Аўдыёзапіс ад BYPOL - мы звярнуліся ў Генпракуратуру і СК

20.01.2021

Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру з нагоды аўдыязапісу з удзелам, як мяркуецца, намесніка міністра ўнутраных спраў Карпянкова Мікалая Мікалаевіча, апублікаваным 15 студзеня  2021 г. на YouTube-канале BYPOL.

На гэтым запісе, апроч іншага, згадваецца, якім чынам быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі, ідзе гаворка пра стварэнне лагераў для пратэстоўцаў і даецца карт-бланш на прымяненне сілы да іх.

З улікам інфармацыі, якая прагучала на аўдыязапісе, праваабаронцы патрабуюць у Следчага камітэта і Генеральнай пракуратуры: 

1) распачаць па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага крымінальную справу і правесці ўсебаковае, поўнае, аб'ектыўнае і аператыўнае расследаванне дадзенага злачынства;

2) забяспечыць максімальнае інфармаванне грамадскасці пра любыя працэсуальныя рашэнні, прынятыя па гэтай крымінальнай справе;

3) даць прававую ацэнку выказванням асобы, ідэнтыфікаванай як намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў, якія, на наш погляд, варта кваліфікаваць як падрыхтоўку да здзяйснення злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва;

4) а таксама прыняць усе магчымыя меры ў межах кампетэнцыі па недапушчэнні рэалізацыі планаў, якія цягнуць за сабой грубыя парушэнні норм правоў чалавека і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь.