Беларускія праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да кіраўніка МУС Караева

13.08.2020

Заява беларускіх праваабарончых арганізацый

12 жніўня 2020 года ад людзей, якія вызваліліся з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкама (далей – ЦІП), нам стала вядома аб тым, што затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 9, 10 і 11 жніўня 2020 года знаходзяцца ў бесчалавечных умовах, многія падвяргаюцца катаванням. Людзей збіваюць, трымаюць у перапоўненых камерах: па 40-50 чалавек у камеры, разлічанай толькі на 4-6 чалавек, з-за чаго немагчыма спаць ноччу, людзям не хапае паветра і прасторы. Таксама паведамляецца, што людзей не кормяць, а пры спробе прысесці днём пачынаюць збіваць. Вельмі шмат людзей з ЦІП вязуць машыны хуткай дапамогі. У Гомелі памёр падчас затрымання  малады чалавек.

Маюцца шматлікія сведчанні жорсткасці, гвалту і беспадстаўнага прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў да людзей, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі аддзяленняў міліцыі ў чаканні афармлення неабходных працэсуальных дакументаў.

Мы адзначаем, што дадзеныя дзеянні з'яўляюцца жорсткім абыходжаннем і катаваннямі, якія недапушчальныя і павінны быць спыненыя.

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню.

У адпаведнасці з артыкулам 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткім, бесчалавечным або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню.

Хочам нагадаць, што права на свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца абсаюзным, і ў адрозненне ад іншых правоў чалавека, не падлягае ніякім абмежаванням, нават у ваенны час.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем, што катаванні і жорсткае абыходжанне недапушчальныя, і таму патрабуем:

  1. Неадкладна спыніць любыя акты катаванняў і жорсткага абыходжання пры ўтрыманні людзей у РУУС, ІЧУ, ЦІП, а таксама пры перавозцы іх да месцаў прымусовага ўтрымання.
  2. Вызваліць усіх затрыманых у сувязі з немагчымасцю забяспечыць затрыманым гуманныя ўмовы ўтрымання, якія адпавядаюць міжнародным дагаворам і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
  3. Расследаваць усе выпадкі прымянення жорсткага абыходжання і катаванняў у РУУС, ІЧУ, ЦІП і падчас перавозкі іх да месцаў прымусовага ўтрымання.

 РГА "Прававая ініцыятыва»

Грамадскае аб'яднанне "Звяно»

Экспертна-прававое Таварыства ""Ініцыятыва FORB"

Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права”

Праваабарончая арганізацыя " Human Constanta»

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр"

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

ГА " Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Грамадзянская ініцыятыва "За справядлівы суд у Беларусі"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Тэкст заявы публікуе сайт legin.by