
16–18 верасня экспертка БХК Кацярына Дзяйкала ўзяла ўдзел у сустрэчах і інтэрактыўным дыялогу з Групай незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў рамках 63-й сесіі Савета па правах чалавека (праходзіць у Жэневе з 7 верасня па 7 кастрычніка).
Група правяла асобныя сустрэчы з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі і міжнароднымі НДА, якія працуюць па Беларусі. Эксперты Групы выступілі на пасяджэнні Савета па правах чалавека з абноўленай інфармацыяй па сітуацыі ў Беларусі, а таксама прадставілі свой новы даклад «Удзел дзяржаўных органаў Беларусі ў парушэннях правоў чалавека ў рамках крымінальнага судаводства».
У адказ на даклад Групы выказаліся 19 дзяржаў, у тым ліку ЕС і Савет Еўропы. Цэнтральнай тэмай іх выступленняў сталі транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларусаў у выгнанні і сістэмны характар рэпрэсій.
У рамках інтэрактыўнага дыялогу Групы, дзяржаў і грамадзянскай супольнасці БХК таксама выступіў з вуснай заявай. Мы адзначылі, што, нягледзячы на вызваленні і паасобныя выпадкі — такія як дазвол Андрэю Пачобуту без перашкод наведаць Беларусь, — якасных змен у сітуацыі з правамі чалавека не назіраецца. Мы асабліва адзначылі выпадак адваката Дзмітрыя Лаеўскага, прыгаворанага да 3 гадоў пазбаўлення волі на наступны дзень пасля прыезду Андрэя Пачобута і напярэдадні прыезду амерыканскай дэлегацыі і чарговых вызваленняў.
Мы таксама падкрэслілі, што недастаткова ўвагі надаецца ўплыву палітычных рэпрэсій на эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы. Абмежаванні доступу да адукацыі, магчымасці займацца прафесіяй і кар'ернага росту, удзелу ў культурным жыцці сталі важнай часткай рэпрэсіўнай сістэмы. Многія беларусы сутыкаюцца з рэпрэсіямі не праз крымінальнае ці адміністрацыйнае пераследаванне, а менавіта праз гэтыя менш прыкметныя абмежаванні, якія закранаюць паўсядзённае жыццё.
І ў сваім выступе, і на сустрэчах з Групай мы падкрэслівалі, што маніторынг сітуацыі з правамі чалавека становіцца ўсё больш складаным. Дзяржава мэтанакіравана і вельмі істотна абмяжоўвае доступ да інфармацыі. Латэнтны характар рэпрэсій узмацняецца і разам з утойваннем інфармацыі можа ствараць неадэкватную карціну «адлігі».
Разам з тым нагадваем, што кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый яшчэ ў сярэдзіне 2025 г. распрацавала і прадставіла міжнародным партнёрам крытэрыі маніторынгу сітуацыі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, на якія мы арыентуемся, ацэньваючы якасныя змены.
Група незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі таксама падкрэсліла, што любыя перамовы з беларускімі ўладамі павінны грунтавацца на падыходзе, які абапіраецца на абавязкі Беларусі ў галіне правоў чалавека, — у тым ліку каб вызваленні былі сапраўднымі вызваленнямі, а не працягам пакарання.
