы звярнулі ўвагу на наступныя праблемы:
  • Адсутнасць усёабдымнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, а таксама прыняцце або ініцыяванне нарматыўных актаў дыскрымінацыйнага характару. Нагадаем, што з удзелам эксперт:ак беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, эксперт:ак Савета Еўропы пры агульнай каардынацыі БХК была распрацаваная Канцэпцыя сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі, у тым ліку Закон «Аб роўнасці і недыскрымінацыі».
  • Парушэнне права на доступ да правасуддзя ў сувязі з адсутнасцю незалежнай судовай сістэмы і сістэматычным пераследам адваката:к.
  • Пагаршэнне становішча жанчын праз прымусовую ліквідацыю некамерцыйных арганізацый, з якіх не менш за 31 займаліся абаронай правоў жанчын, прасоўваннем гендэрнай роўнасці і інш.
  • Пераслед праваабаронцаў, журналістак і актывістак.
  • Пакаранне за рэалізацыю права на свабоду слова і мірныя сходы, у тым ліку праз адвольнае прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства.
  • Прасоўванне ўладамі гендэрных стэрэатыпаў і ўзмацненне сацыяльнай стыгматызацыі жанчын.
  • Парушэнні правоў жанчын у сферы адукацыі, аховы здароўя і занятасці.
  • Жорсткае абыходжанне з затрыманымі жанчынамі і зняволенымі, уключаючы катаванні, дыскрымінацыйныя ўмовы ўтрымання і прымусовую працу.
  • Уразлівае становішча мігрантак і адсутнасць эфектыўных механізмаў іх абароны.
  • Ігнараванне праблем жанчын з інваліднасцю, адсутнасць комплекснага падыходу да іх правоў.

Таксама мы прапанавалі рэкамендацыі дзяржаве, сярод якіх: прыняць усёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, забяспечыць жанчынам доступ да правасуддзя, вызваліць усіх адвольна затрыманых і спыніць палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку супраць праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістак, гарантаваць свабоду асацыяцый, выказвання меркаванняў і мірных сходаў, адмяніць дыскрымінацыйныя нормы і практыкі ў сферы адукацыі і працы, палепшыць доступ да медыцынскіх паслуг, спыніць прымяненне катаванняў і іншых форм негуманнага абыходжання і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

 


БХК для НДА

Нагадаем, што БХК падрыхтаваў памятку для арганізацый грамадзянскай супольнасці па ўдзеле ў працэсе разгляду дакладаў дзяржаў у Камітэце па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ/CEDAW). У гэтым тэксце вы знойдзеце: што такое Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ/CEDAW), чым CEDAW можа быць карысны грамадзянскай супольнасці, інфармацыю аб падрыхтоўцы альтэрнатыўнага даклада для 90-й сесіі КЛДЖ.
 
Даведайцеся больш, як БХК дапамагае іншым НДА і ініцыятывам тут.
 
#спецыяльная рассылка для ініцыятыў і НДА (падпішыцеся тут)