Нагадаем, што валанцёры РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" назіралі за выбарамі, абаранялі адвакатаў і правы беларусаў на пенсіі ў сувязі з пасткай страхавога стажу, прасоўвалі адмену прымусовай працы (дэкрэты "пра дармаедаў" і па "дрэваапрацоўцы", размеркаванне), уносілі прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне заканадаўства (напрыклад, дзякуючы нам было замацавана права сведкі мець адваката), выкарыстоўвалі міжнародныя праваабарончыя механізмы для абароны правоў чалавека, прасоўвалі Мэты ўстойлівага развіцця і багата іншага.
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" атрымала другое папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Паводле закону, пасля двух папярэджанняў на працягу года грамадскую арганізацыю могуць ліквідаваць.
Сітуацыя развіваецца наступным чынам:
6 ліпеня праваабаронцы атрымалі ад Міністэрства юстыцыі запыт на прадастаўленне інфармацыі ў сувязі з "правядзеннем кантрольных мерапрыемстваў на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута арганізацыі".
Міністэрства хацела да 16 ліпеня атрымаць дакументы па 30 пазіцыях. Сярод іншага, пералік уключае перапіску арганізацыі, гадавыя планы дзейнасці; пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў; дакументы, якія тычацца правядзення і ўдзелу ў мерапрыемствах у Беларусі і за яе межамі; планы работы, спісы членаў і г.д.
14 ліпеня ў офісе Беларускага Хельсінкскага Камітэта прайшоў ператрус. Падчас ператруса ў памяшканні нікога не было, таму што быў непрыёмны дзень. Пра гэтыя падзеі мы даведаліся не з афіцыйных крыніц, а, сярод іншага, з публікацыі аднаго телеграм-канала. Мы не прыводзім назву крыніцы, таму што лічым канал таксічным. Дзверы былі ўзламаныя, а офіс апячатаны.
Нягледзячы на падзеі 14 ліпеня, 16 ліпеня — ва ўстаноўлены тэрмін — мы накіравалі ў Міністэрства юстыцыі тыя з запытаных звесткак, якія былі дасяжнымі. Акрамя таго, мы паведамілі міністэрству, што 14 ліпеня наш офіс быў апячатаны. Усе астатнія запытаныя міністэрствам дакументы знаходзяцца ў апячатаным офісе, таму немагчыма было прадставіць іх своечасова — да 16 ліпеня.
Наогул аб'ём запытаных звестак з'яўляўся на наш погляд залішнім. Аднак мы былі гатовыя падаць усе пералічаныя дакументы. Таму мы праінфармавалі міністэрства аб тым, што адсутныя дакументы будуць накіраваныя ім, як толькі прадстаўнікі арганізацыі змогуць трапіць у апячатаны офіс.
Таксама мы папрасілі Міністэрства юстыцыі прыняць усе магчымыя меры ў межах яго кампетэнцыі для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў Беларускага Хельсінкскага Камітэта, паколькі блакіроўка офіса ўскладняе працу арганізацыі па абароне правоў людзей.
У той жа час 19 ліпеня мы звярнуліся ў МУС, Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру, каб мець магчымасць патрапіць у апячатанае памяшканне. Аднак праблема дасюль не вырашаная і мы не можам трапіць у офіс.
Нягледзячы на сітуацыю, апісаную вышэй, Міністэрства юстыцыі вынесла нам папярэджанне за непрадстаўленне дакументаў. У загадзе міністэрства таксама змяшчалася патрабаванне ліквідаваць дапушчанае парушэнне да 27 ліпеня. Аднак сам загад мы атрымалі толькі ўвечары 27 ліпеня — пра гэта сведчыць штамп паштовага аддзялення. Варта адзначыць, што ў дадзеным выпадку праблема палягала ў аператыўнасці пошты — ліст Мінюста быў адпраўлены 21 ліпеня.
Такім чынам, у нас аб’ектыўна не было магчымасцяў выканаць патрабаванне міністэрства.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт паўторна звярнуўся ў Міністэрства юстыцыі з просьбай прыняць усе магчымыя меры ў межах кампетэнцыі міністэрства для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў арганізацыі, а таксама адмяніць папярэджанне з улікам таго, што непрадстаўленне дакументаў абумоўлена аб'ектыўнымі абставінамі, якія не залежаць ад арганізацыі.
У цэлым наша пазіцыя сёння палягае ў тым, каб выкарыстаць усе наяўныя прававыя сродкі для захавання легальнага статусу арганізацыі. Мы спадзяемся, што міністэрства прыслухаецца да нашых аргументаў. У адваротным выпадку мы будзем абскарджваць папярэджанне ў Вярхоўным Судзе.