БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ І 50 БЕЛАРУСКІХ ЭКСПЕРТАЎ ПАДЛІЧЫЛІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНДЭКС ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА

17.12.2021

У 2020 годзе Нацыянальны індэкс правоў чалавека склаў 3,1* з 10. Пры гэтым якім бы страшным не здаваўся 2020-ы ў параўнанні з 2019-м, ацэнка ўпала ўсяго на 1,0 бала. Гэта азначае толькі адно: усе сістэмныя праблемы з правамі чалавека былі створаны раней, аднак грамадства не было гатовае звярнуць на іх увагу.

Індэкс апісвае наколькі дасягнуты стандарты выканання правоў чалавека, якія вызначаюць мінімальны ўзровень адносін дзяржавы да чалавека і павагі яго годнасці. Ён дапамагае хутка ацаніць праблемы не толькі цяперашняга перыяду, але і паказвае напрамак рэформ, у якіх мае патрэбу наша краіна.

Цяперашні крызіс правоў чалавека ў краіне пацвярджае неабходнасць правядзення любых рэформ у інтарэсах чалавека, яго правоў і годнасці.

Індэкс прадугледжвае ацэнку 18 правоў (11 грамадзянскіх і палітычных і 7 сацыяльна-эканамічных і культурных правоў), а таксама 4 агульных мер у галіне правоў чалавека.

Для кожнага кампанента права вызначаны шэраг крытэрыяў – ідэальных станаў (падзей і дзеянняў), дасягненне якіх азначала б поўную рэалізацыю права на ўзроўні заканадаўства і практыкі яго прымянення. Шэраг ідэальных станаў складзены ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі міжнародных канвенцый па правах чалавека, а таксама з агульнымі рэкамендацыямі (заўвагамі агульнага парадку) дамоўных органаў ААН па правах чалавека і іншымі міжнароднымі дакументамі "мяккага права".

Грамадзянскія і палітычныя правы ацэньваліся па 162 крытэрыях. Сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы – па 139. Блок агульных мер у галіне правоў чалавека змяшчае 21 крытэрый ідэальнай сітуацыі.

Калі коратка: крытэры апісваюць, як усё павінна працаваць з пункту гледжання міжнародных стандартаў правоў чалавека. Эксперты ацэньваюць бягучую сітуацыю і тое, наколькі яна суадносіцца з ідэальнай. Падрабязней пра метадалогію. Практычна да кожнай адзнакі прыкладзены экспертны каментар, які тлумачыць выстаўленую адзнаку.

Любы чалавек можа ўбачыць, як канкрэтна мянялася сітуацыя з выкананнем любога з правоў. Напрыклад, можна ўбачыць, як змянілася сітуацыя са свабодай выказвання меркавання: 3,3 - у 2019 і 1,6 - у 2020.

У складанні індэкса бралі ўдзел не менш за 50 экспертаў. Нажаль, па меркаваннях бяспекі зараз мы не можам раскрыць імёны экспертаў, якія працавалі над індэксам. Гэтая інфармацыя стане даступнай як толькі сітуацыя з правамі чалавека палепшыцца, і мы будзем упэўненыя, што гэтыя спецыялісты не будуць падвергнутыя рэпрэсіям. Усе гэтыя спецыялісты – прызнаныя эксперты, якія прадстаўляюць праваабарончыя арганізацыі, прафесійныя асацыяцыі, даследчыя і аналітычныя цэнтры, іншыя няўрадавыя арганізацыі. Каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў, эксперты з дзяржаўных органаў і бізнесу не ўключаны ў склад экспертаў.

 

 

 

 

*На дадзены момант не выстаўлены адзнакі праву на карыстанне вынікамі навуковага прагрэсу і праву на дастатковы ўзровень жыцця.

**Для дэталёвага вывучэння індэкса мы рэкамендуем выкарыстоўваць дэсктопную версію, мабільная версія змяшчае ўрэзаную візуалізацыю.